Дата рождения:
15.04.1935 Бараўцы, в., Вілейскі раён, Мінская вобласць
Дата смерти:
14.09.2021
Краткая справка:
вучоны-геолаг, выдатнік разведкі нетраў, ганаровы разведчык нетраў СССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1986), узнагароджаны медалямі, ганаровымі знакамі "Выдатнік разведкі нетраў"
Имена на других языках:
Илькевич Георгий Иванович (русский);
3970 символов
Справка
Георгій Іванавіч Ількевіч распрацаваў асновы айчыннай геалогіі антрапагену і геамарфалогіі. Яго геалагічныя і геолага-разведачныя работы спрыялі адкрыццю каштоўных прыродных рэсурсаў на тэрыторыі Беларусі.
Нарадзіўся ён у в. Бараўцы Вілейскага раёна Мінскай вобласці. У 1958 г. скончыў геолага-геаграфічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У.І. Леніна. Працаваў у арганізацыях РУП «Геалогія», дзе прайшоў шлях ад старшага калектара да начальніка геолага-здымачнай экспедыцыі. З 1976 г. быў галоўным геолагам Беларускай геолага-гідрагеалагічнай экспедыцыі. У 1987 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Строение и формирование антропогеновых отложений Полесской седловины». З 2000 г. працаваў у Інстытуце геалагічных навук Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. У 1997‒2002 гг. адначасова быў дацэнтам кафедры дынамічнай геалогіі БДУ, чытаў курсы па гісторыі і метадалогіі геалагічных навук, арганізацыі і эканоміцы геалогіі, мінерагеніі, рэгіянальных геалагічных даследаваннях і інш. У 2001‒2004 гг. з’яўляўся намеснікам генеральнага дырэктара навукова-вытворчага аб’яднання «БелГЕА». У 2004‒2011 гг. працаваў навуковым супрацоўнікам, вядучым навуковым супрацоўнікам, вядучым геолагам гэтай жа ўстановы. Ён шмат зрабіў для арганізацыі даследаванняў і распрацоўкі новых методык у галіне геалогіі. Дзякуючы Г.І. Ількевічу былі праведзены рэгіянальныя геалагічныя работы ў розных рэгіёнах краіны, што дазволіла адкрыць месцазнаходжанне жалезных руд, рэдкіх металаў, бурага вугалю, будаўнічай мінеральнай сыравіны. Вучоны ўнёс значны ўклад у вырашэнне праблем забеспячэння прэснай падземнай вадой гарадоў і прадпрыемстваў.
Георгій Іванавіч ‒ аўтар больш за 200 навуковых прац па методыцы і праграмах рэгіянальных даследаванняў Беларусі, геа- і радыеэкалогіі, складанні зводных геалагічных карт, вывучэнні стратыграфіі антрапагенавых адкладаў, геалагічнай будове і карысных выкапнях. Сярод іх ‒ «Геология антропогена Белоруссии» (1973), «Железорудные формации докембрия Белоруссии» (1974), «Рельеф Белорусского Полесья» (1982), «Логойская астроблема» (1991), «Геология Беларуси» (2001), «Полезные ископаемые Беларуси: к 75-летию Белорусского научно-исследовательского геолого-разведочного института» (2002), «Основы геологии Беларуси» (2004) (усе ў суаўтарстве). Ён адзін з аўтараў дзвюх карт Усходне-Еўрапейскай платформы, атласа краін і мораў Паўночнай Еўропы («Land and Sea Atlas of Northern Europe»). Вучоны адкрыў новы для Беларусі тып структур ‒ Лагойскі старажытны метэарытны кратэр. У 1982‒1992 гг. працаваў у складзе рабочых груп і камісій пры Міністэрстве геалогіі СССР, займаўся распрацоўкай усесаюзных праграм па вывучэнні нетраў краіны, інструкцый па падрыхтоўцы да выдання Дзяржаўнай карты СССР. Георгій Іванавіч прымаў удзел у складанні дзяржаўных праграм геолага-разведачных работ па развіцці мінеральна-сыравіннай базы Беларусі (Праграма развіцця рэгіянальных геолага-здымачных і геафізічных работ тэрыторыі Беларусі да 2005 г., Дзяржаўная праграма геолага-разведачных работ па развіцці мінеральна-сыравіннай базы Рэспублікі Беларусь на 2006‒2010 гг. і да 2020 г.). Ён адзін з аўтараў стратыграфічных схем фундамента і платформавага чахла. Пад рэдакцыяй Г.І. Ількевіча выдадзены геалагічныя карты чацвярцічных і дачацвярцічных адкладаў, геамарфалагічныя, металагенічныя карты, якія апублікаваны ў «Нацыянальным атласе Беларусі» (2002). Дзякуючы яму ў 2008 г. выйшла ў свет «Инженерно-геологическая карта Минска и его окрестностей». Геолаг займаўся грамадскай дзейнасцю, з’яўляўся членам Міжнароднай камісіі па геалагічнай карце свету (падкамісія па Паўночнай Еўразіі) (1995‒2011), шэрага праграмных саветаў пры АН БССР і НАН Беларусі і інш.
У 1982 г. Г.І. Ількевічу прысвоена званне «Ганаровы разведчык нетраў СССР», у 1986 г. ён удастоены Дзяржаўнай прэміі БССР. Вучоны ўзнагароджаны медалямі «За поспехі ў разведцы нетраў» (1984), «Ветэран працы» (1985), значком «Выдатнік разведкі нетраў» (1977, 1985).