Дата рождения:
26.05.1900 Мхінічы, в., Чэрыкаўскі павет, Магілёўская губерня (цяпер Краснапольскі раён, Магілёўская вобласць)
Дата смерти:
26.04.1984
Краткая справка:
вучоны ў галіне механікі грунтоў, фундаментабудавання і інжынернай геалогіі, заснавальнік інжынернага мерзлатазнаўства (геакрыялогіі) і геамеханікі, член-карэспандэнт АН СССР, заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі Расіі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1950), Герой Сацыялістычнай Працы (1980), узнагароджаны двума ордэнамі Леніна, ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, ордэнам «Знак Пашаны», медалямі
Имена на других языках:
Цытович Николай Александрович (русский);
3360 символов
Справка
Мікалай Аляксандравіч Цытовіч нарадзіўся ў вёсцы Мхінічы Краснапольскага раёна Магілёўскай вобласці. Пасля заканчэння Мсціслаўскай мужчынскай гімназіі два гады працаваў настаўнікам фізікі ў Маляціцкай школе. У 1921–1927 гг. навучаўся ў Петраградскім інстытуце грамадзянскіх інжынераў (у 1924-1930 гг. меў назву Ленінградскі інстытут грамадзянскіх інжынераў.) Першай яго інжынернай працай стала рэканструкцыя шпіля Адміралцейства ў Ленінградзе.
Пасля заканчэння інстытута М.А. Цытовіч паступіў у аспірантуру, займаўся праблемамі праектавання і будаўніцтва інжынерных аб’ектаў у вобласці вечнай мерзлаты. Пры падтрымцы заснавальніка мерзлатазнаўства М.І. Сумгіна арганізаваў лабараторыю для вывучэння фізіка-механічных уласцівасцяў мерзлых грунтоў і лёду.
У 1928 г. М.А. Цытовіч апублікаваў манаграфію, у якой была распрацавана методыка разліку фундаментаў збудаванняў на мерзлай аснове і прыведзены спосабы іх замацавання ў мерзлых грунтах. Гэтая праца і шэраг артыкулаў, прысвечаных ацэнцы мерзлых грунтоў, паставілі маладога вучонага ў шэраг вядучых спецыялістаў у галіне інжынернага мерзлатазнаўства.
Пасля абароны кандыдацкай дысертацыі М.А. Цытовіч пачаў педагагічную дзейнасць асістэнтам, а з 1934 г. дацэнтам кафедры асноў і фундаментаў. У якасці кансультанта Камісіі Акадэміі навук СССР удзельнічаў у праектаванні некалькіх буйных прамысловых аб’ектаў, размешчаных у вобласці распаўсюджвання вечнай мерзлаты.
У 1937 г. сумесна з М.І. Сумгіным напісаў буйную абагульняючую працу «Основы механики мерзлых грунтов». Выданне гэтай кнігі спрыяла развіццю інжынернага мерзлатазнаўства ў нашай краіне і за мяжой. У 1940 г. Мікалай Аляксандравіч апублікаваў фундаментальную працу «Механика грунтов», паспяхова абараніў па гэтай тэме доктарскую дысертацыю.
З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны вучоны вёў вялікую практычную работу па будаўніцтве ўмацаванняў у наваколлях Ленінграда, займаўся выкладчыцкай і навуковай дзейнасцю. У 1943 г. А.Н. Цытовіч і быў выбраны прафесарам Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта і членам-карэспандэнтам АН СССР.
У 1947 г. вучоны быў запрошаны на працу ў Маскву ў Інстытут мерзлатазнаўства АН СССР на пасаду намесніка дырэктара. Адначасова па даручэнні Прэзідыума АН СССР стаў арганізатарам і старшынёй Прэзідыума Якуцкага філіяла Акадэміі навук CCCP. З 1952 г. загадваў кафедрай Маскоўскага інжынерна-будаўнічага інстытута імя Куйбышава, быў кіраўніком праблемнай навукова-даследчай лабараторыі.
Мікалай Цытовіч апублікаваў каля 360 навуковых прац, у тым ліку 25 манаграфій, большасць з якіх перакладзена на замежныя мовы. Пад яго навуковым кіраўніцтвам падрыхтавана больш за 60 кандыдацкіх і 20 доктарскіх дысертацый.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 2 чэрвеня 1980 г. за вялікія заслугі ў развіцці будаўнічай навукі, плённую навукова-педагагічную дзейнасць і ў сувязі з васьмідзесяцігоддзем са дня нараджэння Мікалаю Аляксандравічу Цытовічу было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля «Серп і Молат».
Мікалай Цытовіч – лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1950), заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі РСФСР, член-карэспандэнт Акадэміі навук СССР. Узнагароджаны двума ордэнамі Леніна, ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, ордэнам «Знак Пашаны», медалямі.
Пераклад 2021 г. матэрыялаў інтэрнэт-праекта «Герои страны».