Дата рождения:
15.02.1901 Шубічы, вёска, Пружанскі раён, Брэсцкая вобласць
Дата смерти:
18.03.1962
Краткая справка:
ваенны дзеяч, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, генерал-лейтэнант, Герой Савецкага Саюза (1944), узнагароджаны двума ордэнамі Леніна (1944, 1945), трыма ордэнамі Чырвонага Сцяга (1943, 1944, 1950), ордэнамі Суворава ІІ-й (1944) і І-й (1945) ступеняў, Кутузава ІІ-й ступені (1945), Айчыннай вайны І-й ступені (1943), ордэнамі Венгрыі і Югаславіі, медалямі
Имена на других языках:
Бобрук Сергей Антонович (русский);
2776 символов
Справка
Сяргей Антонавіч Бабрук нарадзіўся ў вёсцы Шубічы Пружанскага павета Гродзенскай губерні (цяпер Пружанскі раён Брэсцкай вобласці). У час Першай сусветнай вайны сям’я Бабрукоў была вымушана пакінуць родныя мясціны, а Сяргей апынуўся ў адным з сіроцкіх прытулкаў Калужскай губерні. Пасля заканчэння пачатковай школы працаваў у слясарна-механічных майстэрнях.
У чэрвені 1920 г. С.А. Бабрук стаў чырвонаармейцам. Вучыўся ў кавалерыйскай школе, на кавалерыйскіх курсах, скончыў Ваенную акадэмію імя М.В. Фрунзэ (1940). Удзельнічаў у падаўленні Кранштацкага паўстання 1921 г., ваяваў супраць басмачоў Туркестана (1923–1925), быў удзельнікам пахода Чырвонай арміі ў Заходнюю Украіну (1939).
У ліпені 1941 г. у якасці памочніка начальніка штаба 148 стралковай дывізіі прымаў удзел у абароне Чаус, Крычава і Смаленска, выходзіў з акружэння пад Бранскам, вызначыўся ў баях на Елецкім і Ліўненскім кірунках. З сакавіка 1942 г. С.А. Бабрук узначальваў штаб 153-й стралковай дывізіі. Ваяваў на Бранскім, Сталінградскім, Данскім і Паўднёва-Заходнім франтах.
У снежні 1943 г. палкоўнік Бабрук стаў камандзірам 47-й гвардзейскай стралковай дывізіі. За ўмелую арганізацыю дзеянняў дывізіі у час Нікапальска-Крыварожскай наступальнай аперацыі ў студзені-лютым 1944 г. і праяўленыя пры гэтым мужнасць і адвагу Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 19 сакавiка 1944 г. Сяргею Антонавічу Бабруку было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
У сакавіку-красавіку 1944 г. 29-ы стралковы корпус, якім камандаваў С.А. Бабрук, прымаў удзел у Адэскай наступальнай аперацыі. З мая 1944 г. да канца вайны генерал-маёр Бабрук камандаваў 31-м гвардзейскім стралковым корпусам, воіны якога вызвалялі Балгарыю, Румынію, Венгрыю і Аўстрыю.
Да сакавіка 1946 г. С.А. Бабрук працягваў камандаваць корпусам. У 1947 г. скончыў Вышэйшыя акадэмічныя курсы пры Вышэйшай ваеннай акадэміі імя К.Я. Варашылава. З красавіка 1947 г. камандаваў 13-й гвардзейскай механізаванай дывізіяй Цэнтральнай групы войскаў у Аўстрыі. З кастрычніка 1953 г. – камандзір 27-га гвардзейскага стралковага корпуса Кіеўскай ваеннай акругі. У 1955–1957 гг. – камандуючы 4-й арміяй Закаўказскай ваеннай акругі. З канца 1957 г. генерал-лейтэнант Бабрук з’яўляўся начальнікам групы ваенных спецыялістаў пры камандуючым Цзінаньскай ваеннай акругі Народна-вызваленчай арміі Кітая. У 1959 г. выйшаў у адстаўку. Жыў і працаваў у горадзе Вінніца (Украіна).
Сяргей Антонавіч Бабрук быў узнагароджаны двума ордэнамі Леніна (1944, 1945), трыма ордэнамі Чырвонага Сцяга (1943, 1944, 1950), ордэнамі Суворава ІІ-й (1944) і І-й (1945) ступеняў, Кутузава ІІ-й ступені (1945), Айчыннай вайны І-й ступені (1943), ордэнамі Венгрыі і Югаславіі, медалямі.
Адна з вуліц г. Пружаны Брэсцкай вобласці названа ў гонар Героя.