Дата рождения:
11.09.1910 Гарошкава, былая в., Дубровенскі раён, Віцебская вобласць
Дата смерти:
1958
Краткая справка:
удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, Герой Савецкага Саюза (1944), знагароджаны ордэнамі Леніна (1944), Айчыннай вайны ІІ-й ступені (1944), медалём «За адвагу» (1943)
Имена на других языках:
Кондратьев Иван Дмитриевич (русский);
2325 символов
Справка
Іван Дзмітрыевіч Кандрацьеў нарадзіўся ў вёсцы Гарошкава Дубровенскага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям’і. Атрымаў пачатковую адукацыю, працаваў у сельскай гаспадарцы.
У чэрвені 1941 г. стаў чырвонаармейцам. З ліпеня 1942 г. ваяваў на Варонежскім, 1-м і 2-м Украінскім франтах. У канцы верасня 1943 г. падраздзяленне, у якім служыў Іван Кандрацьеў, фарсіравала Дняпро і на працягу месяца прымала ўдзел у баях за пашырэнне плацдарма на правым беразе Дняпра.
20 кастрычніка 1943 г. у баі за вёску Гута Межыгорская праціўнік пайшоў у контратаку. У цяжкую хвіліну бою, калі кулямётны разлік выбыў са строю, старшына Кандрацьеў заняў месца кулямётчыка і адкрыў агонь па фашыстах. У гэтым баі адважны кулямётчык адбіў тры контратакі праціўніка, знішчыў 35 гітлераўскіх салдат і афіцэраў і быў узнагароджаны медалём «За адвагу».
У канцы 1943 г. Іван Кандрацьеў прымаў удзел у баях за вызваленне Кіева, абарончых баях каля горада Фастаў Кіеўскай вобласці, вызваляў Белую Царкву. У сакавіку 1944 г. асабліва вызначыўся пры фарсіраванні рэк Паўднёвы Буг і Прут. 15 сакавіка 1944 г. старшына Кандрацьеў агнём свайго кулямёта заглушыў агонь трох кулямётных пунктаў праціўніка, чым забяспечыў хуткае фарсіраванне ракі Паўднёвы Буг і вызваленне вёскі Саракадубы Вінніцкай вобласці. 26 сакавіка 1944 г. у баі за фарсіраванне ракі Прут Іван Кандрацьеў меткай стральбой знішчыў два агнявыя пункты праціўніка, чым спрыяў паспяховаму фарсіраванню ракі і вызваленню шэрага населеных пунктаў на яе правым беразе.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 13 верасня 1944 г. за ўзорнае выкананне баявых заданняў камандавання на фронце барацьбы з нямецкімі захопнікамі і праяўленыя пры гэтым адвагу і геройства Івану Дзмітрыевічу Кандрацьеву было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Залатая Зорка».
У 1944–1945 гг. Іван Кандрацьеў удзельнічаў у баявых дзеяннях на тэрыторыі Румыніі і Чэхаславакіі. У 1945 г. дэмабілізаваўся і вярнуўся на радзіму. Працаваў у калгасе «Перамога» Дубровенскага раёна, быў старшынёй сельсавета. Узнагароджаны ордэнамі Леніна (1944), Айчыннай вайны ІІ-й ступені (1944), медалём «За адвагу» (1943).
Імем Івана Кандрацьева названы школа ў вёсцы Засценкі Дубровенскага раёна, парк і вуліца ў горадзе Дуброўна.
Пераклад 2020 г. матэрыялаў інтэрнэт-праекта «Герои страны».