Ісачанка Уладзімір Рыгоравіч нарадзіўся ў Гомелі. У гады Вялікай Айчыннай вайны ў шаснаццацігадовым узросце пайшоў добраахвотнікам на фронт. Служыў воінам-сапёрам у складзе 4-й, 6-й і 10-й інжынерна-сапёрных брыгад Савецкай Арміі (1943–1950). Працаваў інспектарам кватэрна-эксплуатацыйнага ўпраўлення Чырвоназнамённай Беларускай ваеннай акругі (1950–1951). У 1951 г. быў запрошаны на праектную работу ў Ваенпраект БВА (1951–1967; старшы архітэктар, галоўны архітэктар). У гэты ж перыяд ён закончыў Беларускі політэхнічны інстытут (1958). У 1967 г. стаў членам Беларускага саюза архітэктараў.
Плённым перыядам у жыцці і дзейнасці У. Р. Ісачанкі была праца галоўным архітэктарам Гродзенскай вобласці (1967–1974). Яго творчыя якасці праявіліся ў самых розных напрамках дзейнасці. Змяніліся адносіны да гісторыка-культурнай спадчыны: па яго ініцыятыве распрацаваны генпланы і дэтальныя планы цэнтраў Гродна і іншых гарадоў вобласці, што дазволіла захаваць каштоўную спадчыну Гродзеншчыны.
З 1974 г. і да апошніх месяцаў жыцця У. Р. Ісачанка працаваў галоўным спецыялістам у БелНДІПгорадабудаўніцтва. Акрамя праектных работ, якія выконваліся ў суаўтарстве, ён займаўся навуковай дзейнасцю, звязанай з распрацоўкай будаўнічых норм і правілаў, палажэнняў і рэкамендацый, экспертызай заканадаўчых і нарматыўных дакументаў, у т. л. праекта Закона “Аб архітэктуры і горадабудаўніцтве ў Рэспубліцы Беларусь” (1990–1992) і інш.
Асноўныя работы: адміністратыўны будынак на цэнтральнай плошчы Барысава (1954–1957), дамы культуры і клубы ў Лідзе (1956), Баранавічах (1960), Мінску (1968), Мазыры (1969), Гродне (1974), лёгкаатлетычны манеж у Мінску (1976, у суаўтарстве), прафілакторый-санаторый у Наваполацку (1982), турыстычная база БВА (Мінск-Ждановічы, 1967–1970). У 1991–2003 гг. былі распрацаваны генеральныя і дэтальныя планы наступных гарадоў: Ліды, Ашмян, Жалудка, Росі, Ваўкавыска, Казлоўшчыны, Свіслачы, Астраўца, Поразава, Бярозаўкі, Радуні, Воранава, Краснасельска, Шчучына, Краснаполля, Слоніма, Турава, Чэрыкава, Слаўгарада, Гродна. Удзельнічаў у распрацоўцы Прагнозаў тэрытарыяльнага развіцця дзевяці гарадоў (1992), Схемы тэрытарыяльнай арганізацыі Свіцязанскага заказніка (2002), Аўгустоўскага канала (тэрытарыяльная арганізацыя і інвестыцыйныя праекты, 2004; праект ахоўных зон, 2005), Гродзенскага раёна (2006), Гродзенскай вобласці (2008), прыгранічнай зоны “Тры Пушчы” (2006).
Уладзімір Рыгоравіч Ісачанка ўзнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга (1971), Айчыннай вайны 2-й ступені (1985), медалямі, граматамі Вярхоўнага Савета БССР. У 1998 г. яму прысвоена ганаровае званне “Заслужаны архітэктар Рэспублікі Беларусь”.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г.