Аўгуст Людвік Бекю нарадзіўся 3 мая 1771 г. у г. Гродна. Сярэднюю адукацыю атрымаў у гродзенскай школе. У 1787 г. з залатым медалём скончыў Галоўную Віленскую школу. У 1789 г. атрымаў ступень доктара філасофіі, у 1793 г. – доктара медыцыны. Педагагічны шлях А. Бекю пачаўся ў Галоўнай Віленскай школе, дзе 1 кастрычніка 1797 г. ён па конкурсе заняў пасаду віцэ-прафесара кафедры паталогіі, тэрапіі і медыцынскай матэрыі, якую на той час узначальваў прафесар І. Лангмайер. У 1798 г. А. Бекю пазнаёміўся з работай падобнай кафедры ў Вене, а ў 1800 г. сам быў прызначаны кіраўніком кафедры Галоўнай Віленскай школы.
З мэтай рэформы вышэйшай адукацыі 4 красавіка 1803 г. быў выдадзены царскі загад аб рэарганізацыі Галоўнай школы Літвы ў Віленскі імператарскі ўніверсітэт з правам выкладаць “…все науки, изящные искусства и свободные художества…”. Медыцынскі факультэт быў заснаваны паводле праекта Яна Пятра Франка. Паводле асноўных дысцыплін і навук універсітэт валодаў правам прысуджаць ступені доктара навук. Так, на медыцынскім факультэце ў перыяд 1816–1832 гг. было абаронена 137 доктарскіх дысертацый, што сведчыць пра тое, што медыцына ў Віленскім універсітэце дасягнула значных тэарэтычных і практычных поспехаў. Сярод новых выкладчыкаў, якія замянялі ад’язджаючых іншаземцаў, пераважалі выхадцы з Літвы і Беларусі. Побач з прадстаўнікамі плеяды маладых вучоных рэгіёна, А. Бекю забяспечыў не толькі пераўтварэнне Галоўнай Віленскай школы (Віленскага ўніверсітэта) ў сапраўды свецкую вучэбную ўстанову, але і яе росквіт.
А. Бекю знаходзіўся ў замежнай камандзіроўцы ў Паўночную Германію і Вялікабрытанію, дзе асабліва ўважліва вывучаў методыку выкладання фізіялогіі. У 1804 г. быў накіраваны ад універсітэта ў Шатландыю для даследавання захворвання на воспу. Пасля вяртання ў Вільню адзін з першых у краі пачаў праводзіць вакцынацыю супраць воспы. У 1808 г. разам з прафесарам І. Франком пры ўніверсітэцкай клініцы стварыў інстытут вакцынацыі, дзе адначасова навучаў студэнтаў прафілактычным прышчэпкам. З 1806 г. і да канца свайго жыцця А. Бекю – прафесар кафедры паталогіі, філасофіі і гігіены Віленскага ўніверсітэта.
На працягу амаль 16 гадоў (з 1798 г.) А. Бекю актыўна займаўся ўрачэбнай практыкай, працаваў у шпіталі сясцёр міласэрнасці, што, вядома, узбагачала яго педагагічную працу. Пазней урачаваў у аддзеле сясцёр міласэрнасці ў галоўным Віленскім шпіталі св. Якуба. А. Бекю стаў адным з заснавальнікаў Віленскага ўрачэбнага таварыства ў 1806 г. (з 1811 г. быў абраны яго прэзідэнтам, а ў 1814 г. – віцэ-прэзідэнтам), якое спрыяла практычнай падрыхтоўцы ўрачоў. Востры недахоп урачэбных кадраў на тэрыторыі Літвы і Беларусі прымусіў мясцовыя ўлады запрасіць нямецкіх лекараў для выкарыстання іх на дзяржаўных пасадах па ахове здароўя. У 1810 г. А. Бекю чытаў для запрошаных курс паталогіі на нямецкай мове.
А. Бекю супрацоўнічаў з расійскімі ўладамі, перш за ўсё, з кіраваннем Віленскага генерал-губернатара і карыстаўся даверам з боку апошнягя. А. Бекю быў членам камітэта цэнзуры па рэформе адукацыі (камітэт школ), дзе актыўна дзейнічаў некалькі гадоў. Прымаў удзел у ліквідацыі тайнага патрыятычнага таварыства філаматаў у Віленскім універсітэце, за што А. Міцкевіч, асуджаючы А. Бекю, у сваёй драматычнай паэме «Дзяды» паказаў яго ў вобразе Доктара, якога за непрыстойныя ўчынкі забівае маланка (А. Бекю сапраўды загінуў ад удару маланкі ў сваёй віленскай кватэры, пахаваны на віленскіх могілках «Роса»).
У 1812–1813 гг. А. Бекю ўзначальваў урачэбны камітэт у Вільні па барацьбе з эпідэміямі. Падчас адступлення напалеонаўскай арміі з Расіі горад і Віленскі край былі ў вельмі цяжкім эпідэмічным становішчы, таму дзейнасць камітэта і яго кіраўніка ў тыя часы цяжка пераацаніць.
У 1817–1824 гг. А. Бекю быў сакратаром біблейскага таварыства.
Для гісторыкаў медыцыны асоба А. Бекю надзвычай цікавая. З пункту гледжання ацэнкі навукова-медыцынскай спадчыны буйнога вучонага ў галіне медыцыны асаблівай увагі заслугоўваюць вынікі яго наватарскай дзейнасці ў супрацьвоспеннай вакцынацыі, абагульненыя ў спецыяльным выданні (Becu A. O wakcynie czyli tak nazwney ospie krowiey. – Wilno, 1803. – 221 s.). А. Бекю шмат паспеў зрабіць на шляху рэформы шпітальнай службы, а таксама развіцці навуковай і практычнай гігіены. Асноўныя навуковыя трактаты па шпітальнай справе і гігіене дзіцячага ўзросту А. Бекю друкаваў у часопісе «Dziennik Wilenski» («Дзённік Віленскі»).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.