Нарадзіўся Мікалай Сцяпанавіч Кірылаў 10 сакавіка 1930 г. у в. Пашкова Калінінскай вобласці (цяпер – Цвярская вобласць, Расія). Жыццё яго было складаным. Зрэшты, як і ва ўсіх, хто нарадзіўся ў 30-я гады ХХ стагоддзя. Скончыў Вышэйшае мастацка-прамысловае вучылішча імя В. Мухінай у Ленінградзе (1959). Вучыўся ў такіх вядомых настаўнікаў, як С. Сцяпашкін, П. Бучкін.
Пасля заканчэння вучылішча М. Кірылаў доўгі час працаваў у галіне комплекснага мастацкага праектавання. Адна з самых значных работ у гэтай вобласці – мастацкае афармленне Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Пазней афармляў экспазіцыі на ВДНГ БССР (1972, 1977), выстаўку ў Вільні (1975) і інш. Разам з тым з натхненнем працаваў ён і над акварэллю, якой займаўся яшчэ са студэнцкай пары. З 1962 г. актыўна ўдзельнічаў у мастацкіх выстаўках, на якіх гледачы маглі бачыць яго графічныя работы. На першай персанальнай выстаўцы ў 1982 г., якая адбылася ў Палацы мастацтваў, было прадстаўлена больш за сто акварэляў і малюнкаў, высока ацэненых спецыялістамі.
М.С. Кірылаў прымаў удзел у шматлікіх творчых калектыўных паездках па рэспубліках СССР. Так з'явіліся цыклы пейзажаў: «Па Данбасу» (1970), «Па Сібіры» (1971), «Па залатому кальцу» (1963). У 1982 г. М. Кірылаў арганізаваў групавую паездку мастакоў па гарадах Беларусі, пасля якой у рэспубліканскім Палацы мастацтваў адбылася выстаўка «Горад і жыхары вачыма мастака».
Плённа працуе мастак і ў галіне партрэта. Ім створаны акварэльныя партрэты Л. Булатавай, Б.Тумурава, С. Гуткоўскага; графічныя – Л. Мінько, М. Шарая, Н. Шэлдышавай; жывапісныя – Ю. Азаронка, І. Грышына. У 1999 г. ён напісаў глыбока псіхалагічны партрэт народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна, стварыў партрэты Алеся Савіцкага, Уладзіміра Карызны, партрэты маці, жонкі, блізкіх і знаёмых.
У пачатку 2001 г. у рэспубліканскім Палацы мастацтваў экспанавалася персанальная выстаўка твораў Мікалая Сцяпанавіча, прысвечаная 70-годдзю з дня нараджэння. На ёй былі прадстаўлены шматлікія работы мастака, напісаныя ў розных тэхніках: вугалем, акварэллю, алеем.
Творы М.С. Кірылава знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, фондах Беларускага саюза мастакоў, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску.
Мікалай Сцяпанавіч Кірылаў – член Беларускага саюза мастакоў з 1970 г. За выдатныя заслугі, дасягненні ў галіне выяўленчага мастацтва яму прысвоена званне заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі (1991).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.