Беларускі жывапісец Ісак Львовіч Аскназій нарадзіўся ў г. Дрыса Віцебскай губерні (цяпер г. Верхнядзвінск Віцебскай вобласці) у заможнай яўрэйскай сям'і. Яшчэ ў дзяцінстве ў яго праявіліся здольнасці да выяўленчага мастацтва. У чатырнаццацігадовым узросце быў залічаны вольным слухачом, а ў 1874 г. паступіў у Імператарскую акадэмію мастацтваў у Санкт-Пецярбургу, якую скончыў у 1879 г.
Вучыўся І. Аскназій паспяхова, пра што сведчаць прысуджэнні сярэбранага акадэмічнага медаля другой ступені ў 1874 г. за эцюд з натуры, у 1877 г. першага сярэбранага медаля за малюнак. За выкананне эскіза да карціны «Мытар і Фарысей» І. Аскназій атрымаў залаты медаль другой ступені. Асноўнай тэмай жывапісу мастака былі біблейскія сюжэты. Нярэдка абмяжоўваўся чыста фармальнай выявай галоўных фігур (Ісуса Хрыста, Майсея, Іаана Хрысціцеля, дванаццаці апосталаў), часта дэманстратыўна ігнараваў галоўны сэнс, цалкам засяроджваючыся на каларытных другарадных персанажах, якія да яго практычна не былі па-сапраўднаму раскрыты ў творах іншых аўтараў. У 1879 г. мастак выканаў дыпломную работу «Блудніца перад Хрыстом». За карціну аўтар атрымаў вялікі залаты медаль. Па рашэнні савета акадэміі І. Аскназій атрымаў грашовую стыпендыю на стажыроўку за мяжой, падчас якой наведаў Польшчу, Аўстрыю, Германію і Італію, дзе пазнаёміўся з вядучымі мастацкімі школамі Еўропы і наведаў найбуйнейшыя карцінныя галерэі і майстэрні мастакоў. Яго захапіла старажытная міфалогія, якая дала сюжэты для такіх карцін, як «Саламон за працай над «Эклезіястам», «Кат з галавой Іаана Хрысціцеля» і інш. У 1885 г. І. Аскназій прадставіў на мастацкі савет акадэміі сваю найбольш значную карціну на біблейскі сюжэт «Майсей у пустыні», за якую яму прысвоена ганаровае званне акадэміка.
Пасля вяртання з-за мяжы мастак жыў пераважна ў Віцебску, перыядычна наведваў родную Дрысу. Яго матэрыяльнае становішча ў гэты час было даволі цяжкім. Нягледзячы на званне акадэміка мастацтваў, І. Аскназій не змог атрымаць творчую майстэрню і месца выкладчыка ні ў адной з мастацкіх навучальных устаноў Санкт-Пецярбурга. Умовы жыцця не маглі не сказацца на светапоглядзе мастака. Ён паступова адышоў ад рэлігійнай тэматыкі, стаў пісаць жанравыя сцэны з жыцця гарадоў і мястэчак. Так з'явіліся палотны «Яўрэйскае вяселле», «Прыход суботы», «Выпрабаванне жаніха» (усе 1890). Галоўнымі героямі з'яўляюцца гандляры, яўрэйскія багатыя людзі. Звяртаецца мастак і да жыцця простых людзей, бедных гандляроў, рамеснікаў («Па пазыку» (1892), «Вандроўныя шаўцы» і інш.). У некаторых творах І. Аскназія, датаваных 80-мі гг. XIX ст. («Холад», «Тужлівыя весткі» і інш.), можна выявіць і ноткі сацыяльнага пратэсту. Яны з'явіліся пад уплывам нетолькі сацыяльна-эканамічных умоў, але і ў сувязі з асабістымі матэрыяльнымі цяжкасцямі жывапісца. У канцы 1880-х – пачатку 1890-х гг. І. Аскназій падтрымліваў сувязі з І. Рэпіным. У гэты перыяд удзельнічаў у выстаўках Пецярбургскага аб'яднання мастакоў – у 1887 г. з карцінай «Тужлівыя весткі», у 1890 г. з карцінамі «На старасці», «Ранішні візіт», «У роздуме». У 1892 г. мастак адправіўся ў непрацяглую паездку па гарадах, мястэчках і вёсках паўночнай часткі беларускага Паазер'я. У выніку з'явіліся карціны «Юнацтва і старасць», «Апошні ў храме», «Віяланчэліст» і іншыя, навеяныя душэўным песімізмам мастака. Гэта былі апошнія творы жывапісца. Мастацтвазнаўцы лічаць, што сваёй творчасцю І. Аскназій аказаў прыкметны ўплыў на станаўленне мастацкай манеры такога карыфея віцебскай школы, як Ю. Пэн, які часта называў яго адным са сваіх першых настаўнікаў.
Зараз мастацкая спадчына І. Аскназія прадстаўлена ў музейных зборах Навукова-даследчага музея Расійскай акадэміі мастацтваў, Дзяржаўнага Рускага музея ў Санкт-Пецярбургу, Харкаўскага мастацкага музея, Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г.