Сярод таленавітых мастакоў Беларусі, прызнаных творцаў XX–XXI стст., адметнае месца займае Аляксей Васілевіч Кузьміч.
Нарадзіўся ён у в. Махро Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці ў мнагадзетнай сялянскай сям’і. У 1975 г. скончыў аддзяленне жывапісу Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута. Вучыўся ў Б. Аракчэева, А. Бараноўскага, Н. Воранава, П. Крохалева. Дыпломнай работай стала карціна “Раніца вугальнага кар’ера”, для напісання якой ён ездзіў спецыяльна ў шахцёрскі Кузбас. Палатно выканана ў рэалістычнай манеры, паказана складанае жыццё шахцёраў. Некаторы час А. Кузьміч выкладаў у Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце, але імкненне тварыць прымусіла пакінуць педагагічную дзейнасць.
Галоўнай у творчасці мастака стала тэма мацярынства, якая з’явілася невыпадкова. Ён рос у сям’і, дзе было сямёра дзяцей, прычым пяць – дзяўчынкі. Бацька памёр рана, і дзяцей выхоўвала маці. Адсюль у творчасці – пакланенне перад жанчынай, выбар вобраза Мадонны быў наканаваны лёсам. Аляксей Кузьмiч стварыў каля тысячы палотнаў, у якiх нястомна шукаў iдэал беларускай жанчыны. Ён то звяртаўся да сівай даўнiны (“Ефрасiння Полацкая” і “Плач Рагнеды” (1990)), то ствараў вобразы славутых беларусак ХХ ст. (партрэты народных артыстак СССР Г. Макаравай (1981–1982), С. Станюты (1981)), то маляваў безыменных беларусак, маладых i пажылых, ад якiх не адвесцi вачэй (“Дзяўчына i кветкi” (1977), “Таня” і “Старасць” (1986), “Наташа” (1987), “Мiнская Мадонна” (1989)). Мастак услаўляў жанчыну, яе прыгажосць, ахвярнасць на Зямлi, высакародную Боскую мiсiю сярод людзей. Раскрываў свету чароўны вобраз жанчыны-беларускi, а праз яе апавядаў i пра саму краiну Беларусь. На сваіх карцінах А. Кузьміч смела прыадкрывае сакрамант прыгажосці жаночага цела разам з высокай адухоўленасцю. Рэалістычныя, у светлых тонах, яны азнаменавалі сабой нараджэнне яркай, індывідуальнай і моцнай мастацкай формы. Доўга А. Кузьміча не прызнавалі, не давалі выстаўляцца, але ён не здаваўся і працягваў працаваць. Толькі ў 1989 г. у мінскім Палацы мастацтва адбылася першая персанальная выстаўка, якая мела поспех. Пасля яе работы А. Кузьміча ўбачылі жыхары іншых гарадоў рэспублікі. Назвы для сваіх карцін мастак прыдумваў сам – серыі “У раі” (1983–1984), “Мадонна з паўшым анёлам” (1984–1986), “Мая Мадонна” (1987), “Якая зышла з нябёсаў” (1988–1996), “Залатыя Мадонны” і “Сярэбраныя Мадонны” (1986–1996), “Палескія Мадонны” (1995–1996), “Ахвярнасць славянскіх Мадоннаў” (1996–1998), “Дзяржаўныя Мадонны” (1997–1998), “Мадонны смуткуюць” і “Мадонны плачуць” (1999), “Мадонны ў Славе” (2004) і інш. Творы А. Кузьміча своеасаблівыя не толькі па тэматыцы, але і па колеры. Мастак не карыстаўся цёмнымі фарбамі. Уся колеравая гама стварае адзіны цёпла-залацісты тон, ад якога зыходзіць нейкае асаблівае сонечнае святло (карціны “Натхненне” і “Чысціня” (1985), “Пяшчота” (1986), “Шчырасць” (1990) і інш.).
Пошукі творчай самабытнасці прывялі А. Кузьміча да напісання партрэтаў, якія мастак ствараў з асаблівым хваляваннем, скрупулёзна перадаючы рысы твару, вопратку, каштоўнасці. Ён аўтар партрэтаў акцёраў У. Гасцюхіна, З. Стомы, М. Яроменкі, кінарэжысёраў М. Пташука, В. Турава, пісьменнікаў А. Адамовіча, У. Ліпскага і інш. Тэму трагедыі народа раскрыў А. Кузьміч у палотнах “Памяці вязняў Гулага” (1975–1989), “Прысвячэнне Чарнобылю” (1988), “Дзецям Чарнобыля” і “Перавернуты свет” (1990), “Рэквіем” (1991–1992), “Д’яблы над Руссю” (1995) і інш.
Аляксей Кузьміч займае своеасаблівае месца не толькі ў беларускай культуры, але і ў мастацтве ўсяго свету. Яго творы адметныя: пазнавальныя па манеры пісьма, філасофскім гучанні, акрэсліваюць высокае прадвызначэнне жанчыны-маці. Персанальныя выстаўкі мастака праходзілі не толькі ў гарадах Беларусі, але ў Маскве, Санкт-Пецярбургу, Таліне, Генуі, Стакгольме, Нью-Ёрку. Ён з’яўляецца акадэмікам Міжнароднай Кірыла-Мяфодзіеўскай акадэміі славянскай асветы, імя жывапісца ўключана ў нямецкую энцыклапедыю “Мастакі ўсіх часоў і народаў”. Творы А. Кузьміча знаходзяцца ў шматлікіх музеях свету.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г.