Яўгена Мікалаевіча Паўловіча сярод іншых прадстаўнікоў беларускай балетнай сцэны вылучалі класічная школа і мяккая манера выканання. Ён быў танцоўшчыкам рамантычнага плана. Балетаманы старэйшага пакалення, напэўна, памятаюць яго Альберта ў «Жызэлі», Рамэо ў «Рамэо і Джульеце», Гармодыя ў «Спартаку» і інш.
Нарадзіўся будучы артыст у г. п. Рудзенск Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці. Па словах Я. Паўловіча, у балет яго прывялі цікаўнасць і выпадак: аднойчы ён зазірнуў у харэаграфічнае вучылішча, у якім праводзілася прыёмная кампанія. Нехта з выкладчыкаў літаральна злавіў яго ў файе і пераканаў паступаць у вучылішча. Талентам і здольнасцямі прырода Яўгена Паўловіча не абдзяліла. Пашанцавала яму і з выкладчыкам: Ніна Аляксееўна Семілетнікава – прадстаўніца маскоўскай балетнай школы – дапамагла адтачыць тэхніку, паставіла вярчэнне.
Пасля заканчэння вучылішча (1959) Я. Паўловіч дваццаць гадоў працаваў у Дзяржаўным тэатры оперы і балета Беларусі, выконваючы вядучыя ролі. Паўловічу-танцоўшчыку ўласціва лірычная манера выканання, строгая адпаведнасць патрабаванням класічнай формы. Яшчэ ў пачатку творчага шляху Я. Паўловіча адзначалі як маладога перспектыўнага танцоўшчыка. Артыст стварыў запамінальныя вобразы ў спектаклях класічнага рэпертуару: Альберт («Жызэль» А. Адана), Зігфрыд, Дэзірэ і Блакітная птушка («Лебядзінае возера» і «Спячая прыгажуня» П. Чайкоўскага), Юнак («Шапэніяна» на музыку Ф. Шапэна), Рамэо, Прынц («Рамэо і Джульета» і «Папялушка» С. Пракоф'ева), Вацлаў («Бахчысарайскі фантан» Б. Асаф'ева), Гармодый («Спартак» А. Хачатурана).
Аднак век артыста балета нядоўгі. У 39 гадоў, як танцоўшчык, ён пайшоў на пенсію і зацікавіўся операй. У 1980 г. скончыў рэжысёрскае аддзяленне Мінскага інстытута культуры і з 1981 г. працаваў рэжысёрам оперы ў Дзяржаўным тэатры оперы і балета Беларусі. З 1984 г. выкладаў на кафедры опернай падрыхтоўкі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі (з 1995 г. – дацэнт).
Оперы, як і балету, Яўген Паўловіч аддаў каля 20 гадоў жыцця. За той час, калі ставіў спектаклі, яму давялося папрацаваць са многімі тады пачынаючымі, а зараз паспяховымі артыстамі. Сярод іх Ніна Шарубіна, Алена Сало, Рыгор Палішчук, Мікалай Жылін. У опернай студыі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Яўген Паўловіч паставіў оперы «Алеся» Я. Цікоцкага, «Шукальнікі жэмчугу» і «Кармэн» Ж. Бізэ, «Паяцы» Р. Леанкавала, «Чыо-Чыо-сан» Дж. Пучыні, «Вяселле Фігара» В. А. Моцарта, «Севільскі цырульнік» Дж. Расіні, «Яўген Анегін» П. Чайкоўскага, «У буру» Ц. Хрэннікава, «Царская нявеста» М. Рымскага-Корсакава, кампазіцыю «Мая Кармэн» па матывах оперы Ж. Бізэ, сцэны з опер «Сельскі гонар» П. Масканьі, «Травіята» Дж. Вердзі і інш.
Працаваў Яўген Мікалаевіч і з самадзейным оперным калектывам у Палацы прафсаюзаў у Мінску. Там майстар паставіў два спектаклі, адзін з якіх – вельмі цяжкі для выканання «Плашч» Дж. Пуччыні з яго «Трыпціха».
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.