Загадчык кафедры графікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў – па пасадзе, мастак – па прызванні, філосаф – у душы, шукальнік і эксперыментатар – у тэматыцы, стылістыцы і пластыцы – менавіта такім выглядае творчы партрэт Юрыя Іванавіча Хілько.
Нарадзіўся Ю. Хілько 13 лютага 1960 г. у г. Баранавічы. Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча імя А.К. Глебава (1980), Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (1991). Вучыўся ў Ю. Выхадцава, А. Салькова, А. Малішэўскага, В. Шаранговіча, У. Савіча, У. Басалыгі.
Удзельнік мастацкіх выставак з 1986 г. З 1993 г. выкладае ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (з 2007 г. – загадчык кафедры графікі). Працуе ў станковай і кніжнай графіцы. Па меркаванні спецыялістаў, яго творы выдзяляюцца псіхалагічнай глыбінёй, лірызмам, рытмічным і пластычным адзінствам, цэласнасцю і гарманічнасцю кампазіцыйнага рашэння: «Дошкі» (1987), «Вясёлка» (1988), «Горад памяці» (1989), «Два воблакі» (1990), «Шляхам знічкі» (1991), «Карані» (1993), «Малітва» (1994), «Вершнік» (2001), «Лёс караля» (2003), «Неастылы сон» (2009), «Вечны трыумф» (2009), «Дрэва-полымя» (2010) і інш.
Выканаў ілюстрацыі да кніг «Вянок» М. Багдановіча (1994), «Журавінавы востраў» Г. Пашкова (1998), «Мара» Я. Сцяпанавай (2003), «Як агонь, як вада» А. Лойкі (2000), «Камароўская хроніка» М. Гарэцкага (1997), зборніка вершаў беларускіх паэтаў «Агледзіны» (1998).
Творы Ю. Хілько знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, фондах Беларускага саюза мастакоў, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, мастацкіх цэнтрах Мінска і Масквы, Берліна і ЗША.
Юрый Іванавіч – лаўрэат прэміі Міжнароднага фонду славянскага пісьменства імя святых Кірылы і Мяфодзія (1990), член Беларускага саюза мастакоў (1993). У 1995 г. удастоены Першай прэміі на рэспубліканскім конкурсе кнігі за афармленне зборніка паэзіі М. Багдановіча «Вянок», у 1997 г. стаў лаўрэтам Рэспублікаскай выстаўкі кніжнай графікі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.