Нарадзілася Ларыса Журавовіч у г.п. Бялынічы. У 1983 г. скончыла мастацкае аддзяленне Рэспубліканскай школы-інтэрната па музыцы і выяўленчым мастацтве імя І. Ахрэмчыка. Выпускніца кафедры графікі Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута (1989). Вучылася ў В.П. Шаранговіча, Г.Г. Паплаўскага.
Удзельніца мастацкіх выставак з 1987 г. За цыкл каляровых афортаў “Восень, Зямля і людзі” на Усесаюзнай выстаўцы студэнцкіх дыпломных работ (Масква, 1987) узнагароджана бронзавым медалём Акадэміі мастацтваў СССР. Асноўныя выстаўкі: выстаўка, прысвечаная 40-годдзю БДТМІ (Мінск, 1987); Усесаюзная выстаўка дыпломных работ (1989); выстаўка акадэмічных творчых майстэрняў АМ СССР “Вяртанне да вобраза” (Мінск, 1994); персанальная выстаўка ў Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П.В. Масленікава (Магілёў, 1997); персанальная выстаўка ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі (Мінск, 1997); персанальная выстаўка ў музеі імя В.К. Бялыніцкага-Бірулі (Бялынічы, 1998); выстаўка “Беларусь – III тысячагоддзю” (Мінск, 2001); персанальная выстаўка ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва (Мінск, 2001); персанальная выстаўка ў г. Удомля (Расія, 2001); выстаўка “Лісты часу” ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі (Мінск, 2002); персанальная выстаўка ў г. Яраслаўлі (Расія, 2006).
Член Беларускага саюза мастакоў (1993). Працавала па размеркаванні ў Брэсце. У 1994 г. вярнулася ў Мінск, каб прадоўжыць адукацыю ў творчых акадэмічных майстэрнях (у майстэрні графікі Г. Паплаўскага). Пасля заканчэння вучобы Л. Журавовіч працуе выкладчыкам у дзіцячай школе мастацтваў імя В.К. Бялыніцкага-Бірулі ў Бялынічах. Яна знаходзіцца ў няспынным творчым працэсе мастакоўскай працы, працы штодзень – з алоўкам, фарбамі, лістом паперы.
Л. Журавовіч – адна з нямногіх, хто шукае сябе ў рэалістычным накірунку. Працуе ў галіне станковай графікі (літаграфія, гуаш). Малюе самыя простыя рэчы сялянскага побыту: “Чыгунок” (1992), “Рэшата і часнок” (1992), “Кошык з фасоляй” (1992), “Нацюрморт з рэшатам” (1993), “Велікодны нацюрморт”, “Гарлачы” (1992), “Сярпы” (1993), “Гарбузы” (1993), “Дымар” (1996), “Нацюрморт з квітнеючай галінкай”, “Лямпа на стале”, “Яблыкі”, “Язмін”, “Нацюрморт са слівамі” (2003) і інш. Для мастачкі важнай з’яўляецца ўнутраная знакавасць гэтых прадметаў – яны нясуць на сабе адбітак рэальнасці, дэкаратыўныя эфекты – другасныя. Галоўны герой яе нацюрмортаў – цішыня. Л. Журавовіч імкнецца да дасканаласці ў форме, рытміцы, аб’ёме, колеры, прасторы нацюрморта.
У Ларысы Журавовіч ёсць шмат пейзажаў, на якіх увасоблена наваколле Бялынічаў: “Восень у Ступлянах” (2003). Ёсць у яе партрэты, пераважна блізкіх людзей: “Марына” (1987), “Аўтапартрэт у чырвонай хустцы”, “Партрэт маці” (1993), “Партрэт бацькі” (1994) і інш.
Творчасць Л. Журавовіч – сапраўды ўнікальная з’ява. Мастачка захапляецца шматзначнасцю навакольнага асяроддзя, і гэта дазваляе ёй заўважаць асаблівую выразнасць вобразнага свету, адкрываць глыбокі сэнс у побытавых рэаліях паўсядзённага жыцця. Кожная работа, нацюрморт, пейзаж альбо партрэт – вынік сінтэзу філасофскіх разваг аўтаркі і яе ўласных уражанняў.
Мастак рэдкага і вялікага таленту, Ларыса Журавовіч – удзельніца многіх рэспубліканскіх і замежных выставак. У 1997–2001 гг. – міжнародных пленэраў па жывапісу, прысвечаных памяці В.К. Бялыніцкага-Бірулі. Работы мастачкі маюць ярка выяўлены ўласны стыль, іх адразу пазнаюць на выставах. У 2001 г. яна стала лаўрэатам прэміі “Чалавек года” Бялыніцкага раёна ў галіне культуры. У 2002 г. узнагароджана дыпломам і медалём імя В.К. Бялыніцкага-Бірулі.
Работы Л. Журавовіч знаходзяцца ў Магілёўскай карціннай галерэі Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя П.В. Масленікава, Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Рэспублікі Беларусь, Магілёўскім абласным краязнаўчым музеі, Бялыніцкім мастацкім музеі імя В.К. Бялыніцкага-Бірулі, у прыватных калекцыях Польшчы, Германіі, Швейцарыі, Францыі, Расіі.
Матэрыял падрыхтаваны Магілёўскай абласной бібліятэкай імя У.І. Леніна ў 2011 г.