Дата рождения:
28.11.1950 Патрыкі, в., Кобрынскі раён, Брэсцкая вобласць
Краткая справка:
мастак-ювелір, стваральнік копіі напрастольнага Крыжа, стаўратэкі і ракі прападобнай Еўфрасінні Полацкай, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1998), прэміі "За духоўнае адраджэнне" (1997), прэміі "Берасцейская зорка" (1997), Нацыянальнай прэміі Беларусі ў галіне выяўленчага мастацтва (2017), кавалер ордэна Ф. Скарыны
Имена на других языках:
Kuzmitch Mikalai Pyatrovitch (не определен); Кузьмич Николай Петрович (русский);
3472 символа
Справка
У сучасным беларускім дэкаратыўна-прыкладным мастацтве прызнанне атрымала творчасць заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь Мікалая Пятровіча Кузьміча, які вывучыў і аднавіў унікальную тэхніку старажытнавізантыйскай перагародчатай эмалі.
Нарадзіўся майстар у в. Патрыкі Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці. Спецыяльную адукацыю атрымаў у Мінскім мастацкім вучылішчы імя А. Глебава ў 1982 г. Пасля быў размеркаваны на працу на Брэсцкі мастацкі камбінат. Праз некалькі гадоў, убачыўшы ювелірныя вырабы з эмаллю, “загарэўся” гэтай справай, якая стала галоўнай у жыцці майстра. Пачынаў сваю творчую дзейнасць М. Кузьміч з невялікіх ювелірных аздабленняў з медзі, мельхіёру і бронзы. Працуючы побач з ужо вядомымі майстрамі, ён не толькі набываў каштоўны вопыт, але і выпрацоўваў уласны мастацкі стыль. Удасканальваў эмальерную тэхніку, удзельнічаючы ва ўсерасійскіх і міжнародных выстаўках у Маскве і Мінску, на сімпозіумах у Юрмале, Паланзе, Ла-Каруньі (Іспанія), Кобургу (Германія).
У 1993 г. М. Кузьміч узяўся за складаны праект – па фотанегатывах і малюнках аднавіць Крыж Еўфрасінні Полацкай, створаны ў 1161 г. знакамітым ювелірам Л. Богшам. Майстру патрэбна было не толькі ўвасобіць выгляд крыжа, але і адрадзіць забытую тэхніку перагародчатай старажытнавізантыйскай эмалі. Каля пяці гадоў працы ў маскоўскіх і пецярбургскіх музеях, архівах і сваёй майстэрні дазволілі раскрыць сакрэты тэхналогіі яе вырабу. У 1997 г. крыж быў завершаны. Пазней працаваў над стварэннем стаўратэкі для крыжа, а 2002 г. стаў пачаткам работы над новым заказам Беларускай праваслаўнай царквы – ракай Еўфрасінні Полацкай. Па памерах новая рака падобная на невялікі каўчэг. Кляновая рама-каркас апрацавана масцікай, абліцавана сярэбранымі пласцінамі і з чатырох бакоў упрыгожана бронзавымі залачонымі барэльефамі. Выявы на іх адпавядаюць архіўнаму апісанню, але адрозніваюцца ад арыгінала, бо адсутнічаюць дакладныя гістарычныя сведчанні і якасныя фотаадлюстраванні. Толькі цэнтральны барэльеф з постаццю Еўфрасінні – дакладная копія першакрыніцы XII ст. Рака, завершаная ў 2007 г., стала аўтарскім творам, які выявіў погляд чалавека нашага стагоддзя на падзеі далёкай мінуўшчыны.
На працягу ўсёй творчай дзейнасці мастак звяртаецца да стварэння работ у тэхніцы гарачай эмалі. Творы незвычайна вобразныя і выразныя. Сярод іх – эмаль “Беларуская Атлантыда”, серыі “Вежы”, “Кветкавы рай”, дэкаратыўныя кампазіцыі “Блакітныя сны”, “Купалле”, “Слуцкія паясы”, “Рэгата”, “Свята”, “Салют”, “Бабіна лета”, “Мір табе, планета Зямля”, “Памяць”, “Прастора і час”, “Рух”. Полацкія матывы, помнікі даўніны, твары беларускіх святых і яркія летнія асацыяцыі – тэмы невялікіх, але экспрэсіўных работ. Аўтар ажыўляе мінулае і стварае гармонію духу і майстэрства. Ён уводзіць у традыцыйныя тэмы новыя эксперыментальныя матывы, узбагачае іх сучаснымі прачытаннямі.
З 2004 г. М. Кузьміч узначальвае Брэсцкае абласное аддзяленне Беларускага саюза мастакоў. Ён узнагароджаны ордэнамі Святога Уладзіміра III ступені і Еўфрасінні Полацкай, ордэнам Крыжа Еўфрасінні Полацкай, медалямі князя Канстанціна Астрожскага (Польшча) і Беларускага саюза мастакоў “За заслугі ў выяўленчым мастацтве”. Мікалай Кузьміч – лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1998), прэмій “За духоўнае адраджэнне” (1997), “Берасцейская зорка” (1997). Ён стаў Чалавекам года – 1997. Бібліяграфічны цэнтр Кембрыджскага ўніверсітэта прысвоіў мастаку званне “Чалавек стагоддзя”.