Аляксей Антонавіч Яфрэменка нарадзіўся 17 сакавіка 1910 г. у вёсцы Грыбы Чэрыкаўскага павета Магілёўскай губерні (цяпер у межах Краснапольскага раёна Магілёўскай вобласці) у сялянскай сям'і.
З ліпеня 1934 г. у БССР пачалося стварэнне вандроўных калгасных тэатраў. Барысаўскі калгасна-саўгасны тэатр, у якім у 1935 г. пачаў сваю творчую дзейнасць Аляксей Яфрэменка, быў створаны на базе мясцовага тэатра рабочай моладзі, але значную частку трупы складалі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці. Аляксей Антонавіч успамінаў, што і ён трапіў у Барысаўскі тэатр выпадкова: вяртаўся з заняткаў і ўбачыў вялізную чаргу перад клубам хімікаў. На яго запытанне, у чым справа, адказалі, што прымаюць заявы ад усіх жадаючых працаваць у тэатры. Яфрэменка таксама напісаў заяву і праз некалькі дзён спяваў, чытаў вершы, танцаваў і нават упершыню ў жыцці рабіў эцюд. Так пачалося авалоданне новай, складанай прафесіяй акцёра, дзе прафесійныя навыкі, акцёрскае майстэрства набывалася праз жыццёвы вопыт, кантакты з мясцовымі жыхарамі.
Над тэатрам узяў шэфства БДТ-1 (цяпер Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы) і яго рэжысёр П. Данілаў, пад кіраўніцтвам якога маладыя акцёры спасцігалі законы сцэнічнай творчасці. Акрамя спектакляў рыхтавалі канцэртныя праграмы для калгасаў. Аляксей Яфрэменка ўваходзіў у склад літаратурнай групы, якая складала сатырычныя прыпеўкі, рыхтавала невялікія скетчы, выпускала насценгазету для выкрыцця недахопаў у працы калгаснікаў.
У 1938 г. Барысаўскі калгасна-саўгасны тэатр быў пераведзены ў Заслаўе. На працягу 1938–1939 гг. Заслаўскі калгасна-саўгасны тэатр аб'ездзіў з гастролямі Заходнюю Беларусь: даваў спектаклі для воінскіх часцей, насельніцтва гарадоў і мястэчак. Калектыў тэатра першым ажыццявіў пастаноўку п'есы К. Крапівы «Партызаны». А. Яфрэменка выканаў ролю Батуры. Крытыка адзначыла цвёрды характар, востры розум героя, які добра ведаў, за каго і за што ён змагаецца. Спектакль стаў значным мастацкім дасягненнем тэатра: на Усесаюзным фестывалі калгасна-саўгасных тэатраў у Маскве вясной 1939 г. спектакль «Партызаны» падзяліў першае месца з Горкаўскім калгасна-саўгасным тэатрам.
У 1939 г. тэатр быў перайменаваны ў Пінскі абласны драматычны тэатр (дзейнічаў у 1939–1941 гг., 1946–1954 гг.). У даваенны час у рэпертуары тэатра прысутнічалі творы беларускай, рускай, замежнай класічнай драматургіі.
Вялікая Айчынная вайна застала А. Яфрэменку ў Мінску, дзе ён на працягу 1941–1944 гг. працаваў у Мінскім беларускім тэатры.
Адразу пасля вызвалення (жнівень 1944 г.) акцёр прыязджае ў Мазыр і пачынае працаваць у Палескім абласным драматычным тэатры імя Я. Купалы.
З 1946 г. і да 1954 г. А. Яфрэменка працуе ў адноўленым Пінскім абласным драматычным тэатры. Сярод яго лепшых роляў гэтага часу хітраваты перасмешнік Пустарэвіч («Паўлінка» Я. Купалы), патрыёт Кропля («Канстанцін Заслонаў» А. Маўзона), рабочы Міхееў («Далёка ад Сталінграда» А. Сурава), дасціпны, дабрадушны Мацей («Несцерка» В. Вольскага). Сярод артыстаў трупы А. Яфрэменка вызначаўся сваёй яркай творчай індывідуальнасцю.
У 1954 г. акцёр разам з трупай Пінскага абласнога драматычнага тэатра пераязджае ў Магілёў. Тэатр атрымлівае назву Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра. У гэты час А. Яфрэменка выконвае вострахарактарныя ролі бытавога плана. Створаныя ім сцэнічныя вобразы вызначаюцца яркасцю сацыяльных характарыстык, сакавітым народным гумарам, трапнымі дэталямі, жыццёвай верагоднасцю і адметнасцю. Акцёр дакладна падбірае асабісты рэквізіт для кожнага персанажа, знаходзіць належную для яго экіпіроўку. Сярод лепшых роляў А. Яфрэменкі ў Магілёўскім тэатры: Барадач («Гады навальнічныя» К. Губарэвіча), дзед Муха («Дняпроўскі рубеж» Я. Тарасава), Вярэніч («Трывога» А. Петрашкевіча), дзед Шчукар («Узнятая цаліна» паводле М. Шолахава), Трубач («Ягор Булычоў і іншыя» М. Горкага), Сілан («Гарачае сэрца» А. Астроўскага), Скварэц («Ленінградскі праспект» І. Штока), Валодзька Хірамант («Канец Хітрова рынка» паводле А. Бязуглава і Ю. Кларава), Дон Луіс («Каханне не жарты» П. Кальдэрона).
У 1967 г. Аляксей Антонавіч Яфрэменка атрымаў ганаровае званне «Заслужаны артыст Беларусі».
На працягу сарака гадоў творчай працы ў тэатры А. Яфрэменка з'яўляўся няўрымслівым мастаком, які дзяліў з калегамі радасці творчых адкрыццяў, асэнсоўваў вопыт мастацкага пошуку.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.