Дата рождения:
20.04.1666 Горка, в., Слонімкі павет
Дата смерти:
15.08.1721
Краткая справка:
польскі пісьменнік-мемуарыст, перакладчык, аратар, дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага
Имена на других языках:
Zawisza (не определен); Zawisza-Kiezgajlo Krzysztof Stanislaw (не определен); Завиша Кшиштоф Станислав (русский);
2380 символов
Справка
Крыштоф Станіслаў Завіша нарадзіўся на Слонімшчыне ў сям’і пісара Вялікага Княства Літоўскага Андрэя Завішы. Выхаванне дзяцей вялося ў сапраўднай набожнасці: усе прымалі святыя таінствы, выконвалі пасты, выказвалі асаблівую цярплівасць. У сям’і было прынята ахвяраваць на касцёлы, падтрымліваць бедных. Страціўшы ў раннім дзяцінстве бацькоў, К. С. Завіша выхоўваўся пад апекай роднага дзядзькі, канцлера Вялікага Княства Літоўскага М. А. Агінскага. Ён аддаў пляменніка на навучанне ў Віленскую езуіцкую акадэмію, потым К. С. Завіша паступіў у Кракаўскі ўніверсітэт. Пасля заканчэння вучобы вярнуўся на радзіму і, дзякуючы свайму апекуну, далучыўся да палітычнага жыцця краіны. У 1685 г. ён быў прызначаны на пасаду мінскага старосты. У 1686 г. удзельнічаў у перагаворах аб заключэнні міру паміж Рускай дзяржавай і Рэччу Паспалітай. Некалькі разоў К. С. Завіша абіраўся паслом і маршалкам сейма (1697, 1718, 1720), суддзёй трыбуналаў, у 1720 г. стаў ваяводам Мінскім. Ён шмат падарожнічаў па Беларусі, наведаў Украіну, Польшчу, Італію. Адукаваны шляхціц асабіста ведаў тагачасных каралёў Рэчы Паспалітай, быў адораны шведскім каралём Карлам ХІІ, цёпла прыняты рускім царом Пятром І.
Шмат часу аддаваў К. С. Завіша любімаму занятку – літаратурнай творчасці. Ён стаў аўтарам гісторыі рамантычнага кахання “Агнульфус”, напісанай ў вершаванай форме (1687–1688), палітычнага памфлета “Propositiones christiano-politikae” (1696), невялікай кніжкі “Xiega o mece Panskiej” і іншых, перапрацаваў італьянскі раман “Любасць без перамен” (1688), пераклаў з лацінскай мовы “Гісторыю Бога Вечнага” В. Станігурста. У час вандроўкі ў Італію (1700–1701) вёў дыярыуш, дзе апісваў асаблівасці мясцовасцей, праз якія праязджаў, свае ўражанні ад падарожжа. Найбольш значнай працай у літаратурнай спадчыне сталі “Успаміны Крыштафа Завішы”, дзе аўтар апісаў норавы і лад жыцця беларускай шляхты канца XVII – пачатку XVIII ст., прывёў шмат цікавых звестак з тагачаснага палітычнага жыцця Літвы, Польшчы і Еўропы, апісаў гістарычныя падзеі, баявыя аперацыі, да якіх меў непасрэднае дачыненне. Акрамя мемуараў і перакладаў К. С. Завіша праславіўся як майстар рытарычнага мастацтва. Яго дачка Барбара (па мужу Радзівіл) сабрала прамовы бацькі і ў 1728 г. выдала іх у Варшаве пад назвай “Водгук прыемных мелодый”.