Дата рождения:
31.10.1895 Бельск, г., Бельскі павет, Гродзенская губерня (цяпер Польшча)
Дата смерти:
15.10.1943 Украіна
Краткая справка:
вучоны-медык, удзельнік партызанскага і падпольнага руху ў гады Вялікай Айчыннай вайны, Герой Савецкага Саюза (1944)
Имена на других языках:
Буйко Пётр Михайлович (русский);
1845 символов
Справка
Пётр Міхайлавіч Буйко нарадзіўся ў горадзе Бельск Гродзенскай губерні (цяпер Бельск-Падляскі ў Польшчы). Пачатковую адукацыю атрымаў у суседняй вёсцы Белавеж. У 1911 г. скончыў ваенна-фельшарскую школу ў Пецярбургу і стаў працаваць малодшым фельчарам псіхіятрычнага аддзялення Пецярбургскага ваеннага шпіталя і чыгуначнага палка. У гады Першай сусветнай і грамадзянскай войнаў быў ваенфельчарам. У 1922 г. скончыў Кіеўскі медыцынскі інстытут. З 1933 г. узначальваў Кіеўскі навукова-даследчы інстытут педыятрыі, акушэрства і гінекалогіі, а з 1938 г. быў прафесарам Кіеўскага медыцынскага інстытута.
З пачатку Вялікай Айчыннай вайны П.М. Буйко быў на фронце, дзе атрымаў цяжкае раненне і трапіў у палон. Пасля ўдалых уцёкаў і лячэння Пётр Буйко працаваў у Фастаўскай раённай бальніцы, дзе сабатаваў працэс адпраўкі працоўных у Германію, збіраў медыкаменты для партызан, займаўся іх лячэннем. З ліпеня 1943 г. быў урачом 4-га партызанскага батальёна пад камандаваннем А.С. Грысюка. 13 кастрычніка 1943 г. у час аблавы на партызан быў арыштаваны і праз два дні жорсткіх катаванняў зажыва спалены карацелямі.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 7 жніўня 1944 г. за ўзорнае выкананне баявых заданняў камандавання ў барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у тыле ворага і праяўленыя пры гэтым адвагу і геройства, і за асаблівыя заслугі ў развіцці партызанскага руху на Украіне Пятру Міхайлавічу Буйко пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
Імя Пятра Буйко носяць лячэбны корпус Фастаўскай цэнтральнай раённай бальніцы, Тамашоўская сярэдняя школа Кіеўскай вобласці і вуліца ў Кіеве. На доме, у якім жыў герой, устаноўлена мемарыяльная дошка. Імя прафесара Буйко пэўны час насіў Кіеўскі інстытут акушэрства і гінекалогіі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. на аснове даведкі, размешчанай на сайце інтэрнэт-праекта “Герои страны”.