Краткая справка:
тэатральны мастак, графік, кніжны ілюстратар, жывапісец, адным з вучняў якога з'яўляўся М. Шагал
Псевдонимы:
Бакст Лев Самойлович; Бакст Леў Самойлавіч
Имена на других языках:
Leon Bakst (не определен); Lev Bakst (не определен); Розенберг Лев Израилевич (русский); Розенберг Лейб-Хаим Израилевич (русский);
5051 символ
Справка
Жыццё і творчасць выдатнага мастака, эксперыментатара, лепшага сцэнографа першай чвэрці ХХ ст., рэфарматара рускага і заходнееўрапейскага тэатральна-дэкаратыўнага мастацтва Льва Самойлавіча Бакста, былі звязаны з Расіяй і Францыяй.
Нарадзіўся ён у Гродне ў яўрэйскай сям’і, якая неўзабаве пасля нараджэння сына пераехала ў Санкт-Пецярбург. Захапленне тэатрам і маляваннем прыйшло да яго яшчэ ў дзяцінстве. Бацькі любілі чытаць, наведвалі тэатральныя прэм’еры, наладжвалі сямейныя спектаклі па вядомых творах з удзелам дзяцей. Да захаплення сына тэатрам сям’я ставілася станоўча, а заняткі маляваннем, наадварот, забараняліся. Вядомы скульптар М. Антакольскі, да якога бацькі звярнуліся за парадай, пазнаёміўшыся з малюнкамі, парэкамендаваў даць хлопчыку прафесійную мастацкую адукацыю. Таму, скончыўшы гімназію, ён стаў вольным слухачом Імператарскай Санкт-Пецярбургскай акадэміі мастацтваў (1883–1887). Першымі настаўнікамі былі акадэмікі П. Чысцякоў і І. Аскназія, а блізкімі сябрамі з’яўляліся А. Бенуа і В. Сяроў.
Пакінуўшы вучобу ў 1887 г. з-за незадаволенасці акадэмічнай падрыхтоўкай, будучы мастак працаваў у рэдакцыях часопісаў «Художник» і «Петербургская жизнь», а таксама ў майстэрні А. Канаева, дзе займаўся афармленнем кніг. Ён спрабаваў сябе ў розных тэхніках (акварэлі, графіцы, бытавым жывапісе). У 1889 г. упершыню ўдзельнічаў у выстаўцы з жанравай карцінай «Муж і жонка» пад псеўданімам Бакст. У 1893–1896 гг. займаўся ў студыі Ж. Л. Жэрома і Акадэміі Р. Жульена ў Парыжы, браў урокі ў фінскага мастака А. Эдэльфельта. Пасля вяртання ў Санкт-Пецярбург стаў адным з арганізатараў і актыўным дзеячам мастацкага аб’яднання «Свет мастацтва», удзельнікі якога знаёміліся з навінкамі культурнага свету, чыталі лекцыі, пашыралі кругагляд, выдавалі аднайменны часопіс, наладжвалі выстаўкі. Леў Бакст узначаліў мастацкі аддзел часопіса, пастаянна ўдзельнічаў у вернісажах не толькі як экспанент, але і як мастак інтэр’ера. Прапанаванае ім афармленне выставак стала сапраўды рэвалюцыйным, бо дагэтуль на мастацтва экспазіцыі ў Расіі не звярталася асаблівай увагі. Сярод карцін мастака гэтага перыяду – «Вячэра» (1902), «Сустрэча рускіх маракоў у Парыжы» (1902, па заказе цара Мікалая II), «Антычнае бачанне», «Лівень», «Элізіум» (усе 1906), «Старажытны жах» (1908). Важнае месца ў творчасці займаў і партрэт. Мастак выканаў шмат партрэтаў вядомых асоб – І. І. Левітана, І. А. Буніна, К. Дэбюсі, А. Бенуа і інш. У 1906–1909 гг. выкладаў жывапіс у прыватнай мастацкай школе Е. М. Званцавай у Санкт-Пецярбургу, дзе сярод вучняў быў М. Шагал.
У канцы 1890-х – пачатку 1900-х гг. Л. Бакст паспрабаваў сябе ў сцэнаграфіі. Першая работа над пантамімай А. Феўра «Сэрца маркізы» (1902) у Эрмітажным тэатры стала вельмі паспяховай: мастаку ўдалося выканаць эскізы касцюмаў і дакладна ўзнавіць абстаноўку таго часу, у які адбываецца дзеянне твора. Потым працягнуў працу ў якасці дэкаратара ў Александрынскім тэатры над пастаноўкамі спектакляў «Іпаліт» Эўрыпіда (1902), «Эдып у Калоне» Сафокла (1904). Дзеля гэтай работы мастак вывучаў грэчаскую мову, вазапіс, рэльефы, прачытаў шмат спецыяльнай літаратуры. Захапіўшыся грэчаскім мастацтвам, наведаў востраў Крыт, дзе зрабіў шмат замалёвак архітэктурных дэталяў і старажытных арнаментаў, мяркуючы выкарыстоўваць іх у працы над іншымі спектаклямі. У 1903 г. яго афармленне сцэны для балета «Фея лялек» на музыку Й. Баера ў Марыінскім тэатры вельмі станоўча ацанілі тэатральныя крытыкі. І зноў ён прымяніў свой прынцып – быць верным гістарычнай праўдзе, як мага больш быць набліжаным да гадоў, калі адбываецца дзеянне, дакладна ўзнавіць вопратку персанажаў. Такім чынам, мастак стаў не проста наватарам, а рэфарматарам сцэнаграфіі.
З 1909 г. Л. Бакст з’яўляўся вядучым дэкаратарам тэатральнага праекта С. П. Дзягілева «Рускія сезоны» (пасля «Рускі балет») у Парыжы, стварыўшы на сцэне яркае, непаўторнае відовішча. Прапанаваныя спектаклі сталі неад’емнай часткай культурнага жыцця Еўропы і мелі ашаламляльны поспех у публікі. Мастаку належаць сцэнаграфічныя распрацоўкі і эскізы тэатральных касцюмаў, якія былі прызнаны лепшымі ў сусветным мастацтве пачатку 1910-х гг. Сярод сцэнічных увасабленняў узорнымі да сённяшняга дня лічацца вобразы Алены Спартанскай, Шэхеразады, Дафніса і Хлоі, Сіняга бога, Саламеі, Клеапатры і інш. За 1909–1914 гг. Л. Бакст аформіў 12 спектакляў, і яго праца не засталася незаўважанай: у 1914 г. быў удастоены вышэйшай дзяржаўнай узнагароды Францыі – ордэна Ганаровага легіёна, а таксама абраны членам Імператарскай Санкт-Пецярбугскай акадэміі мастацтваў.
Да канца жыцця мастак працягваў шмат працаваць: пісаў партрэты, афармляў спектаклі для тэатраў Лондана, Нью-Ёрка, Бруселя, Рыма, выступаў як лібрэтыст. У 1910-я гг. у моду ўвайшлі прапанаваныя ім празрыстыя тканіны, глыбокія дэкальтэ і адкрытыя рукі, што атрымала назву «голая мода». Уплыў Л. Бакста таксама выявіўся ў афармленні інтэр’ера і станаўленні мастацкага стылю XX ст. увогуле. Памёр мастак 27 снежня 1924 г. у Парыжы, дзе яго імем была названа вуліца.