Дата рождения:
18.11.1920 Батунь, вёска, Магілёўскі раён
Дата смерти:
31.07.2000 Завадская Слабада, вёска, Магілёўскі раён
Краткая справка:
удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, поўны кавалер ордэна Славы
Имена на других языках:
Сотников Сергей Трифонович (русский);
2773 символа
Справка
Сяргей Трыфанавіч Сотнікаў нарадзіўся ў вёсцы Батунь Магілёўскага раёна ў сялянскай сям’і. У 1936 г. скончыў няпоўную сярэднюю школу і працаваў у калгасе. У верасні 1940 г. быў прызваны на тэрміновую службу ў Чырвоную Армію. З самага пачатку Вялікай Айчыннай вайны знаходзіўся ў дзеючай арміі. Трапіў у акружэнне, знаходзіўся ў Барысаўскім лагеры для ваеннапалонных чырвонаармейцаў, аднак здолеў уцячы і вярнуцца дадому. З канца 1943 па ліпень 1944 г. змагаўся з гітлераўцамі ў радах партызан.
Пасля вызвалення Беларусі Сяргей Сотнікаў зноў быў прызваны ў дзеючую армію. Быў байцом стралковага палка, удзельнічаў у Беларускай, Усходне-Памеранскай і Берлінскай стратэгічных наступальных аперацыях на 1-м і 2-м Беларускіх франтах.
16 жніўня 1944 г. у баях за плацдарм на заходнім беразе ракі Нараў у Беластоцкай вобласці ён адным з першых уварваўся ў варожую траншэю, агнём з аўтамата знішчыў варожага кулямётчыка і падарваў гранатамі яшчэ 13 гітлераўцаў.
За ўзорнае выкананне баявых заданняў камандавання на фронце барацьбы з нямецкімі захопнікамі і праяўленыя пры гэтым доблесць і мужнасць у верасні 1944 г. Сяргей Трыфанавіч Сотнікаў быў узнагароджаны ордэнам Славы ІІІ-й ступені.
У ходзе Вісла-Одэрскай наступальнай аперацыі С.Т. Сотнікаў праявіў выключную адвагу ў баі за польскую вёску Струга. У складзе баявых парадкаў пяхоты зайшоў у фланг атакуючым немцам, знішчыў каля дваццаці варожых салдат. За гэты подзвіг быў узнагароджаны ордэнам Славы ІІ-й ступені.
Падчас штурму Франфурта-на-Одэры С.Т. Сотнікаў мужна і самааддана выконваў абавязкі санінструктара. 18–19 красавіка 1945 г. аказаў першую медыцынскую дапамогу 26 параненым воінам і вынес іх з поля бою. У баях за Берлін вынес з поля бою 15 параненых байцоў.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 15 мая 1946 г. за ўзорнае выкананне баявых заданняў камандавання на фронце барацьбы з нямецкімі захопнікамі і праяўленыя пры гэтым доблесць і мужнасць Сяргей Трыфанавіч Сотнікаў быў узнагароджаны ордэнам Славы І-й ступені і стаў поўным кавалерам ордэна Славы.
Пасля Перамогі быў дэмабілізаваны і ў ліпені 1946 г. вярнуўся на радзіму. Скончыў Магілёўскую школу механізацыі сельскай гаспадаркі. Да выхаду на заслужаны адпачынак у 1980 г. быў заняты ў сельскай гаспадарцы, спажывецкай кааперацыі, пэўны час працаваў інжынерам па ахове працы і тэхніцы бяспекі саўгаса.
Сяргей Трыфанавіч Сотнікаў узнагароджаны ордэнамі Славы І-й, ІІ-й і ІІІ-й ступеняў, ордэнам Айчыннай вайны І-й ступені, беларускім ордэнам «За службу Радзіме» ІІІ-й ступені, медалямі.
Удзельнічаў у здымках дакументальнага фільма «Шёл солдат…» (рэжысёр М. Бабак) па сцэнарыю К.М. Сіманава. Памяці С.Т. Сотнікава прысвечаны Магілёўскі абласны турнір па вольнай барацьбе.
Пераклад 2021 г. матэрыялаў інтэрнэт-праекта «Герои страны».