Галіна Іванаўна Цэпава нарадзілася ў паселку Сормава Ніжагародскай губерні (цяпер у межах Ніжняга Ноўгарада). У 1936 г. скончыла Горкаўскі музычны тэхнікум (цяпер Ніжагародскі музычны каледж імя М.А. Балакірава), у 1936 г. – Дзяржаўны інстытут тэатральнага мастацтва ў Маскве (цяпер Расійская акадэмія тэатральнага мастацтва). Пасля заканчэння інстытута Г. Цэпава працавала ў Куйбышаўскім тэатры оперы і балета (цяпер Самарскі тэатр оперы і балета).
З 1938 г. Г. Цэпава – салістка Дзяржаўнага тэатра оперы і балета Беларусі (цяпер Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь). Ужо ў красавіку 1939 г. яна выконвала партыю Хрысцінкі ў оперы А. Туранкова “Кветка шчасця”. Твор быў напісаны па матывах драмы М. Чарота “На Купалле”, у напісанні лібрэта прымалі ўдзел П. Броўка і П. Глебка. Маладая спявачка Г. Цэпава ўдала стварыла вобраз простай і вясёлай вясковай дзяўчыны. Жывы характар Хрысцінкі, яе непасрэдныя адносіны да жыцця прынеслі ў спектакль многа шчырага гумару, аптымізму, радасці, сваім вясёлым і лёгкім характарам яна як бы адцяняла драматызм перажыванняў галоўнай гераіні.
Восенню 1939 г. адбылася другая пастаноўка гераічнай оперы Я. Цікоцкага “Міхась Падгорны”. Опера апісвае падзеі, якія адбываюцца ў вёсцы падчас Першай сусветнай і грамадзянскай войн. У цэнтры падзей – каханне батрака Міхася і Марысі, якую бацькі прымусам аддаюць замуж за багатага аднавяскоўца. Вялікая Кастрычніцкая рэвалюцыя ўносіць карэнныя змены ў лёс закаханых: Марыся пакідае нялюбага мужа і застаецца з Міхасём. Г. Цэпава выконвала партыю вясковай дзяўчыны Ганкі. Крытыкі заўважалі выдатнае выкананне партыі, удалае раскрыццё вобраза гераіні маладой спявачкай. Наогул, пастаноўка оперы “Міхась Падгорны” атрымала вельмі добрыя ацэнкі з боку гледачоў і крытыкаў.
У пачатку 1940-х гг. Г. Цэпава карысталася вядомасцю і любоўю гледачоў, перад ёй адкрываліся шырокія перспектывы творчага росту. Аднак свае карэктывы ўнесла Вялікая Айчынная вайна.
На пачатку вайны спявачка разам з вядучымі артыстамі тэатра працавала ў Маскве. Яна прымала ўдзел у канцэртах беларускіх артыстаў, якія з вялікім поспехам праходзілі ў канцэртных залах, воінскіх часцях і шпіталях. Дзейнасць франтавых брыгад знаходзіла жывы водгук у гледачоў, выклікала ўсхваляваныя пачуцці дзякуючы разнастайнай праграме і высокаму выканальніцкаму майстэрству. Вялікім поспехам карысталіся фрагменты з беларускіх опер “Кветка шчасця” А. Туранкова, “У пушчах Палесся” А. Багатырова, “Міхась Падгорны” Я. Цікоцкага, арыі з класічных опер рускіх і замежных кампазітараў, народныя песні і рамансы.
З сярэдзіны 1942 г. Г. Цэпава працавала ў Горкаўскім оперным тэатры імя А.С. Пушкіна. Яна выконвала партыі ў операх “Яўген Анегін” П. Чайкоўскага (Вольга), “Русалка” А. Даргамыжскага (Княгіня).
У верасні 1944 г. спявачка разам з калектывам тэатра вярнулася ў Мінск. Адначасова з падрыхтоўкай рэпертуарных спектакляў яна прымала ўдзел у канцэртах у Мінску і іншых гарадах Беларусі, вызваленых ад фашысцкіх захопнікаў.
У пасляваенны час Г. Цэпава многа і плённа працавала ў тэатры, яе творчая манера вызначаецца сцэнічным тэмпераментам, разнастайнасцю сродкаў для дасягнення псіхалагічнай дакладнасці вобразаў. Спявачка выконвала драматычныя і характарныя партыі, якія адзначаліся каларытнасцю, яркімі жанрава-бытавымі фарбамі: яе Салоха (опера П. Чайкоўскага “Чаравічкі”) – жывы і па-сапраўднаму прывабны чалавек; Няніла (опера М. Рымскага-Корсакава “Садко”) – яркі сцэнічны вобраз, які вылучаецца рэалістычнай манерай вакальна-акцёрскага выканння.
Творчасць спявачкі была высока ацэнена – у 1955 г. Галіне Цэпавай было прысуджана ганаровае званне “Заслужаная артыстка БССР”.
Г. Цэпава працавала ў Дзяржаўным тэатры оперы і балета Беларусі да 1962 г. і стварыла яшчэ нямала яркіх і запамінальных вобразаў: Любаша (“Царская нявеста” М. Рымскага-Корсакава), Канчакоўна (“Князь Ігар” А. Барадзіна), Любоў (“Мазепа” П. Чайкоўскага), Кармэн (“Кармэн” Ж. Бізэ), Азучэна (“Трубадур” Дж. Вердзі), Часнікова (“Страшны двор” С. Манюшкі), Ваня (“Іван Сусанін” М. Глінкі) і інш.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.