Краткая справка:
святы Рымска-Каталіцкага Касцёла, рэлігійны дзеяч, прапаведнік, місіянер, галоўны патрон Пінскай рымска-каталіцкай епархіі
Варианты имени:
Андрэй Баболя
Имена на других языках:
Bobola (не определен); Андрей Боболя (русский);
6495 символов
Справка
Святы Андрэй Баболя (у рэлігійнай літаратуры яго называюць яшчэ «апосталам Палесся» ці «пінскім апосталам»), не адносіўся да ліку высокапастаўленых каталіцкіх іерархаў, а быў звычайным святаром, які ўсё сваё жыццё прысвяціў місіянерскай дзейнасці.
Пра месца і дату нараджэння будучага рэлігійнага дзеяча, а таксама пра бацькоў пэўных звестак не засталося. Аднак па ўскосных даных даследчыкі зрабілі выснову, што нарадзіўся ён у в. Страхоцін каля г. Санак (цяпер Падкарпацкае ваяводства, Польшча) 30 лістапада 1591 г. (у дзень святога апостала Андрэя). Род Баболяў адносіўся да сярэдняй шляхты і характарызаваўся як вельмі рэлігійны і адданы каталіцкай веры. Верагодна, у гэтым кірунку і ішло выхаванне ў сям’і, што пацвярджаецца яшчэ і тым, што ў далейшым юнак атрымаў адукацыю ў езуіцкай школе ў Браневе (Польшча). Акрамя рэлігійных дысцыплін там выкладалі лацінскую і грэчаскую мовы, рыторыку, вывучалі творы старажытных гісторыкаў, філосафаў і паэтаў. У дваццацігадовым узросце А. Баболя выказаў жаданне ўступіць у ордэн езуітаў. Вытрымаўшы першыя іспыты, два наступныя гады малады чалавек адбываў навіцыят (другое выпрабаванне) – гэты час ён праводіў у малітвах, роздумах, чытанні аскетычных кніг і цяжкай працы. Потым А. Баболя паступіў на філасофскі факультэт Віленскай езуіцкай акадэміі, дзе рыхтавалі служыцеляў культу і выкладчыкаў для езуіцкіх сярэдніх навучальных устаноў. У 1613 г. атрымаў ніжэйшыя святарскія пасвячэнні (акаліт, экзарцыст, лектар, астыярый) і далучыўся да ліку духоўных асоб. Скончыўшы вучобу ў 1616 г., накіраваны ў якасці выхавальніка і выкладчыка ў езуіцкія калегіумы спачатку ў Браневе, потым у Пултуску (Польшча). Яго педагагічная дзейнасць праходзіла вельмі паспяхова і была перапынена ў 1618 г. неабходнасцю працягнуць адукацыю ў акадэміі і ўдасканаліць свае веды ў свяшчэнным пісанні, тэалогіі, кананічным праве і казуістыцы.
Здаўшы заключныя экзамены і атрымаўшы святарскае пасвячэнне, А. Баболя ў 1622 г. накіраваны ў Нясвіжскі езуіцкі калегіум для праходжання трэцяга выпрабавання. Гэты час малады святар аддаў духоўным практыкаванням, выкладчыцкай справе і цяжкай паўсядзённай працы. Часам яго папракалi за ўпартасць і выбуховы характар, аднак выпрабаванні ён скончыў са станоўчай характарыстыкай і быў пакінуты ў Нясвіжы ў якасці рэктара касцёла. У яго абавязкі ўваходзіла клапаціцца аб урачыстасці набажэнстваў, аздабленні касцёла і парадку ў ім. Дзякуючы намаганням маладога святара былі адрамантаваны муры і пакладзены новы дах на будынку, набыты некалькі новых арнатаў. Акрамя гэтага, з’яўляўся спавядальнікам і прамоўцам, займаўся місіянерскай дзейнасцю, абыходзячы аддаленыя вёскі Нясвіжскай ардынацыі. У 1624–1630 гг. служыў у касцёле Святога Казіміра ў Вільні: быў прапаведнікам, спавядальнікам, адміністратарам касцёла, займаўся дабрачыннай дзейнасцю ў турмах і прытулках, аказваў дапамогу ў час голаду і эпідэмій. Наступныя некалькі гадоў А. Баболя правёў у Бабруйскай рэзідэнцыі езуітаў у якасці суперыёра: прапаведваў, спавядаў, займаўся ўсімі арганізацыйнымі і гаспадарчымі справамі. Некаторы час у канцы 1630-х – першай палове 1640-х гг. быў прапаведнікам і прэфектам навучання ў калегіумах Плоцка, Варшавы і Ломжы (Польшча), Пінска. Зарэкамендаваў сябе як добразычлівы, кемлівы і адукаваны чалавек, красамоўны прапаведнік, які аказваў вялікі ўплыў на слухачоў. Да 1652 г. А. Баболя служыў у касцёле Святога Казіміра ў Вільні, пасля чаго зноў вярнуўся ў Пінск, дзе з перапынкамі жыў і працаваў да канца жыцця. Быў прапаведнікам у касцёле Святога Станіслава і місіянерам у ваколіцах паміж Пінскам і Янавам (сучасны г. Іванава Брэсцкай вобласці). «Пінскі апостал» абыходзіў мястэчкі і вёскі Палесся, выступаў з казаннямі перад сходамі, асвячаў шлюбы, даваў парады, ахрышчаў і спавядаў.
