Пётр Пятровіч Пакрышкін – адзін з роданачальнікаў рэстаўрацыйнай навукі ў Расіі, заснавальнік метадаў навуковай рэстаўрацыі помнікаў архітэктуры. Ён атрымаў архітэктурную адукацыю ў Акадэміі мастацтваў, якую бліскуча закончыў у 1895 г. З гэтага часу П.П. Пакрышкін прымаў удзел у рабоце экспедыцый, арганізаваных Імператарскай Археалагічнай Камісіяй (ІАК), праводзіў самастойныя даследаванні архітэктурных помнікаў у розных гарадах Расійскай Імперыі і за мяжой. У 1902 г. ён становіцца членам ІАК. У 1909 г. удастоены звання акадэміка архітэктуры.
Аб жыцці і дзейнасці вучонага ярчэй за ўсё сведчыць навуковая спадчына, якую ён пакінуў наступным пакаленням. У матэрыялах П.П. Пакрышкіна, поруч з яго друкаванымі работамі, бібліяграфічным паказальнікам па архітэктуры, які захоўваецца ў Рукапісным архіве Інстытута гісторыі матэрыяльнай культуры РАН, адно з самых значных месцаў займаюць фотаграфічныя калекцыі, назапашаныя ў выніку яго плённых даследаванняў у самых разнастайных рэгіёнах Расійскай Імперыі.
Яго сучаснік М.П. Сычоў (1889–1964), выдатны мастацтвазнавец, рэстаўратар, мастак і археолаг, у некралогу П.П. Пакрышкіна пісаў: «нет места в России, где, кажется, не был, не руководил работами и сам не работал бы Пётр Петрович». Геаграфічны ахоп яго паездак па тэрыторыі Расійскай Імперыі бязмежны, пра што яскрава сведчаць матэрыялы з фотаархіва Інстытута гісторыі матэрыяльнай культуры РАН, бо практычна ўсе яго даследаванні знайшлі адлюстраванне ў фотадакументах. Ён курыраваў рамонтныя і рэстаўрацыйныя работы на помніках у Смаленску, Пскове, Кіеве, Чарнігаўскай губерні, Архангельску, Маскве і многіх іншых гарадах. Асобае месца ў дзейнасці П.П. Пакрышкіна займалі даследаванні наўгародскай архітэктуры. Ён неаднаразова ездзіў у Ноўгарад, прымаў актыўны ўдзел у рэстаўрацыйных работах і ахове помнікаў старажытнага горада.
На Беларусі ён вывучаў і рэстаўрыраваў Полацкі Сафійскі сабор (1909), Супрасльскую царкву-крэпасць, Лідскі замак (1908–1910), Гродзенскую Барысаглебскую царкву (правёў натурныя даследаванні і склаў праект рэканструкцыі гэтага храма, 1904–1906).
Самы актыўны ўдзел П.П. Пакрышкін прымаў у абмеркаванні праблем, звязаных з аховай старажытных помнікаў. Гэта была работа па перагляду дзеючых пастаноў, састаўленні новага законапраекта аб ахове помнікаў. У сувязі з састаўленнем спіска помнікаў на тэрыторыі Расійскай Імперыі П. Пакрышкіна хвалявала адсутнасць усякага кіраўніцтва: як патрэбна апісваць і зачэрчваць помнік, праводзіць яго абмеры. Менавіта гэтай мэце павінны былі служыць яго работы «Краткие советы для производства точных обмеров в древних зданиях» (1905) і «Краткие советы по вопросам ремонта памятников старины и искусства» (1915). Ён стаў адным са стваральнікаў метада дакладнага архітэктурнага даследавання, выразна пры гэтым ацэньваючы значэнне і магчымасці фотаграфічных дакументаў. Па меркаванні спецыялістаў каштоўнейшую па навуковым значэнні спадчыну П.П. Пакрышкіна і яго багацейшы фотаархіў можна паўнацэнна выкарыстоўваць і ў сучасных даследаваннях.
У 1919 г. П.П. Пакрышкін добраахвотна адказваецца ад службы і па стану здароў'я ў 1920 г. выязджае з Петраграда. Менавіта ў гэты час П.П. Пакрышкін прымае рашэнне прысвяціць астатак свайго жыцця служэнню Богу і выратаванню душ чалавечых, стаўшы святаром. Месцам служэння яму быў вызначаны Лукаянаўскі Ціханаўскі жаночы манастыр.
У 1921 г. ён афіцыйна адмовіўся ад звання акадэміка і тады ж быў прадстаўлены да звання протаіерэя.
Памёр Пётр Пятровіч 18 лютага 1922 г. у сане протаіерэя Ціханава манастыра г. Лукаянава Ніжагародскай губерні.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.