Амаль паўвека свайго жыцця прысвяціла працы ў Гомельскім абласным драматычным тэатры Ніна Аляксееўна Карнеева.
Нарадзілася яна ў г. Рцішчава Саратаўскай вобласці (Расія). Тут прайшлі яе дзіцячыя і юнацкія гады, упершыню з’явілася цікавасць да сцэны. Дзяўчынкай часта назірала за ігрой бацькі – акцёра і рэжысёра гарадскога аматарскага тэатра і таксама марыла выступаць. Аднак яе захапленне не было падтрымана сям’ёй, і дзяўчына паступіла вучыцца на агранома ў Пладова-агароднінны інстытут імя І.У. Мічурына (г. Мічурынск Тамбоўскай вобласці, Расія). Адразу далучылася да інстытуцкай самадзейнасці: спявала ў хоры, танцавала, арганізоўвала і праводзіла канцэрты. У час Вялікай Айчыннай вайны апынулася з інстытутам у эвакуацыі ў г. Барнаул (Алтайскі край, Расія), дзе пачала наведваць заняткі ў тэатральнай студыі Маскоўскага камернага тэатра Таірава (1943). Спасцігала сакрэты акцёрскага майстэрства, удзельнічала ў масоўцы, уваходзіла ў дапаможны склад акцёраў. Выканала некалькі невялікіх роляў у спектаклях «Дама-невідзімка» (Кальдэрона), «Дзеці Ванюшына» (С. Найдзёнава), «Пагібель “Надзеі”» (Г. Гейерманса) і інш. Пасля заканчэння навучання ў тэатральнай студыі (1946) Н.А. Карнеева некалькі гадоў выступала ў Тульскім тэатры юнага гледача, Маскоўскім абласным драматычным тэатры, Алма-Ацінскім рускім тэатры для дзяцей і юнацтва. Сярод яе роляў гэтага перыяду: Папугай («Бал-Саят і чароўнае цяля» Л. Чаркашынай), Сяргей («Асобае заданне» С. Міхалкова), Паліна («Даходнае месца» А. Астроўскага), Напалеон («Мачаха» А. дэ Бальзака), Герда («Снежная каралева» Я. Шварца), Люся («Гады вандраванняў» А. Арбузава) і інш. Удзельнічала таксама ў канцэртах, чытала гумарыстычныя апавяданні, спявала.
У 1957 г. актрыса прыняла запрашэнне на працу ў Гомельскі абласны драматычны тэатр. З невялікім перапынкам працавала ў ім амаль да канца жыцця. За гэты перыяд у яе рэпертуары было шмат характарных, камедыйных і драматычных роляў: Мігачова, Маўра Тарасаўна («Не было ні гроша, ды раптам шастак», «Праўда добра, а шчасце лепш» А. Астроўскага), Акуліна Іванаўна («Мяшчане» М. Горкага), старая Жыгоцкая («Вайна пад стрэхамі» паводле А. Адамовіча), Нуйкіна («Мы, што ніжэй падпісаліся» А. Гельмана), Мар’я («Любоў Яравая» К. Транёва), Жанна («Чаму ўсміхаліся зоркі» К. Карнейчука), Заначалава («Кафедра» В. Урублеўскай), Тутышкіна («Святы і грэшны» М. Варфаламеева), Настасся («Смешны дзень» В. Пакроўскага), Ульяна Паўлаўна («Галоўны экзамен» І. Шамякіна), Сямёнаўна («Укралі кодэкс» А. Петрашкевіча), Княгіня Вольга («Гора і слава» («Русь Кіеўская») А. Петрашкевіча), Праскоўя Дзмітрыеўна («Старая дзеўка» І. Штока), Люся Купер («Саступі месца заўтрашняму дню» В. Дэльмар) і інш. За сваю акцёрскую кар’еру Н.А. Карнеева выканала больш за 300 роляў. Творчасць актрысы вызначалася глыбокім раскрыццём унутранага свету гераінь, імкненнем да яркай сцэнічнай формы. Выступала таксама як чытальніца. Сярод падрыхтаваных ёю праграм і монаспектакляў – «Гісторыі любві», «Акцёры ў Вялікай Айчыннай вайне», «На спатканне з Чэхавым», «Ёгурт выратуе свет» і інш. Удзельнічала ў тэлевізійных спектаклях, літаратурных перадачах, творчых сустрэчах, канцэртах. Пасля стварэння ў 1990 г. студыі пры тэатры выкладала ў ёй гісторыю тэатра. У 1997 г. актрыса знялася ў галоўнай ролі ў фільме «Малітва апошняй княгіні» (Мінскае тэлебачанне), прысвечаным жыццю графіні Эрыванскай і княгіні Варшаўскай Ірыне Паскевіч. Яна таксама аўтар кнігі ўспамінаў «Театр в моей жизни» (1999). Доўгі час Ніна Аляксееўна ўзначальвала Гомельскае абласное аддзяленне Саюза тэатральных дзеячаў БССР, была членам мастацкага савета Гомельскага абласнога драматычнага тэатра, загадчыцай яго літаратурнай часткі. У 1990 г. Н.А. Карнеева атрымала ганаровае званне «Народная артыстка БССР». Аб творчым лёсе актрысы на Беларускім тэлебачанні знята тэлепраграма «Служу театру» (1996).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г.