Аляксандр Раманавіч Захараў нарадзіўся ў в. Парылава Ужурскага раёна Краснаярскага краю (Расія). У школе захапляўся маляваннем, пазней, у армейскія гады, як мастак-самавучка афармляў баявыя лісткі і насценгазеты, пісаў партрэты таварышаў па службе. Пасля дэмабілізацыі з радоў Савецкай Арміі ў 1946 г. А. Захараў прыехаў у Гродна, некаторы час ён працаваў у школе выкладчыкам малявання. У 1956–1962 гг. вучыўся на мастацкім аддзяленні Усесаюзнага Маскоўскага завочнага паліграфічнага інстытута. Настаўнікамі А. Захарава былі мастак-графік А.Д. Ганчароў і мастак Г.Т. Гарошчанка. Яго дыпломная работа – афармленне кнігі гістарычных нарысаў “Гродна” (пазней была выдадзена ў Мінску). З 1962 г. А. Захараў прымае ўдзел у рэспубліканскіх і ўсесаюзных мастацкіх выстаўках. На міжнародных выстаўках ён выстаўляўся ў ГДР, Балгарыі, Італіі, Канадзе, Францыі, ФРГ, Польшчы, Індыі і Чэхаславакіі. У 1966 г. прыняты ў члены Беларускага саюза мастакоў.
У 1958 – 1967 гг. А. Захараў працаваў мастацкім рэдактарам у абласной газеце “Гродненская правда”. Адначасова кіраваў студыяй выяўленчага мастацтва пры Палацы тэкстыльшчыкаў.
Сярод твораў у станковай графіцы (лінагравюра, афорт): “Стары Гродна” (1962), “Раніца. Ускраіны” (1963), “Народжанаму – мір” (1964), “Бабіна лета” (1965–1968), “Хвіліна маўчання” (1966), “Балада пра маці” (1967), “Маці чалавечая” (1969), “Масква. 41-ы” (1971), “Пераемнасць” (1977), “Сям’я” (1978), “Палёт” (1981); жывапісных “Бессмяротнасць загінуўшых” (1965), “Любіць, не любіць” (1967), “Свеціць месяц” (1968), “Першая арбіта” (1970), “Графічная саната” (1971), “Нараджэнне формы” (1972), “Лета ў вёсцы” (1975), “Спроба крылаў” (1981), “Набат Хатыні” (1986), “Памінанне” (1987), “Зорка Венера” (1988), “Крушэнне ідэалаў”, “Пенсіянеры”, “Пакаянне” (усе 1992), “Экалогія духу”, “Белая варона”, “Манумент куміру”, “Неперспектыўная вёска”, “Уцёкі з цемры” (усе 1995), “Пейзаж з адзінокім дрэвам” (1997), “Храм вечнасці” (1998). Мастацтвазнавец Г. Фатыхава адзначае: “Творчасці А. Захарава ўласцівы прадуманасць кампазіцыі , дакладнасць, выразнасць ліній, свабодны ўпэўнены штрых, метафарычнасць вобразнага ладу”.*
Творы А. Захарава знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, фондах Беларускага саюза мастакоў.
У 1995 г. мастаку прысвоена ганаровае званне “Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь”.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г.
*Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.]. – Мінск, 2013. – Т. 4. – С. 78.