Дата рождения: 03.01.1821 Жлобінскі раён, Гомельская вобласць
Дата смерти: 29.11 ці 10.12.1870
Краткая справка: мастак, ілюстратар
Имена на других языках: Башилов Михаил Сергеевич (русский);
Майстар кніжнай графікі Міхаіл Сяргеевіч Башылаў сваімі творамі адкрыў новы раздзел у гісторыі рускай ілюстрацыі XIX ст.
Нарадзіўся ён у маёнтку Пірэвічы Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні (цяпер Жлобінскі раён Гомельскай вобласці) у сям’і памешчыка, дзе выхаванню дзяцей удзялялі вялікую ўвагу. У сядзібе знаходзілася багатая бібліятэка рускай класічнай і замежнай літаратуры. Добрую хатнюю адукацыю атрымаў і будучы мастак. Яшчэ з маленства ў
М. Башылава праявілася цікавасць да малявання. Дзіцячыя работы сведчылі пра яго таленавітыя задаткі. У 1840 г. М. Башылаў паступіў на юрыдычны факультэт Харкаўскага ўніверсітэта, які скончыў у 1844 г. У гады навучання цікавіўся літаратурным жыццём, зблізіўся з прагрэсіўнай моладдзю і працягваў маляваць. Яго мастацкія работы былі змешчаны ў харкаўскім альманасе «Молодик» (1843). Сярод іх былі літаграфаваныя партрэты пісьменнікаў І. Катлярэўскага і Р. Квіткі-Аснаўяненкі. У канцы 1840-х і ў 1850-х гг. М. Башылаў жыў то на радзіме, то на Украіне. Некаторы час пасля заканчэння ўніверсітэта служыў чыноўнікам у Адэсе, у канцылярыі наварасійскага і бесарабскага генерал-губернатара. Каля 1848 г. пераехаў у Маскву, быў перакладчыкам у архіве Міністэрства замежных спраў, адначасова як вольны слухач наведваў заняткі Маскоўскага вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства, выстаўляў свае працы. У 1859 г. мастак жыў у Кіеве, дзе адкрыў вячэрнія класы малюнка пры ўніверсітэце, якія без сродкаў і належнай падтрымкі ўлад праіснавалі каля года. Пасля М. Башылаў канчаткова перабраўся ў Маскву, дзе стаў інспектарам Маскоўскага вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства. Працуючы на гэтай пасадзе (1866–1870), ён шмат зрабіў для ператварэння вучылішча ў сапраўдны цэнтр культуры. Клапаціўся пра навучэнцаў, якія атрымлівалі тут не толькі спецыяльныя веды і навыкі, але пакідалі сцены ўстановы ўсебакова адукаванымі, высокакультурнымі людзьмі. Шмат увагі аддаваў бібліятэцы, што папаўнялася не толькі лепшымі выданнямі рускай класікі, але і творамі рэвалюцыйна-дэмакратычнай крытыкі і публіцыстыкі.
Акрамя асноўнай працы М. Башылаў займаўся творчай дзейнасцю. Пісаў партрэты, палотны на беларускія і ўкраінскія тэмы, ілюстраваў класічныя творы рускай і ўкраінскай літаратур. Яшчэ ў 1844 г. М. Башылаў разам са сваім сваяком, украінскім мастаком Я. дэ Бальменам зрабіў малюнкі пяром у рукапісным паэтычным зборніку «Кабзар» Т. Шаўчэнкі. Ён выканаў вокладку з партрэтам аўтара, шэраг малюнкаў да першай і асноўнай часткі зборніка. Асабліва ўдаліся мастаку ілюстрацыі да паэм «Кацярына» і «Тарасова ноч». Паколькі дагэтуль творы Т. Шаўчэнкі ніколі не ілюстраваліся, менавіта М. Башылаў лічыцца першым яго ілюстратарам. Сваімі паэтычнымі творамі, рэвалюцыйнымі перакананнямі Т. Шаўчэнка зрабіў вялікі ўплыў на свядомасць маладога мастака, што праявілася ў змесце і сюжэтах яго наступных твораў. Пазней пад уражаннем паэмы «Наймічка» ён напісаў карціны «Наймічка» і «Тры пакаленні» (1857–1858). Работы належаць да першых жывапісных твораў, выкананых на сюжэты паэзіі Т. Шаўчэнкі, а жанравая карціна «Прыйшло пісьмо ад сына» была ўдастоена сярэбранага медаля Санкт-Пецярбургскай акадэміі мастацтваў (1854). У 1860-я гг. М. Башылаў удзельнічаў у мастацкіх выстаўках, ілюстраваў кнігу «Уличные типы» А. Галіцынскага, змяшчаў свае малюнкі ў часопісах «Зритель» і «Будильник». Сапраўдную славу яму прынеслі работы да камедыі «Горе от ума» А. Грыбаедава (1862). Гратэскавым завастрэннем, шаржыраваннем, рэзкімі сатырычнымі фарбамі вызначаліся створаныя вобразы Фамусава, Скалазуба, Малчаліна, Чацкага. Трапны аловак мастака стварыў цэлую галерэю грыбаедаўскіх герояў, якая не страціла свайго значэння і сёння. Важнай старонкай жыцця і творчасці М. Башылава з’яўляецца праца над эпапеяй «Война и мир» Л. Талстога, з якім яго звязвалі сваяцкія і сяброўскія адносіны. Мастак працаваў над творам у 1866–1867 гг. у цесным асабістым супрацоўніцтве з пісьменнікам. Яму давялося сутыкнуцца з зусім новым па сваёй псіхалагічнай і філасофскай глыбіні матэрыялам. Аўтар пасылаў мастаку толькі што напісаныя часткі, а той – зробленыя ілюстрацыі. Пісьменнік дзяліўся сваімі ўражаннямі ад малюнкаў, рабіў заўвагі, даваў парады, клапаціўся, каб яны найбольш адпавядалі яго аўтарскай задуме, як мага лепш перадавалі характар і ўнутраную сутнасць герояў рамана. На жаль, намер Л. Талстога выпусціць першае выданне свайго твора з ілюстрацыямі М. Башылава не ажыццявіўся. Пасля пажару ў друкарні гатовыя клішэ з ілюстрацыямі не захаваліся. Вядома толькі нязначная частка малюнкаў, якія маюць вялікае значэнне, бо ствараліся пры ўдзеле самога пісьменніка. Хаця гэта справа не была даведзена да канца, яна засталася ў гісторыі сусветнай ілюстрацыі прыкладам высокага прафесіяналізму і тонкага пранікнення мастака ў псіхалогію не толькі вобразаў рамана, але і псіхалогію самога аўтара. Апошняй работай стала стварэнне ілюстрацый да кнігі «Губернские очерки» М. Салтыкова-Шчадрына ў канцы 1860-х гг. У 1868–1870 гг. малюнкі публікаваліся ў альбомах «Художественный листок». У 1870 г. мастак захварэў на сухоты. Памёр у Ціролі, куды паехаў лячыцца. Сёння творы М. Башылава захоўваюцца ў многіх музеях і культурных установах Масквы і Кіева.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г.