Дата рождения: 29.09.1955 Сянно, г., Віцебская вобласць
Краткая справка: акцёр, рэжысёр, тэлевядучы, грамадскі дзеяч, заслужаны артыст Беларусі
Имена на других языках: Давыдько Геннадий Брониславович (русский);
У беларускай культуры асаблівае месца займае Генадзь Браніслававіч Давыдзька, які вылучаецца сваёй шматграннай дзейнасцю.
Нарадзіўся ён у г. Сянно Віцебскай вобласці. Школьныя гады правёў у в. Сеймчан Магаданскай вобласці на Калыме, куды ў 1960 г. прыехалі яго бацькі, студэнцкія прайшлі на Далёкім Усходзе. Вучыўся на акцёрскім факультэце ў Далёкаўсходнім педагагічным інстытуце мастацтваў ва Уладзівастоку, які скончыў у 1977 г. Працоўную дзейнасць пачаў акцёрам у Арэнбургскім абласным драматычным тэатры імя М. Горкага. Калі служыў у радах Узброеных Сіл, сям’я вярнулася з Калымы ў Беларусь. Дэмабілізаваўшыся, Г. Давыдзька пераехаў да бацькоў у Бабруйск. Добрай прафесійнай школай стала работа ў 1980–1982 гг. у Магілёўскім абласным тэатры драмы і камедыі імя В. Дуніна-Марцінкевіча. З 1982 г. працаваў у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Я. Купалы (у 1997–2003 гг. быў яго дырэктарам). У 1991 г. скончыў рэжысёрскі факультэт Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў). У 1998 г. Г. Давыдзьку прысвоена званне заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь.
Створаныя акцёрам вобразы каларытныя, адметныя дакладным асэнсаваннем драматургічнага матэрыялу. Пераломным момантам у творчай біяграфіі Г. Давыдзькі стала выступленне ў ролі Бушцяца (“Радавыя” А. Дударава), дзе выразна праявілася ўменне выканаўцы разнастайна выкарыстоўваць сцэнічныя і жыццёвыя набыткі. Менавіта ў створаным вобразе адкрылася яго своеасаблівая акцёрская індывідуальнасць. Шчырае выяўленне асабістых адносін да справы, чалавека, жыцця садзейнічала нараджэнню пераканаўчых вобразаў сучаснікаў, новых на сцэнічных падмостках, – Драгун (“Парог” А. Дударава), Малюцін (“Апошні журавель” А. Дударава і А. Жука), Коля Цітоў (“Вяртанне” Э. Трапіева). Адметнай трактоўкай пазначаны характары класічных персанажаў – Тарцюф (“Тарцюф” Ж. Б. Мальера), Прозараў (“Тры сястры” А. Чэхава), Васьмібратаў (“Лес” А. Астроўскага). У характарным, асацыятыўна-вобразным праламленні пададзены вобраз Якуба Коласа (“Іскры ў начы” А. Асташонка, Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя В. Дуніна-Марцінкевіча). Асабліва яскрава акцёрскі талент Г. Давыдзькі праявіўся ў спектаклі “Князь Вітаўт” А. Дударава, дзе ён, як выканаўца галоўнай ролі, стварыў вобраз хрысціяніна, які не прымае здрадніцтва, жорсткасці і намагаецца правіць сваім народам па справядлівасці. Гэты спектакль прызнаны лепшым на конкурсе драматычных тэатраў Беларусі ў 1997 г. Каларытная, ёмістая ігра вылучае розныя па жанры эпізадычныя працы – ад прасякнутага трагізмам вобраза Мужыка з мяшком (“Страсці па Аўдзею” У. Бутрамеева) да востра сатырычнага тыпажу Усходняга вучонага (“Тутэйшыя” Я. Купалы). Таксама вылучаюцца і іншыя ролі – Флар’яна (“Валенсіянскія вар’яты” Лопэ дэ Вэгі), Фердынанд (“Бура” У. Шэкспіра), Адаакр (“Ромул Вялікі” Ф. Дзюрэнмата), Поршань (“Да таго як сцямнее...” У. Дазорцава), Кулеба (“Вар’яцкае жыццё” С. Злотнікава) і інш.
Як рэжысёр Г. Давыдзька ажыццявіў пастаноўкі “Смех лангусты” Дж. Марэла (1991), “Звон – не малітва” I. Чыгрынава (1992), “Гульня ў джын” Д. Кобурна (1993), “Смак яблыка” А. Дзялендзіка (1999), “Афрыка” У. Кандрусевіча і Л. Пранчака (2003), “Зоркі сёмага неба” (2009) і інш. Кіраваў народным тэатрам “Рэха” пры Палацы культуры прафсаюзаў (1983–1993), з’яўляўся стваральнікам і мастацкім кіраўніком тэатра “Бульвар смеху” (1991–1996), арыентаванага на моладзь. Сярод пастановак асаблівую цікавасць выклікалі “Рок-н-рол на саломе” і “Бульварнае чціва”.
Цэлы шэраг вобразаў акцёр стварыў у кіно і на тэлебачанні. Былі ролі як галоўныя, так і другога плана. Звярнуў на сябе ўвагу ў першай і адразу ж галоўнай ролі ў фільме “Справа для сапраўдных мужчын”. Потым зняўся ў стужках “Мама, я жывы”, “Слон”, “Узяць жывым”, “У жніўні 44-га…”, “Настасся Слуцкая”, у мностве тэлефільмаў і тэлеспектакляў, з якіх найбольш удалымі з’яўляюцца “Машэка”, “Мілы чалавек”, “Дыхайце ашчадна”, “Чужая бацькаўшчына”, “Карані”, “Камедыянт” і інш. Пра творчасць Г. Давыдзькі ў 2001 г. зняты дакументальны фільм “У палоне сваіх роляў”. Вялікую папулярнасць атрымаў ён у якасці вядучага і аўтара тэлепраграм на Беларускім тэлебачанні. На працягу шэрага гадоў Г. Давыдзька выкладаў акцёрскае майстэрства і рэжысуру ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, шмат выступаў у сродках масавай інфармацыі па праблемах тэатральнага мастацтва.
З 2004 г. Г. Давыдзька займаецца палітычнай дзейнасцю. Ён з’яўляўся дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і Парламента Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, старшынёй Камісіі па інфармацыйнай палітыцы Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі, намеснікам старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі, дэпутатам Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі, членам Камісіі па інфармацыйнай палітыцы і ўзаемадзеянні з грамадскімі аб’яднаннямі, Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе.
Сёння Г. Давыдзька – старшыня Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад”, узначальвае Савет Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва, а таксама Грамадскі савет пры Міністэрстве ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. З 2010 г. займае пасаду старшыні Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь. Ён з’яўляецца лаўрэатам прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, узнагароджаны медалём Францыска Скарыны, Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г.