Дата рождения:
17.09.1920 Дубаўляны, вёска, Мінскі раён
Дата смерти:
07.09.2002
Краткая справка:
удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, поўны кавалер ордэна Славы, узнагароджаны двума ордэнамі Айчыннай вайны І ступені, ордэнамі Чырвонай Зоркі, «За службу Радзіме» ІІІ ступені, медалямі, знакам «Выдатнік ваеннага будаўніцтва»
Имена на других языках:
Тиханович Михаил Григорьевич (русский); Тихонович Михаил Григорьевич (русский);
2967 символов
Справка
Міхаіл Рыгоравіч Ціхановіч нарадзіўся ў вёсцы Дубаўляны Мінскага раёна ў сялянскай сям’і. У дзяцінстве рана асірацеў і выхоўваўся дзядзькам у Мінску. Скончыў сем класаў сярэдняй школы, школу фабрычна-заводскага вучнёўства. Працаваў тынкоўшчыкам на гарадскіх будоўлях, потым пераехаў у Омск.
У кастрычніку 1940 г. М.Р. Ціхановіч быў прызваны ў Чырвоную Армію, праходзіў службу ў сапёрных частках. У час Вялікай Айчыннай вайны змагаўся на Паўднёвым, Заходнім, Варонежскім, Цэнтральным, 1-м і 4-м Украінскім франтах, удзельнічаў у абароне Адэсы і Севастопаля, ваяваў на Крымскім паўвостраве. Прымаў удзел у Варонежска-Касторненскай, Харкаўскай, Роўна-Луцкай, Праскураўска-Чарнавіцкай, Львоўска-Сандамірскай наступальных аперацыях.
У час наступлення на Курск група сапёраў пад камандаваннем Ціхановіча пад моцным варожым агнём размініравала два мінных палі праціўніка. Міхаіл Ціхановіч асабіста абясшкодзіў 18 супрацьпяхотных мін. У ноч перад наступленнем сапёры зрабілі праходы ў драцяных загародах праціўніка і тым самым забяспечылі хуткае прасоўванне пяхоты наперад. За асабістую мужнасць у жніўні 1943 г. М.Р. Ціхановіч быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.
У ходзе Праскураўска-Чарнавіцкай наступальнай аперацыі 26 чэрвеня 1944 г. у раёне горада Цярнопаля М.Р. Ціхановіч са сваёй сапёрнай групай забяспечыў разведчыкам праход праз мінныя палі праціўніка. Ён асабіста абясшкодзіў 30 мін. У ліпені 1944 г. малодшы сяржант Ціхановіч быў узнагароджаны ордэнам Славы ІІІ-й ступені.
Міхаіл Ціхановіч прымаў актыўны ўдзел у разведачных аперацыях дывізіі на тэрыторыі Падкарпацкага ваяводства Польшчы ў кастрычніку-лістападзе 1944 г. Выявіў шэсць закрытых доўгачасовых абараняльных кропак і міннае поле праціўніка, зняў 30 супрацьпяхотных мін. У ходзе Вісла-Одэрскай стратэгічнай наступальнай аперацыі М.І. Ціхановіч правёў разведку і адшукаў месца пераправы цераз Віслу, выявіў і абясшкодзіў 14 супрацьтанкавых мін і тым самым паскорыў рух воінскіх частак. У лютым 1945 г. старшы сяржант Ціхановіч быў узнагароджаны ордэнам Славы ІІ-й ступені. У сакавіку 1945 г. Міхаіл Рыгоравіч Ціхановіч быў узнагароджаны ордэнам Славы ІІ-й ступені паўторна.
У ліпені 1945 г. ён быў дэмабілізаваны і вярнуўся ў Мінск. Працаваў у ваенна-будаўнічых арганізацыях Беларускай ваеннай акругі.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 19 жніўня 1956 г. загад ад 13 сакавiка 1945 г. быў адменены і Міхаіл Рыгоравіч Ціхановіч быў узнагароджаны ордэнам Славы І-й ступені і стаў поўным кавалерам ордэна Славы.
У 1970-я гг. Міхаіл Ціхановіч працаваў на будоўлях Мінска. У 1983 г. выйшаў на заслужаны адпачынак. Узнагароджаны ордэнамі Славы І-й, ІІ-й і ІІІ-й ступеняў, двума ордэнамі Айчыннай вайны І-й ступені, ордэнам Чырвонай Зоркі, ордэнам «За службу Радзіме» ІІІ-й ступені, медалямі. Адзначаны знакам «Выдатнік ваеннага будаўніцтва», ганаровай граматай Беларускага рэспубліканскага Савета ветэранаў вайны.
Пераклад 2021 г. матэрыялаў інтэрнэт-праекта «Герои страны».