Час, калі жыў А. Баболя, быў вельмі неспакойны: бясконцыя ваенныя канфлікты Рэчы Паспалітай з Расіяй і Швецыяй, казакамі і татарамі раздзіралі краіну і спусташалі вялікія тэрыторыі. У маі 1657 г. Пінск быў заняты казацкімі атрадамі Б. Хмяльніцкага пад кіраўніцтвам Я. Ліхога. Каб пазбегнуць помсты з боку незадаволеных яго місіянерскай дзейнасцю, святар уцёк, аднак быў схоплены і 16 мая 1657 г. закатаваны казакамі ў Янаве. Цела прапаведніка перавезлі ў Пінск і пахавалі ў крыпце пад касцёльным алтаром. Памяць пра А. Баболю паступова пачала знiкаць пасля смерцi тых, хто ведаў яго асабiста. Аднак праз 45 гадоў у адзін з перыядаў значнага пагаршэння палітычных умоў (у час Паўночнай вайны 1700–1721 гг.), калі Пінску зноў пагражала смяротная небяспека, рэктару Пінскага езуіцкага калегіума М. Гадэбскаму ў сне з’явіўся забіты святар, які абяцаў дапамогу і абарону. Труну з целам А. Баболі адшукалі і паставілі асобна ў склепе. Было выяўлена, што яго астанкi з усiмi слядамi катаванняў захавалiся нятленнымi. Вестка пра знойдзенае цела «апостала Палесся» хутка разнеслася па наваколлі, нечакана адрадзiлася і вуснае паданне аб гераiзме святога айца. Шмат людзей з ваколiц прыходзiла да акенца крыпты, каб пакланiцца яму і на ўласныя вочы пераканацца ў цудзе. Так пачаўся культ А. Баболі, якому маліліся людзі з просьбай аб паратунку ў тыя трагічныя часы.
Як гавораць летапісы, прапаведнік апекаваў не толькi езуiцкi калегiум у Пінску, што здолеў пазбегнуць разрабавання ў час вайны. У тыя часы ўсю Піншчыну абмінула страшная эпiдэмiя, якая распаўсюдзілася па землях Вялікага Княства Літоўскага. У хуткім часе слава аб прапаведніку выйшла па-за межы краіны. Усе цуды, што адбываліся пры дапамозе А. Баболі, а таксама сведчанні, дадзеныя пад прысягай, старанна занатоўваліся. З 1711 г. пачалася падрыхтоўчая праца па яго беатыфікацыі, якая з-за палітычных абставін зацягнулася на доўгія гады. У пачатку ХІХ ст. мошчы А. Баболі былі перавезены ў Полацк, дзе захоўваліся да 1920-х гг. Цырымонія беатыфікацыі адбылася 30 кастрычніка 1853 г. у базіліцы Святога Пятра ў Рыме. Культ А. Баболі шырока распаўсюдзіўся ў Польшчы, Літве і Беларусі. У 1922–1924 гг. цела благаслаўлёнага экспанавалася ў Маскве ў музеі медыцыны, 18 мая 1924 г. перавезена ў Рым і змешчана ў езуіцкім касцёле Іль-Джэзу. Пасля шматлікіх даследаванняў прад’яўленых цудаў 17 красавіка 1938 г. была праведзена кананізацыя А. Баболі. Працягам урачыстасцей кананізацыі стала перанясенне рэліквіі з Ватыкана ў Польшчу. Мошчы рэлігійнага дзеяча да сённяшніх дзён захоўваюцца ў Варшаве.
Святы Андрэй Баболя з’яўляецца прыкладам хрысцiянскай мужнасцi. Ён лічыцца апекуном Польшчы і Пінскай дыяцэзіі, нябесным патронам чыгуначнікаў.