Дзейнасць Георгія Канстанцінавіча Папавіцкага аказала значны ўплыў на развіццё выканальніцтва на духавых інструментах у Беларусі. Нарадзіўся ён у сяле Увары Астраханскай губерні (зараз Астраханская вобласць Расіі). Прафесійную адукацыю атрымаў у Астраханскім музычным вучылішчы (1907), Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі (1911). Пасля заканчэння кансерваторыі быў удастоены прэміі імя Шуберта. У 1914 г. здаў дадатковы экзамен для атрымання дыплома на званне «вольнага мастака». За гады вучобы прадэманстраваў выдатныя прафесійныя поспехі пры ігры на габоі, добра валодаў такімі дысцыплінамі, як тэорыя музыкі, фартэпіяна, эстэтыка, інструментоўка.
З 1912 па 1929 г. Г.К. Папавіцкі выкладаў у Саратаўскай дзяржаўнай кансерваторыі, дзе заснаваў школу габоя. Адначасова працаваў у музычнай школе, музычным тэхнікуме, выступаў у аркестры камерцыйнага сходу, удзельнічаў у канцэртах камернай музыкі, адначасова займаўся арганізацыяй сімфанічных канцэртаў. З 1929 па 1933 г. працаваў у Азербайджанскай дзяржаўнай кансерваторыі (Баку), спачатку выкладчыкам класа габоя, затым загадчыкам кафедры. У 1940 г. быў прызначаны на пасаду дырэктара музычнага вучылішча пры Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі, у гэтым жа годзе атрымаў вучонае званне прафесара.
У час Вялікай Айчыннай вайны Георгій Канстанцінавіч эвакуіраваўся ў Саратаў. У Саратаўскай дзяржаўнай кансерваторыі з 1941 г. вёў клас габоя, загадваў кафедрай духавых інструментаў. З 1943 г. быў дэканам выканальніцкага факультэта, з 1944 г. – рэктарам кансерваторыі. Пасля заканчэння вайны Г.К. Папавіцкі займаўся агульным метадычным і арганізацыйным кіраўніцтвам Саратаўскага музычна-педагагічнага камбіната, які складаўся з кансерваторыі, музычнага вучылішча і дзіцячай музычнай школы. За гады педагагічнай дзейнасці ён падрыхтаваў вялікую колькасць выканаўцаў, якія працавалі вядучымі салістамі ў айчынных і замежных музычных калектывах, педагогамі вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў.
Папавіцкі Г.К. – аўтар нарыса «История развития духовых инструментов», тэхнічных практыкаванняў у гамах, фантазіі для габоя на тэмы музыкі з опер «Залаты пеўнік» і «Царская нявеста» М.А. Рымскага-Корсакава.
Музыкант быў узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны», медалём «За доблесную працу ў Вялікую Айчынную вайну 1941–1945 гг.». У 1938 г. яму прысвоена званне заслужанага дзеяча мастацтваў БССР.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г.