Дата рождения: 06.04.1910
Дата смерти: 01.02.2018
Краткая справка: вучоны ў галіне астранаўтыкі, асветнік, дзеяч беларускай эміграцыі, акадэмік Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі, ганаровы грамадзянін Навагрудка
Варианты имени: Кіта Барыс Уладзіміравіч
Имена на других языках: Кит Борис Владимирович (русский);
Сусветна вядомы вучоны Барыс Уладзіміравіч Кіт унёс значны ўклад у развіццё касманаўтыкі. Яго імя занесена ў многія энцыклапедыі і даведнікі свету, запісана ў ліку імён выдатных сучаснікаў у «капсуле часу», замураванай у Капітоліі (Вашынгтон, ЗША).
Нарадзіўся ён у Санкт-Пецярбургу. Бацька – служачы Міністэрства пошт і тэлеграфаў, выхадзец з Навагрудчыны – прыехаў у сталіцу Расійскай Імперыі ў пошуках заробку. У 1918 г. сям’я вярнулася на радзіму бацькі ў в. Агароднікі (зараз у складзе г. п. Карэлічы Гродзенскай вобласці). Барыс Кіт скончыў мясцовую народную школу (1926), Навагрудскую беларускую гімназію (1928) і паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Віленскага ўніверсітэта імя Стэфана Баторыя. Адначасова з навучаннем ва ўніверсітэце з 1931 г. працаваў выкладчыкам матэматыкі ў Віленскай беларускай гімназіі. Пасля заканчэння ўніверсітэта са ступенню магістра матэматыкі (1933) працягваў выкладаць у гімназіі.
Пачатак Другой сусветнай вайны вымусіў Б.У. Кіта вярнуцца ў родныя мясціны. У Навагрудку аднавіў і ўзначаліў закрытую ў 1934 г. беларускую гімназію (1939), быў акруговым інспектарам Баранавіцкай навучальнай акругі (1940), займаўся арганізацыяй пачатковых і сярэдніх беларускіх школ, выкладаў матэматыку ў Баранавіцкім настаўніцкім інстытуце (1940–1941). У час акупацыі Беларусі нямецка-фашысцкімі захопнікамі некаторы час настаўнічаў у народнай школе ў в. Лебедзева (зараз Маладзечанскі раён Мінскай вобласці), займаўся арганізацыяй настаўніцкіх семінарый у Маладзечне і Паставах, заснаваў Адміністрацыйна-гандлёвы інстытут у Маладзечне. У 1944 г. быў арыштаваны гестапа, ад расстрэлу яго выратавалі былыя вучні. У канцы вайны Б.У. Кіт разам з сям’ёй выехаў у Германію. На працягу некалькіх гадоў выкладаў матэматыку ў мясцовых гімназіях, вучыўся на факультэце медыцыны Мюнхенскага ўніверсітэта (1945–1948).
У 1948 г. Б.У. Кіт эмігрыраваў у ЗША. Спачатку працаваў рабочым на фабрыках, пасля хімікам у фармацэўтычных кампаніях. Актыўна ўключыўся ў дзейнасць беларускіх эмігранцкіх таварыстваў, якія дапамагалі ў арганізацыі перасялення, наладжвалі культурныя мерапрыемствы, арганізоўвалі курсы англійскай мовы, дапамагалі перасяленцам у працаўладкаванні. У далейшым яго запрасілі на працу ў кампанію «North American Aviation», якая займалася касмічнымі праектамі. Быў навуковым супрацоўнікам, даследаваў якасці вадкага вадароду як будучага паліва касмічных ракетных сістэм. З 1958 г. працаваў у Міністэрстве паветраных сіл ЗША, дзе з’яўляўся экспертам па развіцці міжнароднай касманаўтыкі. З 1963 г. Б.У. Кіт працаваў старшым навуковым супрацоўнікам аддзела касманаўтыкі Міжнароднай карпарацыі тэлефоннай і тэлеграфнай сувязі і Нацыянальнага бюро стандартаў ЗША, займаўся матэматычнай распрацоўкай сродкаў сувязі ў праектах касмічных караблёў, падрыхтаваў матэматычны разлік палётаў касмічных караблёў на Месяц. У 1968–1972 гг. з’яўляўся старшым экспертам-даследчыкам Дзяржаўнага інстытута сістэмнага аналізу Міністэрства абароны і транспарту ЗША. У гэты перыяд шмат выступаў з рэфератамі, артыкуламі і дакладамі, чытаў лекцыі па матэматыцы ў Мэрылендскім універсітэце, напісаў кнігі «Дапаможнік па ракетным паліве» (1960) і «Гісторыя і сучасны стан савецкай астранаўтыкі» (у суаўтарстве, 1964).
У 1972 г. Б.У. Кіт пераехаў у г. Франкфурт-на-Майне (Германія). Стаў прафесарам матэматыкі Еўрапейскага аддзела Мэрылендскага ўніверсітэта. Займаўся выкладчыцкай і навуковай дзейнасцю, удзельнічаў у міжнародных астранаўтычных кангрэсах, выступаў з дакладамі, паведамленнямі, навуковымі артыкуламі. У 1982 г. стаў доктарам філасофіі ў галіне матэматыкі і гісторыі навукі, абараніўшы дысертацыю на тэму «Антоні Зыгмунд, яго жыццё і яго ўклад у развіццё матэматыкі ХХ стагоддзя».
Барыс Уладзіміравіч Кіт з’яўляўся членам многіх навуковых таварыстваў свету, заслужаным (1987) і ганаровым (1990) прафесарам Мэрылендскага ўніверсітэта, акадэмікам Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі (Францыя, 1991). Ён быў адным з заснавальнікаў Міжнароднага астранаўтычнага таварыства Германа Оберта (ФРГ), акадэмікам і віцэ-прэзідэнтам Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі (Расія). За ўклад у развіццё астранаўтыкі вучоны быў адзначаны шматлікімі прэміямі і ўзнагародамі. Беларусь Б.У. Кіт наведваў у 1990-я гг., амаль праз паўстагоддзя пасля ад’езду. Ён сустракаўся з айчыннымі вучонымі, грамадскімі і культурнымі дзеячамі, пабываў у родных мясцінах. У 1994 г. Б.У. Кіт выбраны ганаровым доктарам навук Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, а таксама ганаровым грамадзянінам Навагрудка, дзе ў гісторыка-краязнаўчым музеі адкрыты аддзел, прысвечаны яго жыццю і дзейнасці. На кінастудыі «Беларусьфільм» пра Б.У. Кіта зняты дакументальны фільм (1995).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г.