Людміла Якаўлеўна Колас нарадзілася 13 мая 1950 г. на Украіне ў г. Чарнаўцы. Добры голас дастаўся ёй ад маці. З ранняга дзяцінства Людміла была зачаравана прыгажосцю музыкі і спеваў. Вучылася ігры на фартэпіяна спачатку ў дзіцячай музычнай школе, а ў 1970 г. скончыла Маладзечанскае музычнае вучылішча (цяпер Маладзечанскае дзяржаўнае музычнае вучылішча імя М.К. Агінскага). Да 1976 г. Людміла Колас вучылася ў Кіеўскай кансерваторыі (цяпер Нацыянальная музычная акадэмія Украіны імя П.І. Чайкоўскага) у класе народнай артысткі СССР, прафесара Л.І. Чаўдар.
Адразу пасля заканчэння кансерваторыі стала салісткай Нацыянальнага тэатра оперы Беларусі (цяпер Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь). У 1977 г. маладая спявачка стала лаўрэатам 8-га Усесаюзнага конкурсу вакалістаў імя М.І. Глінкі (2-я прэмія). З гэтага часу пачалася актыўная канцэртная дзейнасць Людмілы Колас. У 1985 г. Міністэрства культуры СССР накіравала спявачку на стажыроўку ў Італію. З беларускай артысткай займалася вядомая оперная спявачка Джульета Сіміаната. Заняткі праводзіліся ў Міланскім тэатры «Ла Скала». Пасля заканчэння стажыроўкі Людміла Колас заняла 1-е месца ў Міжнародным конкурсе вакалістаў «Новыя оперныя галасы», пасля чаго дала 250 сольных канцэртаў як у СССР, так і ў краінах Заходняй Еўропы.
Артыстка – уладальніца прыгожага, моцнага каларатурнага сапрана прыгожага тэмбру з бездакорнай вакальнай тэхнікай. Творчасць Людмілы Колас адметная яркай эмацыянальнасцю, шчырасцю, высокім выканальніцкім майстэрствам, тонкай нюансіроўкай голасу. Створаныя ёю музычна-сцэнічныя вобразы вызначаюцца лірызмам, жаноцкай прывабнасцю.
У оперы «Вяселле Фігара» В.А. Моцарта, пастаўленай у тэатры ў 1980 г., Людміла Колас выканала партыю Сюзанны. Крыштальны, пяшчотны голас спявачкі знаходзіўся ў поўнай гармоніі з вонкавым выглядам, натуральнасцю і лёгкасцю сцэнічных рухаў. У вакальнай партыі спявачка прадэманстравала культуру інтанавання, чуйныя адносіны да слова, валоданне мастацтвам опернай кантылены.
Людміла Колас была вельмі арганічнай, жывой дзяўчынай у партыі Джыльды ў оперы «Рыгалета» Д. Вердзі. Асабліва ўражвала гледачоў выкананне спявачкай апошняй сцэны – без залішняга пафасу, афекту, проста і выразна.
У оперы «Севільскі цырульнік» Д. Расіні (1986) Людміла Колас выконвала партыю Разіны. Яе гераіня свяцілася гранямі кахання, мілым какецтвам і вытанчаным розумам. У кожным яе руху была тонкая чароўнасць, своеасаблівая гуллівасць і паэтычнасць і лёгкія, хуткія, як цені воблакаў у сонечны ветраны дзень, пачуцці. І ніколі Людміле Колас не змяняла пачуццё меры.
У 1984 г., напярэдадні 180-годдзя з дня нараджэння М.І. Глінкі, беларускі оперны тэатр ажыццявіў пастаноўку оперы «Іван Сусанін» у новай рэдакцыі. Вобраз Антаніды ў вакальна-акцёрскай трактоўцы Людмілы Колас вызначаўся глыбінёй і шчырасцю. Яна пераканаўча раскрыла народныя рысы характару гераіні, падкрэсліла ў ім чысціню пачуццяў і самаадданасць.
Найбольш значныя партыі спявачкі: Віялета, паж Оскар («Травіята» і «Баль-маскарад» Д. Вердзі), Нарына («Дон Паскуале» Г. Даніцэці), Алімпія («Казкі Гофмана» Ж. Афенбаха), Марфа, Снягурачка («Царская нявеста», «Снягурачка» М. Рымскага-Корсакава), Прылепа («Пікавая дама» П. Чайкоўскага), Паола («Джардана Бруна» С. Картэса). За час працы ў тэатры спявачка выканала каля 1000 оперных партый, у т. л. 16 прэм'ер, дала больш за 500 канцэртаў.
У 1983 г. Людміла Колас атрымала ганаровае званне «Заслужаная артыстка БССР», а ў 1984 г. – прэмію Ленінскага камсамола Беларусі. Яе высокае выканальніцкае майстэрства адзначана ганаровымі граматамі Міністэрста культуры БССР і СССР, Прэзідыума Вярхоўнага Савета Эстонскай ССР, Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь. У 2008 г. Людміла Якаўлеўна Колас узнагароджана медалём Ф. Скарыны.
З 1986 г. спявачка выкладае ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, дзе з 2006 г. узначальвае кафедру спеваў. Людміла Якаўлеўна – патрабавальны выкладчык, сапраўдны педагог, нераўнадушны чалавек, які шмат робіць для развіцця маладых талентаў і атрымлівае ад сваёй працы вялікае задавальненне.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.