Дата рождения: 19.03.1935
Дата смерти: 23.12.2003
Краткая справка: артыст аперэты, заслужаны артыст Беларусі
Имена на других языках: Фоменко Вячеслав Григорьевич (русский);
Вячаслаў Рыгоравіч Фаменка нарадзіўся 19 сакавіка 1935 г. у Баку (Азербайджан) у сям'і артыста. Музыка, сцэна, тэатр – самыя яркія ўспаміны яго дзяцінства. Падчас навучання ў школе Вячаслаў Фаменка ўдзельнічаў у мастацкай самадзейнасці: танцаваў, займаўся ў драматычным гуртку, наведваў студыю жывапісу пры Бакінскім мастацкім вучылішчы, марыў стаць мастаком...
У 1956 г. лёс прывёў яго на сцэну Балашоўскага гарадскога тэатра (цяпер Балашоўскі драматычны тэатр) Саратаўскай вобласці, дзе ў той час працаваў яго бацька. У юнака не было спецыяльнай адукацыі, сцэнічнага вопыту, яму дапамагаў талент, маладоcць, захапленне сцэнай. Вячаслаў пачаў сур'ёзна займацца самаадукацыяй, прыслухоўвацца да парад рэжысёраў і старэйшых таварышаў. На працягу сямі гадоў малады акцёр сыграў шэраг роляў: Солнышкін («Дальняя дарога» А. Арбузава), Яшка-Аганёк («Імем рэвалюцыі» М. Шатрова), Аркадзь, матрос Заўялаў («Чайкі над морам» Е. Бондаравай), Антон Шэлест («Жыццё і злачынства Антона Шэлеста» Р. Мядынскага; дыплом Першай ступені на Саратаўскім абласным аглядзе творчай моладзі) і шэраг іншых.
Вячаславу Фаменку давялося працаваць у Растоўскім тэатры юнага гледача (цяпер Дзяржаўная абласная ўстанова культуры «Растоўскі абласны Акадэмічны Маладзёжны тэатр»), у Жданаўскім абласным драматычным тэатры (цяпер Данецкі акадэмічны абласны ордэна Пашаны рускі драматычны тэатр).
З 1964 г. пачынаецца другі этап яго творчага жыцця – артыст спрабуе сябе ў жанры аперэты: пачынае працаваць на сцэне Бабруйскага музычна-драматычнага тэатра (перайменаваны ў Магілёўскі абласны тэатр музычнай камедыі (расфарміраваны ў 1970 г.). Для ўдзелу ў музычных спектаклях В. Фаменка вывучае нотную грамату, займаецца вакалам. Падчас працы ў тэатры ў рэпертуары артыста з'яўляюцца новыя ролі: Косця («Цырк запальвае агні» Ю. Мілюціна), Кайтан («Каламбіна» А. Рабава), Андрэйка («Вяселле ў Малінаўцы» Б. Аляксандрава), Ваня Іваноў («Дзяўчына з блакітнымі вачыма» В. Мурадэлі), Золтан («Цыганскае каханне» Ф. Легара) і шмат іншых. Крытыкі адзначалі яго мяккі гумар, захапленне музыкай, свабоду ў спевах і танцах. В. Фаменка становіцца адным з вядучых выканаўцаў у новым, музычна-тэатральным амплуа.
З 1970 г. Вячаслаў Фаменка – саліст Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі БССР (цяпер Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь «Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр»). Яскравы, камедыйны талент, тэмперамент, эмацыянальнасць, пачуццё стылю, майстэрства пераўвасаблення давалі артысту магчымасць ствараць шчырыя, прывабныя вобразы і характары: Боні, Марсэль, Напалеон («Сільва», «Фіялка Манмартра», «Баядэра» І. Кальмана), Андрэй («Чацвёра з вуліцы Жанны» А. Сандлера), Слаўка («Пяе «Жаваранак» Ю. Семянякі), Буба («Каўказская пляменніца» Р. Гаджыева), Мікі («Вольны вецер» І. Дунаеўскага).
У 1973 г. Вячаслаў Рыгоравіч Фаменка атрымлівае ганаровае званне «Заслужаны артыст Беларусі».
У рэпертуарнай афішы Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі БССР сезона 1973–1974 гг. з'явілася новая назва – «Паўлінка» Ю. Семянякі. У гэтым спектаклі В. Фаменка выконваў ролю няўдачлівага жаніха Паўлінкі пана Адольфа Быкоўскага, прадэманстраваўшы не толькі вакальнае, але і сапраўднае харэаграфічнае майстэрства. Гледачы атрымалі магчымасць убачыць яркае сцэнічнае дараванне акцёра: ён стварыў адметны вобраз зухаватага шляхцюка, які не мае ані граша, але затое па-майстэрску выкарыстоўвае хлусню і хітрыкі. Роля пана Быкоўскага стала адной з лепшых роляў артыста. Крытыкі адзначалі сакавітую, каларытную купалаўскую мову Быкоўскага-Фаменкі, хаця гэта была першая роля артыста на беларускай мове.
У 1979 г. адбылася прэм'ера першай беларускай аперэты для дзяцей «Сцяпан – вялікі пан» Ю. Семянякі. Дзякуючы прыгожай музычнай «афарбоўцы», майстэрскаму выкананню сваіх партый артыстамі спектакль успрымаўся дзіцячай аўдыторыяй з захапленнем. В. Фаменка выконваў ролю наравістага, але бязвольнага і вельмі добрага Цара.
У 1984 г. у тэатры была пастаўлена гераічная музычная камедыя Р. Суруса «Судны час», створаная паводле славутай трагікамедыі А. Макаёнка «Трыбунал». В. Фаменка стварыў запамінальны вобраз галоўнага героя Цярэшкі, на жыццё якога абрушыліся ваенныя падзеі. Для раскрыцця гераічнай сутнасці свайго персанажа акцёр выкарыстоўваў і камедыйныя прыёмы, і мяккі гумар, і трагікамічныя рысы.
На сцэне Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі БССР Вячаславам Фаменкам выканана нямала цікавых і запамінальных роляў, сярод якіх Матыль («Тыдзень вечнага кахання» Ю. Семянякі), Масленікаў («Дзяніс Давыдаў» А. Мдывані), маркіз дэ Тарсі («Шклянка вады» У. Кандрусевіча), Мітрусь Нічыпарэнка («Халопка» М. Стрэльнікава), Рамон («Пацалунак Чаніты» Ю. Мілюціна), Яшка-артылерыст («Вяселле ў Малінаўцы» Б. Аляксандрава), Захар Барысавіч («Старыя дамы» А. Фельцмана), Эстэргазі, барон дэ Крэвільяк («Марыца», «Прынцэса цырка» І. Кальмана), Негаш і барон Зета («Вясёлая ўдава» Ф. Легара), Пікерынг («Мая цудоўная лэдзі» Ф. Лоу), Сяргееў («Севастопальскі вальс» К. Лістова), містэр Харысан («Цалуй мяне, Кэт» К. Портэра), Фушэ («Капялюш Напалеона» О. Штрауса) і інш.
Акрамя тэатральнай дзейнасці В. Фаменка захапляўся і актыўна займаўся фатаграфіяй. У яго было мноства фатаграфій акцёраў і сцэн са спектакляў, кінаэпізодаў гастрольных паездак калектыву тэатра.
Вячаслаў Рыгоравіч Фаменка пайшоў з жыцця 23 снежня 2003 г.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.