Дата рождения: 19.01.1900 Расія
Дата смерти: 20.07.1973 Расія
Краткая справка: рускі паэт, перакладчык, заслужаны дзеяч культуры Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1943, 1949), Герой Сацыялістычнай Працы (1970), узнагароджаны чатырма ордэнамі Леніна, двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнам "Знак Пашаны"
Варианты имени: Ісакоўскі Міхаіл Васілевіч
Имена на других языках: Исаковский Михаил Васильевич (русский);
Міхаіл Васільевіч Ісакоўскі нарадзіўся ў в. Глотаўка Ельнінскага павета Смаленскай губерні (цяпер Угранскі раён Смаленскай вобласці) у беднай сялянскай сям’і. Чытаць і пісаць ён вучыўся па газетах і часопісах, якія прыносіў бацька, што быў вясковым паштаром. Восенню 1911–1913 гг. вучыўся ў Глотаўскай земскай школе. Дзякуючы народным песням, знаёмству з творчасцю М.А. Някрасава, А.С. Пушкіна, М.Ю. Лермантава, Т.Г. Шаўчэнкі, А.В. Кальцова, І.С. Ніцініна яшчэ вучнем пачаў складаць вершы. На выпускным экзамене М. Ісакоўскі прачытаў некалькі ўласных вершаў. У 1914 г. адзін з яго ранніх вершаў “Просьба солдата” быў апублікаваны ў газеце “Новь”. У 1915–1917 гг. М. Ісакоўскі наведваў Смаленскую прыватную гімназію Ф.В. Вароніна. Дзякуючы намаганням арганізатара народнай асветы, этнографа і краязнаўца М.І. Пагодзіна юнак змог вучыцца ў гімназіі бясплатна. З лістапада 1917 г. да пачатку 1919 г. М. Ісакоўскі быў настаўнікам Глотаўскай школы, супрацоўнікам валаснога камітэта, членам Ельнінскай надзвычайнай камісіі, дэлегатам Першага Усебеларусказа з’езда Саветаў. Зімой 1919 г. М. Ісакоўскі быў прызначаны рэдактарам і адзіным супрацоўнікам павятовай газеты “Известия” (“Путь бедняка”) у Ельні. Для газеты ён пісаў артыкулы, вершы, заметкі, рэдагаваў і рыхтаваў да друку карэспандэнцыю. Праз два гады стаў рэдактарам губернскай газеты “Рабочий путь” у Смаленску. У гэтым выданні ён працаваў да 1931 г. Работа журналіста стала для М. Ісакоўскага сапраўднай школай жыцця.
Увесь вольны ад работы час малады паэт аддаваў творчасці. У 1921 г. у Смаленску былі выдадзены першыя паэтычныя зборнікі “По ступеням времени” і “Взлеты”. Яны сталі пралогам да кнігі “Провода в соломе” (1927), якую сам паэт лічыў сваёй першай кнігай. Яе высока ацаніў у сваёй рэцэнзіі М. Горкі. Падтрымка выдатнага пісьменніка дала М. Ісакоўскаму веру ў свае сілы.
У 1931 г. паэт пераехаў у Маскву, дзе стаў галоўным рэдактарам папулярнага часопіса “Колхозник”. Аднак абвастрэнне хваробы вачэй прымусіла пакінуць гэту работу. Міхаіл Ісакоўскі прысвяціў сябе творчасці: пісаў вершы, займаўся перакладамі, апрацоўкай народных песень. У 1930-я гг. былі надрукаваны кнігі вершаў “Мастера земли” і “Избранные стихи” (абодва 1931), “Война с тараканами” (1932), “Избранные стихи” (1933), “Стихи” (1935), “Четыре желания” (1936) и др.
Напеўнасць яго твораў заўважыў кіраўнік хору імя Пятніцкага У. Захараў, які ўключыў песні “Вдоль деревни”, “Провожанье” і рэпертуар калектыву. За вершы папулярных песень “Шел со службы пограничник”, “Провожанье”, “И кто его знает”, “Катюша” паэт атрымаў Дзяржаўную прэмію СССР.
