Эльберт Барыс Якаўлевіч, вучоны ў галіне мікрабіялогіі, заснавальнік беларускай школы мікрабіёлагаў, нарадзіўся ў в. Дубна Валынскай губерні (цяпер г. Дубна Ровенскай вобласці, Украіна) у сям’і служачага. У 1909 г. скончыў варшаўскую гімназію. Прафесійную адукацыю атрымаў на медыцынскім факультэце Львоўскага ўніверсітэта. З 1914 па 1915 г. працаваў урачом у Валынскай земскай бальніцы. З 1915 па 1918 г. быў начальнікам санітарна-эпідэмічных атрадаў Расійскага таварыства Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца, а таксама бактэрыёлагам на паўднёва-заходнім і паўднёвым франтах. Працу сумяшчаў з вучобай на медыцынскім факультэце Кіеўскага ўніверсітэта, які скончыў у 1918 г.
У 1918 г. пайшоў дабравольцам у Чырвоную Армію. З 1918 па 1923 г. быў начальнікам санітарна-бактэрыялагічнай лабараторыі Кіеўскай ваеннай акругі і акружной санітарна-тэхнічнай станцыі. Адначасова загадваў бактэрыялагічнай лабараторыяй Кіеўскага інстытута ўдасканалення ўрачоў. З гэтага часу пачынаецца яго навуковая дзейнасць. У 1921 г. Б.Я. Эльберту было прысвоена званне прыват-дацэнта кафедры бактэрыялогіі.
Пасля дэмабілізацыі ў 1923 г. стаў першым загадчыкам кафедры мікрабіялогіі медыцынскага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (да 1931 г.). З’яўляўся заснавальнікам і дырэктарам Беларускага санітарна-бактэрыялагічнага навукова-даследчага інстытута (1923–1931). З 1924 па 1925 г. быў загадчыкам заснаванай ім жа кафедры гігіены БДУ, чытаў лекцыі па эксперыментальнай гігіене. Барыс Якаўлевіч вывучаў найбольш распаўсюджаныя інфекцыйныя захворванні, займаўся распрацоўкай метадаў сералагічнай і бактэрыялагічнай дыягностыкі склеромы і інш. Найбольшую вядомасць яму прынеслі даследаванні па склероме і сістэматыцы капсульных бактэрый. У 1925 г. вучоны атрымаў званне прафесара.
У 1931 г. быў арыштаваны па «справе біёлагаў» і асуджаны на тры гады. Як рэпрэсіраваны, з 1932 па 1935 г. працаваў спецыялістам бюро асобага прызначэння Аб’яднанага дзяржаўнага палітычнага кіравання. Пасля вызвалення ўладкаваўся ў Біятэхнічны інстытут Наркамата абароны, дзе з 1935 па 1937 г. быў кіраўніком аддзелаў. Займаўся пытаннямі заканамернасцей тулярэмійнай інфекцыі, супрацьтулярэмійнага імунітэту, атрымаў атэнуіраваны штам узбуджальніка тулярэміі, які паспрыяў распрацоўцы супрацьтулярэмійнай вакцыны.
З 1937 па 1945 г. навуковы і працоўны шлях Б.Я. Эльберта звязаны з кіргізскім горадам Фрунзэ (сучасны Бішкек). Там у 1937 г. пачаў сваю дзейнасць Кіргізскі інстытут мікрабіялогіі (цяпер НДІ эпідэміялогіі, мікрабіялогіі і гігіены Міністэрства аховы здароўя Кіргізіі), дырэктарам якога Барыс Якаўлевіч з'яўляўся да 1945 г. У 1939 г. яму прысвоена навуковая ступень доктара медыцынскіх навук. У гэтым жа годзе заснаваны Кіргізскі медыцынскі інстытут, які ён узначальваў да 1940 г. З 1940 па 1944 г. быў загадчыкам кафедры мікрабіялогіі ў гэтым жа інстытуце.
