Краткая справка:
кампазітар, педагог, лаўрэат прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (2003)
Имена на других языках:
Karetnikov Valery Ivanovich (не определен); Каретников Валерий Иванович (русский);
3845 символов
Справка
Cучасны беларускі кампазітар і педагог, Валерый Іванавіч Карэтнікаў, паспяхова працуе ў розных жанрах. Яго творы, адметныя яркай выразнасцю і тонкім псіхалагічным настроем, перадаюць разнастайны свет чалавечых пачуццяў. Музыцы В. Карэтнікава характэрны гарманійная маляўнічасць, рэльефнасць тэматызму, кампактнасць і лаканізм формы.
Нарадзіўся Валерый Іванавіч 27 студзеня 1940 г. у в. Місяш Чэбаркульскага раёна Чэлябінскай вобласці (Расія) у сям'і ваеннаслужачага. У 1946 г. бацькі пераехалі ў Беларусь. Жылі ў Бабруйску, з 1949 г. – у Мінску. Прафесійна займацца музыкай В. Карэтнікаў пачаў толькі ў 18-гадовым узросце, калі ў 1958 г. пачаў вучыцца ў Мінскім музычным вучылішчы імя М. Глінкі, дзе яго настаўнікамі былі вядомыя беларускія кампазітары Я. Глебаў і М. Аладаў. З 1965 г. ён студэнт Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі (па класе кампазіцыі дацэнта П. Падкавырава). Пасля заканчэння вучобы ў 1970 г. працаваў выкладчыкам Магілёўскага, а з 1976 г. – Маладзечанскага музычных вучылішчаў. Педагагічную дзейнасць В. Карэтнікаў працягвае і сёння: больш за 20 гадоў (з 1989 г.) ён працуе ў Рэспубліканскай гімназіі-каледжы пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, дзе выкладае кампазіцыю. Шматлікія вучні В. Карэтнікава неаднаразова станавіліся ўладальнікамі дыпломаў пераможцаў, лаўрэатамі розных рэспубліканскіх і міжнародных музычных конкурсаў.
В.І. Карэтнікаў – кампазітар з надзвычай тонкім успрыманнем свету. Ён адносіцца да мастакоў, якія асаблівую ўвагу надаюць дэталям і нюансам, што больш характэрна для камерных жанраў. Менавіта таму аснову яго творчасці складае камерна-інструментальная музыка і музыка для дзяцей. Сярод твораў вылучаюцца: вакальна-інструментальная лірычная паэма ''Флейтыст'' (1996) на вершы Э. Агняцвет (для сапрана і інструментальнага квінтэта); Сімфонія № 1 (1970, 2-я рэд. 1992); канцэрты для фартэпіяна з аркестрам (1978, 1993); п’есы для фартэпіяна; чатыры трыо для скрыпкі, віяланчэлі і фартэпіяна; санаты, у тым ліку для альта, для альта і фартэпіяна, для дзвюх скрыпак і фартэпіяна (1977, 2-я рэд. 1991) і інш. Валерый Карэтнікаў – аўтар рамансаў і песень на словы беларускіх паэтаў. Кампазітарам створана вялікая колькасць варыяцый, асновай якіх сталі старадаўнія мелодыі, што ўвайшлі ў вядомыя зборнікі ''Полацкі сшытак'' і ''Віленскі сшытак''. У 2009 г. ён напісаў музыку да балета ''Дзюймовачка''.
Не адно дзесяцігоддзе В. Карэтнікаў стварае рэпертуар для дзяцей-выканаўцаў: тых, хто робіць першыя крокі ў музыцы і тых музычна адораных, хто часта выступаюць на прэстыжных міжнародных конкурсах. Валерый Іванавіч узначальвае секцыю музыкі для дзяцей і юнацтва ў грамадскім аб’яднанні ''Беларускі саюз кампазітараў'', членам якога ён з’яўляецца з 1979 г. Па прапанове Міністэрства адукацыі В. Карэтнікаў падрыхтаваў два альбома п’ес для дзяцей і юнацтва і два выпуска зборніка ''Люблю наш край''. Грунтоўная праца кампазітара – ''Хрэстаматыя беларускай музыкі 2-й паловы ХХ стагоддзя'' (2006), дзе ён выступіў у якасці ўкладальніка і музычнага рэдактара. Выдавецкія праекты паспрыялі з’яўленню ў творчасці В. Карэтнікава фартэпіяннага цыкла ''Поры года'' (2002), за які кампазітар (а таксама за вакальна-інструментальную паэму ''Флейтыст'') атрымаў у 2003 г. прэмію Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ў галіне літаратуры, мастацтва, журналістыкі і самадзейнай творчасці.
Шматлікія творы Валерыя Іванавіча прайшлі выпрабаванне часам і не страцілі сваёй актуальнасці. Яны гучаць у канцэртных залах, на кампазітарскіх з'ездах, розных конкурсах, уваходзяць у педагагічны рэпертуар музычных школ, сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў. Вялікі, плённы ўклад кампазітара ў развіццё беларускай камернай музыкі спрыяе развіццю музычнага густа як у выканаўцаў, так і ў слухачоў, прыхільнікаў сапраўднага музычнага мастацтва.