Пётр Паўлавіч Філіпаў нарадзіўся ў в. Патаронаўка Клімавіцкага раёна Магілёўскай вобласці.
У 1940 г. П. Філіпаў скончыў акцёрскую студыю пры Рускім драматычным тэатры імя А.С. Пушкіна (цяпер Харкаўскі дзяржаўны акадэмічны рускі драматычны тэатр імя А.С. Пушкіна). Маладому акцёру адразу давялося апрануць бушлат і бесказырку – пачалася служба ў Чырвонай Арміі. З франтоў Вялікай Айчннай вайны П. Філіпаў вярнуўся бывалым мараком, на грудзях якога зіхацелі 7 урадавых узнагарод.
Да працы акцёра ён змог прыступіць толькі ў 1946 г. у Кемераве – горадзе гарнякоў. Пазней П. Філіпаў ужо ў якасці вядучага артыста працаваў у тэатры Дома Савецкай Арміі Туркестанскай ваеннай акругі (г. Ташкент), а таксама ў тэатрах Фрунзэ (цяпер Бішкек), Мічурынска, Арла. У гэты час у рэпертуарным спісе акцёра былі ролі з п'ес Б. Лаўранёва, С. Міхалкова, В. Гусева, С. Смірнова, Л. Рахманава, М. Пагодзіна.
У 1961 г. П. Філіпаў вярнуўся на Беларусь і пачаў працаваць у Гродзенскім абласным драматычным тэатры. Сярод роляў – Дзяржавін («Сябры і гады» Л. Зорына), паручнік Барэйка («Порт-Артур» паводле А. Сцяпанава), Чаркун («Варвары» М. Горкага), Ляскавец («Першы ўрок» К. Губарэвіча), камандарм Варашылаў («Алека Дундзіч» М. Каца і А. Ржашэўскага). У сваёй рабоце над ролямі акцёр заўсёды стараўся адшукаць найбольш яркія сцэнічныя рашэнні для стварэння арыгінальнага партрэта сучасніка ці героя класічнай п'есы, адлюстраваць характар персанажа ва ўсіх яго супярэчлівых сувязях. Для стварэння рэалістычных вобразаў П. Філіпаў часта звяртаўся да свайго ваеннага вопыту (палкоўнік Рубцоў у драме «Перабежчык»), наведваў аперацыйную гарадской бальніцы ў час работы над роллю Антона Яраша («Сэрца на далоні» паводле І. Шамякіна). На гродзенскай сцэне акцёр сыграў каля паўсотні роляў, і ў кожнай новай ён спалучаў талент, багацце жыццёвага вопыту з творчым імпэтам мастака. У 1967 г. праца П. Філіпава была адзначана ганаровым званнем «Заслужаны артыст БССР».
З 1968 г. да 1975 г. акцёр працаваў у Гомельскім абласным драматычным тэатры, дзе ён пераканаўча сыграў ролі Чабутыкіна («Тры сястры» А. Чэхава), дзядзькі Вано («Не трывожся, мама!» паводле Н. Думбадзэ), Зянона Раговіча («Рудабельская рэспубліка» паводле С. Грахоўскага), Уладзіміра Каравая («Таблетку пад язык» А. Макаёнка), акадэміка Карэева («Залатая карэта» Л. Лявонава), доктара Скарапада («Усяго адно жыццё» А. Маўзона), Барміна («Антаніна» Г. Мамліна).
Створаныя ім вобразы вызначаліся пераканальнасцю, абаяльнасцю і тэмпераментам. Асаблівай удачай акцёра стала роля старшыні калгаса «Маяк» Уладзіміра Каравая ў камедыі-рэпартажы А. Макаёнка «Таблетку пад язык». У выкананні П. Філіпава Уладзімір Каравай – чалавек, якога клапоціць справа, якой ён служыць – зямля, хлеб... Старшыня – сталы чалавек, які падчас спектакля пачынае глыбей разумець змены ў жыцці, імклівы бег часу, і ў выніку штосьці пераадольвае ў сабе – звыклае, завучанае раней. Дзякуючы прафесіяналізму артыста гледачы змаглі адчуць эмацыянальную плынь пачуццяў, ход інтэлектуальных разважанняў героя П. Філіпава.
Ігра акцёра вызначалася высокай выканаўчай культурай, псіхалагізмам, сакавітасцю, для яго не існавала «другарадных» паказаў. На сталічнай сцэне ці на падмостках калгаснага клуба П. Філіпаў – тэмпераментны мастак, які аддаваў ролі ўвесь напал пачуццяў.
Таленавіты майстар, яркі і глыбокі артыст пайшоў з жыцця ў лютым 2005 г.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.