За заслугі ў галіне медыцыны і мікрабіялогіі ўзнагароджаны значком «Выдатнік аховы здароўя» (1939), чатырма Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета Кіргізіі. У 1942 г. Б.Я. Эльберту прысвоена званне заслуджанага дзеяча навукі Кіргізскай ССР.
У 1945–1948 гг. кіраваў кафедрай мікрабіялогіі Растоўскага медыцынскага інстытута. Адначасова быў намеснікам дырэктара Растоўскага навукова-даследчага інстытута эпідэміялогіі, мікрабіялогіі і гігіены, сумяшчаў гэтую пасаду з працай навуковага кансультанта Растоўскага супрацьчумнага інстытута. У 1945 г. узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны». Удзельнічаў у распрацоўцы вадкай жаўтковай супрацьтулярэмійнай вакцыны, прапанаваў і навукова абгрунтаваў наскурны спосаб яе ўвядзення. За гэту работу, якая дазволіла значна панізіць узровень захворвання тулярэміяй, Барыс Якаўлевіч у 1946 г. быў узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй СССР ІІ ступені. У гэтым жа годзе атрымаў медаль «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне».
У 1948 г. ён вярнуўся ў Мінск і актыўна заняўся навуковай і педагагічнай працай: узначальваў кафедру мікрабіялогіі Міскага медыцынскага інстытута (1948–1962), быў навуковым кіраўніком Беларускага інстытута эпідэміялогіі і мікрабіялогіі (1948–1952), кіраваў кафедрай мікрабіялогіі БДУ (1960–1963). У 1950 г. паўторна атрымаў званне прафесара. У гэты перыяд адбыўся значны ўздым навуковай і арганізацыйна-метадычнай дзейнасці устаноў мікрабіялагічнага і эпідэміялагічнага профілю. Быў удасканалены ўзровень выкладання мікрабіялогіі ў медыцынскім інстытуце, праведзена вялікая навуковая работа па эфектыўнай барацьбе супраць інфекцый, атрымаўшых распаўсюджванне ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны. Разам з тым Б.Я. Эльберт працягваў даследаванне тулярэміі і яе асаблівасцей у Беларусі, кіраваў праектамі па вывучэнні ўзбуджальніка туберкулёзу, дыфтэрыі, лептаспірозу, прафілактыцы інфекцыйных захворванняў.
Вучоны з’яўляецца аўтарам больш за 300 навуковых прац, прысвечаных капсульным бактэрыям, таксінам і антытаксінам, тулярэмійнай інфекцыі і супрацьтулярэмійнаму імунітэту, супрацьтуберкулёзнаму імунітэту і алергіі, склеромнай інфекцыі, зменлівасці к эвалюцыі мікраарганізмаў. Сярод іх – манаграфіі, вучэбныя дапаможнікі: «Капсульные бактерии», (1950), «Микробиология склеромы» (1954), «Теория и практика иммунопрофилактики туляремии» (1956), «Руководство по микробиологии и эпидемиологии» (1957), «Микробы и вирусы» (1960), «Практическое пособие по медицинской микробиологии» (1962), «Микробиология важнейших инфекционных болезней» (1962, 1965), «Основы вирусологии» (1965) і інш. У рабоце «Некоторые вопросы перестройки высшего медицинского образования» (1959) разглядаюцца праблемы выкладання мікрабіялогіі і сумежных дысцыплін. Пад кіраўніцтвам Барыса Якаўлевіча абаронена 37 кандыдацкіх і 4 доктарскія дысертацыі.
Вучоны займаўся грамадскай дзейнасцю, быў здольным арганізатарам. Па яго ініцыятыве было створана Рэспубліканскае навуковае таварыства эпідэміёлагаў, мікрабіёлагаў і інфекцыяністаў (старшыня з 1924 па 1931 г. і з 1948 па 1962 г.). Арганізоўваў шматлікія навуковыя мерапрыемствы: семінары, канферэнцыі, сімпозіумы і інш.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г.