Краткая справка:
спартсменка (веславанне акадэмічнае), заслужаны майстар спорту СССР, чэмпіёнка XXII летніх Алімпійскіх гульняў (1980, Масква), бронзавы прызёр XXV летніх Алімпійскіх гульняў (1992, Барселона), чэмпіёнка свету (1981–1983), мнагакратная чэмпіёнка СССР, узнагароджана ордэнамі "Знак Пашаны" і Дружбы народаў
Имена на других языках:
Khloptseva Elena (не определен); Хлопцева Елена Ивановна (русский);
3270 символов
Справка
Яшчэ ў дзяцінстве Алену Хлопцаву лічылі перспектыўнай спартсменкай: у 12 гадоў яна з’яўлялася майстрам спорту СССР па плаванні. З цягам часу спартыўныя вынікі Алены перасталі паляпшацца. Каб вывесці вучаніцу на новы ўзровень, трэнер Рыма Пятроўна Войцік прыкладвала вялікія намаганні, аднак паляпшэнне не наступала. Праз некаторы час трэнер пазнаёміла Алену з Ядвігай Леанардаўнай Руткоўскай, трэнерам па акадэмічным веславанні.
Ядвіга Руткоўская адразу заўважыла, што па сваіх фізічных даных пятнаццацігадовая Алена Хлопцава вельмі здатная да заняткаў акадэмічным веславаннем. Спачатку дзяўчына не вельмі ахотна наведвала трэніроўкі, аднак старанна і добрасумленна выконвала ўстаноўкі трэнера. Вынікі не заставілі сябе чакаць: праз год Алена Хлопцава ўвайшла ў склад зборнай СССР.
Да Гульняў ХХІІ летняй Алімпіяды ў Маскве трэнер дарослай жаночай каманды СССР Віктар Сцяпанавіч Алёшын вырашыў падрыхтаваць парную двойку, якая магла б прэтэндаваць на алімпійскае золата. Ён вырашыў пасадзіць у адну лодку Алену Хлопцаву разам з эстонскай спартсменкай Рэет Пальм. У 1977 г. дзяўчаты сталі чэмпіёнкамі СССР, аднак на чэмпіянаце свету занялі толькі дзясятае месца. Пасля чэмпіянату свету Алене Хлопцавай разам з Наталляй Козачкінай, Вольгай Васільчанка і Рэет Пальм прапанавалі ўвайсці ў склад парнай чацвёркі. Гэты квартэт стаў бронзавым прызёрам чэмпіянату свету 1978 г., аднак у наступным годзе дзяўчаты занялі чацвёртае месца і засталіся без медалёў.
У маі 1980 г. Алена Хлопцава паспрабавала сябе ў пары з Ларысай Паповай. Незадоўга да маскоўскай Алімпіяды ў Літве праводзіліся міжнародныя спаборніцтвы “Бурштынавыя вёслы”. Гэта быў апошні адборачны перадалімпійскі турнір. Алена і Ларыса здзівілі ўсіх: дыстанцыю 1000 м яны прайшлі за 3 хвіліны і 10 секунд! У той час гэта быў сапраўдны рэкорд.
Асноўнымі прэтэндэнткамі на медалі ХХІІ Алімпіяды з’яўляліся чэмпіёнкі свету 1979 г. Карнэлія Лінзэ і Хайдзі Вестфаль з ГДР, чэмпіёнкі свету 1978 г. Светла Ацэтава і Здраўка Йарданава з Балгарыі, бронзавыя прызёркі чэмпіянату свету 1979 г. Валерыя Рэчылэ і Вольга Хомегі з Румыніі.
Алена і Ларыса не спалохаліся сваіх вопытных канкурэнтак і ў паўфінале абышлі ўсіх. У фінале дзяўчаты адразу захапілі ініцыятыву, выйгралі гонку і сталі алімпійскімі чэмпіёнкамі. Іх экіпаж стаў адзіным прадстаўніком зборнай СССР, што заваяваў залатыя медалі ў акадэмічным веславанні на маскоўскай Алімпіядзе.
Пасля завяшэння Алімпіяды Алена Хлопцава тры гады запар станавілася чэмпіёнкай свету (1981–1983). У 1984 г. выйграла міжнародныя спаборніцтвы “Дружба-84”. У 1986 г. завяршыла спартыўную кар’еру, але праз два гады зноў увайшла ў склад зборнай.
Напярэдадні Алімпіяды ў Барселоне ў 1992 г. вядомы беларускі трэнер Анатоль Квяткоўскі вырашыў сабраць жаночую парную чацвёрку. У склад экіпажа акрамя мінчанак Алены Хлопцавай і Кацярыны Хадатовіч увайшлі масквічка Антаніна Зеляковіч і кіеўлянка Таццяна Усцюжаніна. Дзяўчаты апраўдалі надзеі трэнера і сталі бронзавымі прызёрамі ХХV летніх Алімпійскіх гульняў. Бронзавы медаль жаночага экіпажа стаў адзінай узнагародай аб’яднанай каманды ў акадэмічным веславанні.
Даведка падрыхтавана на аснове матэрыялаў сайта Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь у 2019 г.