Людміла Усанава нарадзілася на самым поўдні Прыморскага краю – у вёсцы Барабаш Хасанскага раёна ў сям'і кадравага ваеннага. Разам з бацькамі шмат разоў пераязджала з аднаго ваеннага гарадка ў другі. Маці будучай актрысы прыкладала шмат намаганняў для выхавання ў дзяўчынкі любові да мастацтва: разам з дачкой яна наведвала музеі і тэатры Беларусі, Ленінграда, Масквы. Пасля заканчэння сярэдняй школы Л. Усанава паступіла ў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў), які закончыла ў 1962 г. і атрымала спецыяльнасць – актрыса драмы і кіно. Акрамя заняткаў у інстытуце Л. Усанава праяўляла цудоўныя здольнасці ў танцах і мастацкай гімнастыцы (атрымала першы дарослы разрад).
Адразу пасля заканчэння інстытута Л. Усанава на працягу 4 гадоў працавала ў Беларускім тэатры імя Я. Коласа (цяпер Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Я. Коласа). Актрыса выконвала драматычныя і характарныя ролі, з уласцівай ёй дакладнасцю спалучэння знешніх і ўнутраных рыс сваіх гераінь. Найбольш значнымі былі наступныя работы: Маша («Пад адным небам» А. Маўзона), Зорка («Разбуджанае сумленне» В. Шаўрына), Анда («Ветрык, вей!» Я. Райніса), Рэгана («Кароль Лір» У. Шэкспіра).
У 1966–1976 гг. на сцэне Гомельскага абласнога драматычнага тэатра раскрыўся талент маладой актрысы. Адны з самых яе ўдалых работ на той час – вобразы Дашачкі («Залатая карэта» Л. Лявонава), Лізаветы («Дзіўны доктар» А. Сафронава), Інэсы («З каханнем не жартуюць» Кальдэрона), Таццяны ў горкаўскіх «Мяшчанах», Наталлі ў чэхаўскіх «Трох сёстрах», Машы («Добры дзень, Крымаў!» Г. Назарава), Тамары («Сітуацыя» В. Розава).
У сярэдзіне 1970-х гг. Гомельскі тэатр актыўна супрацоўнічаў з беларускімі драматургамі, што аказала значны станоўчы ўплыў на майстроў гомельскай сцэны. Так, у спектаклі У. Дзялендзіка «Амазонкі» Л. Усанава стварыла выразны сцэнічны партрэт сваёй гераіні Таццяны, якая з аптымізмам успрымае жыццё, апантана працуе. У 1976 г. актрысе было прысвоена ганаровае званне “Заслужаная артыстка БССР”.
З 1979 г. Л. Усанава працуе ў Кемераўскім драматычным тэатры імя А.В. Луначарскага, дзе выканала шмат самых разнапланавых жаночых роляў у спектаклях «На ўсякага мудраца хапае прастаты» і «Без віны вінаватыя» А. Астроўскага, «Ганна Снегіна» С. Ясеніна, «Пігмаліён» Б. Шоу і інш. Сёння Л. Усанава занята ў шэрагу спектакляў Кемераўскага тэатра. Кожная роля ў яе выкананні – сапраўдная падзея ў яе тэатральнай біяграфіі – разумнай, вытанчанай, эмацыянальнай.
Працу ў тэатры Л. Усанава сумяшчае з педагагічнай дзейнасцю: яна прафесар Кемераўскага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Многія яе вучні сталі тэатральнымі дзеячамі.
Акрамя таго, актрыса занята грамадскай дзейнасцю: актыўна працуе ў Кузбаскім расійска-беларускім саюзе, з'яўляецца членам Савета старэйшын пры губернатары Кемераўскай вобласці, узнагароджана медалямі «За особый вклад в развитие Кузбасса» 2 і 3 ступеняў, а таксама медалямі «60 лет Кемеровской области», «65 лет Кемеровской области», «60 лет Дню шахтера».
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.