Краткая справка:
скульптар, народны мастак Беларусі, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1974), прэміі Саюзнай дзяржавы (2010)
Имена на других языках:
Gumileusky Leu Mikalaevitch (английский); Гумилевский Лев Николаевич (русский);
5347 символов
Справка
У гісторыі беларускай скульптуры ХХ ст. сфарміравалася выразная мастацкая школа, якая на сённяшні дзень ганарыцца шэрагам імёнаў. Сярод іх асаблівае месца займае майстар разнастайных скульптурных жанраў і відаў Леў Мікалаевіч Гумілеўскі. Яго творчасць прыцягвае і навізной, і асаблівым ракурсам аўтарскага бачання, і пошукам складаных структур вобразаў-сімвалаў, дзе нацыянальная гісторыя і сучаснасць адлюстроўваюцца ва ўсёй сваёй паэтычнай або драматычнай дынаміцы.
Нарадзіўся мастак у Маскве. У 1933 г. сям’я пераехала ў Беларусь. Жылі спачатку ў Стара-Барысаве (Барысаўскі раён), потым у Нясвіжы, а з 1949 г. у Мінску.
Першае захапленне Л. Гумілеўскага выяўленчым мастацтвам пачалося яшчэ ў дзяцінстве, калі займаўся ў студыі М. Сеўрука ў Нясвіжы (1946–1949). Потым вучыўся ў Мінскім мастацкім вучылішчы з перапынкам на армейскую службу. У 1955 г. паступіў на аддзяленне скульптуры ў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. Урокі майстэрства браў у такіх вядомых мастакоў-выкладчыкаў, як А. Глебаў, А. Бембель, А. Мазалёў. Скончыўшы ў 1961 г. інстытут, выкладаў у Мінскай дзіцячай мастацкай школе (1961–1962), Мінскім мастацкім вучылішчы (1962–1966), Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце (1968–1972). З 1993 да 2010 г. працаваў кіраўніком майстэрні скульптуры ў дзяржаўнай установе культуры «Творчыя акадэмічныя майстэрні жывапісу, графікі і скульптуры». У 1964 г. стаў членам Беларускага саюза мастакоў. З 1958 г. пачаў прымаць удзел у рэспубліканскіх і ўсесаюзных мастацкіх выстаўках.
Больш за паўстагоддзя Л. Гумілеўскі плённа і паспяхова працуе ў галіне станковай і манументальнай скульптуры. Творчую дзейнасць пачаў з партрэта. Характэрнай рысай мастака сталі настойлівыя пошукі духоўнай сутнасці чалавека. У ранніх работах – партрэтах М.В. Фрунзэ, А.Ф. Мяснікова, Я. Купалы (у суаўтарстве з А.А. Анікейчыкам, 1962–1964), С. Рахманінава (1965), А. Бендавай (1972), А. Пушкіна і К. Каліноўскага (1977),
М. Гусоўскага (1980) Л. Гумілеўскі паказаў сябе як таленавіты і ўдумлівы скульптар, які выдатна разумее галоўныя задачы гэтага віду мастацтва і мае прынцыповую грамадзянскую пазіцыю. Партрэтная творчасць мастака стала лесвіцай ад канкрэтных вобразаў да больш складаных пошукаў у вобласці станковай кампазіцыі. Суадносіны скульптурных аб’ёмаў у прасторы, іх пластычная і выразная ўзаемасувязь для Л. Гумілеўскага не абстрактныя паняцці, а канкрэтныя праблемы творчасці, якія ён настойліва імкнуўся вырашыць у рабоце. Гэта прыкметна выявілася ў такіх скульптурных кампазіцыях, як «Скіф» (1959), «Партызаны» (1967), «Жалейка» (1982), «Экалогія» (1987), «За зямлю, за волю» (1988), «Чорная быль» (1996) і інш. Работа «Крылатая» (1973) вылучаецца высокай паэтыкай і аптымізмам. Мастак уклаў у твор і светлую мару аб будучым, і смелы парыў чалавечай фантазіі. Пазней гэта станковая скульптура перарадзілася ў цэнтральную фігуру комплексу «Змагарам за Савецкую ўладу» ў Магілёве (1982), які развівае лепшыя традыцыі беларускай манументальнай пластыкі. Пачынаючы з 1980-х гг. і да цяперашняга часу скульптар актыўна стварае нацыянальны летапіс беларускай гісторыі. Яго манументальныя і станковыя працы ўслаўляюць дзеячаў гісторыі і культуры Беларусі. Гэта алея бюстаў дзеячаў культуры ў Нясвіжы (1993), помнікі М. Багдановічу ў Ялце (2003), Кірылу Тураўскаму ў Гомелі (2004), В. Дуніну-Марцінкевічу ў Бабруйску (2008), Ф. Багушэвічу ў Смаргоні (2010), В. Ластоўскаму ў Глыбокім (2012), кампазіцыя «Балет» каля Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь у Мінску (2008) і станковыя работы: «А. Міцкевіч» (1998), «Ефрасіння Полацкая» (1999), трыпціх «Сказ аб Нясвіжы» (2006–2012), «Радзівіл Сіротка» (2015), «У. Караткевіч» (2016), «М. Танк» (2016) і інш. Значнае месца ў творчасці Л. Гумілеўскага займае купалаўская тэма, на якую былі выкананы кампазіцыі «Жалейка» (1978, гіпс; 1981, дрэва) і «Юнацтва» (1979); барэльеф «Смольня» (1992, прысвечаны першай сустрэчы Я. Купалы і Я. Коласа ў 1912 г.); «Развітанне. Жалейка» (2007). Усе яны вызначаюцца дынамічнай пластычнасцю формы і зладжанай кампазіцыяй. Вобразнай непаўторнасцю, выразнай рытмікай вылучаецца скульптура Я. Купалы ў аднайменным парку ў Мінску (1972, у суаўтарстве з А. Анікейчыкам і А. Заспіцкім). Побач з ёй знаходзіцца дэкаратыўны фантан «Купалінка», які ўспрымаецца як неад’емная частка ўсяго ансамбля. У 2005 г. у суаўтарстве створаны помнік Я. Купалу ў Маскве. У скульптурнай кампазіцыі «Песняры» (2016) Я. Купала і Я. Колас аб’яднаны дрэвам, якое па форме нагадвае ліру – сімвал паэзіі. Сярод станковых работ – «Я адплаціў народу, чым моц мая магла» (2009), «Цяпер беларускай я песні ўладар» (2014), «А хто там ідзе?» (2016), «Апошняе развітанне Уладзіславы з Янкам» (2017) і інш.
Творчая дзейнасць Л. Гумілеўскага адзначана медалямі імя М. Грэкава (1983), Ф. Скарыны (2001). Скульптар з’яўляецца лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1974), прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва (2010). У 1977 г. яму прысвоена ганаровае званне заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, а ў 1991 г. – народнага мастака Беларусі. Творы Л. Гумілеўскага знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П. В. Масленікава, Гродзенскім дзяржаўным гісторыка-археалагічным музеі, фондах Беларускага саюза мастакоў і інш.