У час Вялікай Айчыннай вайны М. Ісакоўскі знаходзіўся ў эвакуацыі ў Татарскай АССР. Удзельнічаць у ваенных дзеяннях па стане здароўя ён не мог і песнямі падтрымліваў усіх, хто быў на фронце. Найбольш вядомыя з іх – “В лесу прифронтовом”, “До свиданья города и хаты”, “Враги сожгли родную хату” і інш.
У пасляваенны час паэт працягваў плённа працаваць. Выйшла некалькі зборнікаў з яго творамі. Сярод іх – “Здравствуй, Смоленск!” (1944), “Песня о Родине” (1945), “Стихи, песни, поэмы” (1947). У 1949 г. ён быў у другі раз узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй за кнігу “Стихи и песни” (1948). У 1950 г. на экраны краіны выйшаў мастацкі фільм “Кубанские казаки”, дзе выконваліся песні “Ой, цветет калина…”, “Каким ты был, таким остался”, “Песня о счастье” на вершы М. Ісакоўскага, якія сталі па-сапраўднаму народнымі. Амаль усе лірычныя творы паэта прасякнуты мудрай і трапяткой любоўю да роднага краю і яго людзей.
Міхаіл Васільевіч Ісакоўскі актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці краіны. У 1952 г. выйшла яго кніга “О поэтическом мастерстве”, потым – “О поэтах, о стихах, о песнях” (1968). У апошнія гады жыцця М. Ісакоўскі працаваў над аўтабіяграфічнымі нарысамі “На Ельнинской земле” (1971). За плённую літаратурную працу М. Ісакоўскі з’яўляецца Героем Сацыялістычнай Працы, ўзнагароджаны чатырма ордэнамі Леніна, двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнам “Знак Пашаны”.
У гісторыі літаратурных стасункаў Беларусі і Расіі М. Ісакоўскаму належыць адметнае месца. Перакладамі твораў беларускай паэзіі ён займаўся з пачатку 1930-х гг. У 1934 г. у Смаленску была надрукавана невялікая кніжка “Поэзия Советской Белоруссии”, куды ўвайшлі творы Я. Купалы, Я. Коласа, А. Александровіча, П. Броўкі, А. Куляшова, С. Дарожнага. Перакладчыкамі з’яўляліся М. Ісакоўскі, Д. Осін, М. Рыленкаў. Міхаілам Ісакоўскім на рускую мову былі перакладзены вершы Я. Купалы, А. Александровіча.
На рускую мову М. Ісакоўскі пераклаў зборнікі “Выбраныя вершы” (1937) і “Хлопчык і лётчык” (1951) Я. Купалы, “Тры паэмы” (1946), “Вершы” (1947), “Выбранае” (1948), “Граніца: Беларуская хроніка” (1955) А. Куляшова, вершы “Новы Мінск” (1934), “Беларуская казка” (1934), паэму “Шчаслівая дарога” (1935) А. Александровіча, паэму “Лясы наддзвінскія” П. Броўкі (1953) і інш. У 1935 г. М. Ісакоўскі рэдагаваў “Выбраныя вершы” Я. Коласа ў перакладзе на рускую мову. Паміж імі ўзнікла перапіска. На жаль, усе лісты загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны. Да 80-годдзя з дня нараджэння Я. Коласа М. Ісакоўскі надрукаваў артыкул “Сила его слова” у “Литературной газете”. Асаблівае сяброўства звязвала паэта з П. Броўкам. Захавалася шэсць яго лістоў да беларускага майстра слова, якія даволі выразна падкрэсліваюць характар іх зносін. Шэраг вершаў М. Ісакоўскі прысвяціў нашай краіне. У 1968 г. паэт атрымаў ганаровае званне заслужанага дзеяча культуры Беларусі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2024 г.