Краткая справка:
беларускі і польскі археолаг, нумізмат, гісторык мастацтва, вядомы гродзенскі краязнавец і заснавальнік Гродзенскага дзяржаўнага гістарычна-археалагічнага музея
Имена на других языках:
Jodkowski Jόzef (польский); Иодковский Юзеф (русский); Йодковский Юзеф (русский);
5318 символов
Справка
Юзаф Ядкоўскі, краязнавец, даследчык помнікаў старажытнасці Панямоння, з’яўляецца адной са знакавых асоб у гісторыі Гродна.
Нарадзіўся ён у сям’і рамеснікаў. Першапачатковую адукацыю атрымаў дома, пасля чаго паступіў у Гродзенскую мужчынскую гімназію. Дзякуючы настаўніку гісторыі Я. Ф. Арлоўскаму захапіўся мінулым роднага краю. Вандраваў з сябрамі па памятных ваколіцах горада, знаёміўся з архітэктурнымі помнікамі, збіраў старажытныя манеты і інш. У гэты ж перыяд пачаў пісаць першыя краязнаўчыя нарысы, якія друкаваў у выданнях «Віленская газета» («Dziennik Wilenski») і «Святавіт» («Swiatowit»). З-за ўдзелу ў патрыятычным руху Юзаф вымушаны быў пакінуць гімназію і завяршаць адукацыю ў Варшаве. Тут жа некаторы час працаваў у археалагічным музеі і ўдзельнічаў у раскопках. У далейшым удасканальваў свае мастацкія здольнасці ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства. Затым вучыўся ў Імператарскім Маскоўскім археалагічным інстытуце, дзе абараніў дысертацыю на тэму «О литовской гривне в связи с вопросом о древнейших денежных единицах в Литве» і атрымаў званне «вучонага археолага» (1912).
Пасля заканчэння навучання Ю. Ядкоўскі працаваў лабарантам у археалагічным інстытуце, затым – у Маскоўскім Румянцаўскім музеі, дзе займаўся складаннем інвентароў помнікаў гісторыі і архіўных дакументаў, вывезеных з тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай. Актыўна супрацоўнічаў з рознымі навуковымі таварыствамі. Як член Імператарскага Маскоўскага археалагічнага таварыства быў накіраваны ў якасці дзяржаўнага кансерватара ў Віленскую, Гродзенскую і Мінскую губерні. У 1910–1914 гг. ён вывучаў архівы губерній, займаўся археалагічнымі даследаваннямі, рабіў замалёўкі і фотаздымкі помнікаў архітэктуры. Выступіў за захаванне Сынкавіцкай царквы-крэпасці, Мірскага замка, іканастаса царквы Дабравешчання Прасвятой Багародзіцы ў г. Супрасль (цяпер тэрыторыя Польшчы), касцёла з фрэскамі Л. Губля ў в. Гарадзішча (Пінскі павет) і інш. Сярод публікацый гэтага перыяду: «Война с фресками», «Записка о Сынковичской церкви» (1912), «Умацаваныя храмы на Літве» (1914) і інш.
У гады Першай сусветнай вайны займаўся арганізацыяй эвакуацыі гістарычных каштоўнасцей, працаваў санітарам у шпіталі. У час савецка-польскай вайны 1920 г. удзельнічаў у ваенных дзеяннях. Пасля дэмабілізацыі з польскай арміі некаторы час з’яўляўся кансерватарам у Беластоцкім ваяводстве, потым вярнуўся ў Гродна (у гэты перыяд тэрыторыя Польшчы), дзе стаў кіраўніком Камісіі апекі над помнікамі гісторыі і культуры пры Гродзенскім старостве. Займаўся збіраннем матэрыялаў аб помніках археалогіі і гісторыі Гродна і Гродзенскага павета, склаў іх дзяржаўны спіс (1922, 1930). Важным напрамкам дзейнасці гэтага перыяду стала работа па арганізацыі ў горадзе музея. Дзяржаўны музей у Гродне (цяпер – Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей) стаў адметнай часткай культурнага жыцця горада. Юзаф Ядкоўскі наладзіў кантакты з музеямі і бібліятэкамі Літвы, Польшчы, Украіны, якія дапамаглі папоўніць фонды музея, дабіўся перадачы ў яго карыстанне часткі Старога замка (1924), наладзіў выданне штогодніка «Музей у Гродне» («Muzeum w Grodnie»). Намаганнямі даследчыка былі арганізаваны музейная бібліятэка (каля 15 тыс. тамоў), сабраны калекцыі археалогіі, нумізматыкі, этнаграфіі, мастацкіх твораў і дакументаў.
На пасадзе захавальніка музея Ю. Ядкоўскі актыўна заняўся навуковай дзейнасцю. Праводзіў археалагічныя раскопкі ў Ваўкавыску (1925), на Замкавай Гары ў Гродне (1932–1933), дзе выявіў княжацкі церам, рэшткі двух мураваных храмаў (пазней атрымалі назвы Ніжняя і Верхняя цэрквы). У 1935 г. даследаваў Каложскую царкву, якую датаваў ХІ ст. Юзаф Ядкоўскі – аўтар больш за 100 навуковых прац і артыкулаў, асноўная частка якіх была звязана з правядзеннем археалагічных раскопак, апісаннем і ўвядзеннем у навуковы ўжытак разнастайных помнікаў матэрыяльнай культуры і рукапісаў. Сярод іх – манаграфія «Гродна» (1923), кніга «Ваўкавыскае гарадзішча» (1925), артыкулы «Гродзенскія цэхі ў даўніх стагоддзях» (1926), «Гродна і ваколіцы на золку гісторыі Літвы і Русі над Нёманам» (1928), «Назвы плошчаў і вуліц гродзенскіх» (1932), турыстычны даведнік «Гродна і ваколіцы. Аўгустоўскія азёры. Сувалшчына» (1934) і інш. Значны ўклад унёс ён таксама ў вывучэнне і папулярызацыю гісторыі паўстання 1863–1864 гг. на Гродзеншчыне: збіраў звесткі, выступаў з публічнымі паведамленнямі, публікаваў знойдзеныя крыніцы, склаў першы біяграфічны слоўнік удзельнікаў паўстання. Сярод публікацый таксама: «1863 год у Гродзенскім павеце», «Святое Балота», «Рамуальд Траўгут» (1921), «1863 год у Гродзенскім павеце: нататкі і дапаўненні» (1923), «Сілуэты 1863 года» (1926) «У 70 гадавіну студзеньскага паўстання» (1933) і інш.
У 1937 г. Ю. Ядкоўскі пераехаў у Варшаву. Працаваў у мастацкіх зборах Варшаўскага замка. Пасля Другой сусветнай вайны і да канца жыцця займаўся аднаўленнем нумізматычнага кабінета Польскага нацыянальнага музея, кіраваў дзейнасцю Варшаўскага нумізматычнага таварыства.
Плённая праца Ю. Ядкоўскага спрыяла вывучэнню і захаванню помнікаў культуры і архітэктуры Гродзеншчыны. Менавіта дзякуючы глыбокім ведам і шырокаму колу навуковых інтарэсаў вучонага фонды музеяў у Гродне, Беластоку і Варшаве маюць зараз унікальныя калекцыі археалогіі, нумізматыкі, этнаграфіі, твораў народнага мастацтва і дакументаў.