Нэлі Багуслаўская нарадзілася 21 чэрвеня 1935 г. у Крывым Розе (Украіна).
У першы дзень Вялікай Айчыннай вайны шасцігадовая дзяўчынка згубілася і знайшла родных толькі ў 1943 г. Спявачкай стала нечакана. На тэкстыльнай фабрыцы, дзе яна працавала, быў абвешчаны агляд самадзейнасці. Нэлі прадставіла свой вакальны нумар, пасля чаго журы прыйшло да адзінага рашэння – адправіць дзяўчыну вучыцца вакалу.
Скончыла музычнае вучылішча ў Душанбэ па класе вакалу (1958), працавала салісткай у Разані, Днепрапятроўску, Чарнігаве. З 1962 г. – салістка Беларускай дзяржаўнай філармоніі (да 1987).
У 1966 г. Н. Багуслаўская перамагла ў вельмі прадстаўнічым І Усесаюзным конкурсе савецкай песні ў Маскве. З гэтага часу пачынаюць выходзіць яе пласцінкі з песнямі І. Дунаеўскага, А. Фельцмана, Д. Тухманава, У. Шаінскага, І. Лучанка і іншых вядомых кампазітараў. У 1967 г. быў заснаваны ансамбль «Орбита-67», мастацкім кіраўніком якога быў прафесійны акардэаніст І. Капланаў. У гэтым ансамблі пачынаў сваю творчую дзейнасць У. Мулявін, тут жа пачала выступаць і Н. Багуслаўская. Хутка І. Капланаў стаў яе мужам. У перыяд з 1986 г. па 1995 г. сямейны дуэт праследавалі хваробы. Па гэтай прычыне ў гэты час яны не выступалі.
З 1995 г. Н. Багуслаўская выступала ў зборных канцэртах і з сольнымі праграмамі ў дуэце з мужам – піяністам, кампазітарам, аранжыроўшчыкам і спеваком. Спявала на рускай і беларускай мовах. Яе выканальніцкая манера вабіць мяккасцю, шчырасцю, спалучэннем увагі да слова з пластычным, натуральным узнаўленнем вакальнай мелодыі. Сярод найбольш вядомых песень – “Белая Русь” (муз. Ю. Семянякі), “Спадчына” (муз. І. Лучанка), цыкл “Помню” (муз. Я. Глебава), “Первый вальс” (муз. А. Шандароўскага), “Рыжая осень” (муз. І. Лучанка), “Собирала перышки” (муз. І. Капланава), “Исповедь ” (муз. І. Капланава), “Тумановы вечар” (муз. Н. Яцкова), “Баллада о танго” (А. і М. Візіцкія) і інш. Нэлі Багуслаўская – неаднаразовы ўдзельнік журы конкурсу маладых выканаўцаў на фестывалі “Залаты шлягер”.
Спявачка шмат гастралявала па краіне, выступала за мяжой, прымала ўдзел у культурнай праграме “Экспо-67”, Міжнародным фестывалі “Славянскі базар у Віцебску” (неаднаразова).
У 1975 г. ёй было прысвоена ганаровае званне “Заслужаная артыстка БССР”.
Нэлі Багуслаўская і Ізмаіл Капланаў – творчы і сямейны дуэт. Доўгажыхары сцэны, якія збераглі маладосць душы. На вялікі жаль, 27 сакавіка 2011 г. у час канцэрта ў Дзяржынску перастала біцца сэрца Ізмаіла Львовіча Капланава.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.