Паэзія Міхася (Міхаіла Захаравіча) Башлакова адметная шчырасцю, адкрытасцю, меладычнасцю, тонкім лірызмам. Яго творчасць вылучае моцная эмацыянальная сіла, шчымлівая і задумлівая інтанацыя, віртуознае валоданне рытмам, пранікнёная музыка родных краявідаў. Паэтычныя вобразы, створаныя М. Башлаковым, караняцца ў духоўных глыбінях дарагога сэрцу краю, у старадаўняй народнай песні.
Нарадзіўся будучы паэт на Гомельшчыне, у невялікім пасёлку Станцыя Церуха (цяпер вёска Баштан) у сям’і чыгуначніка. Свае родныя мясціны заўсёды з вялікай любоўю згадвае ў творах. Сімвал краю для паэта маці. Яе светламу вобразу М. Башлакоў прысвяціў шмат вершаў (раздзел “Бярозавая рунь” у кнізе “Матчыны грыбы перабіраю”). Першае прызнанне прыйшло пасля апублікавання ў гомельскай раённай газеце “Маяк” верша “Раўчук” (1968). Пасля заканчэння Грабаўскай сярэдняй школы вучыўся ў Гомельскім універсітэце на гісторыка-філалагічным факультэце. Затым настаўнічаў у школах Гомельшчыны і Браншчыны. У час летніх адпачынкаў ездзіў па Расіі, Беларусі, Украіне з мэтай набыць новыя ўражанні, якія б прабудзілі палёт творчай фантазіі. Але сапраўднае натхненне заўсёды давала роднае Палессе, тут пад чароўны гоман лесу нараджаліся новыя вершаваныя радкі. Незабыўную школу паэтычнага майстэрства ён прайшоў у выдатнага рускага паэта Ю. Фатнева, які кіраваў літаб’яднаннем пры гомельскай раённай газеце “Маяк” і неаднойчы выказваўся пра М. Башлакова з вялікай любоўю і павагай у сваіх артыкулах і прадмовах да яго кніг. З 1985 г. М. Башлакоў працаваў карэспандэнтам-арганізатарам Бюро прапаганды мастацкай літаратуры Саюза пісьменнікаў БССР па Гомелі і Гомельскай вобласці. Адначасова кіраваў гарадскім літаратурным аб’яднаннем “Маладзік”. У 1991–2005 гг. працаваў у арганізацыйна-метадычным цэнтры па выданні гісторыка-дакументальнай хронікі “Памяць” Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь.
Спачатку М. Башлакоў ствараў надзвычай маляўнічыя і экспрэсіўныя творы, апяваў прыгажосць і шчодрасць родных мясцін, апісваў абрады і звычкі вяскоўцаў (кніга паэзіі “Касавіца”, 1979).
Луг расквеціцца фарбамі хустак,
Гучнай песняй акоціць прастор.
Водар сена, настоены густа,
Важным панам заедзе ў двор.
Касавіца
Пасля чарнобыльскай катастрофы настрой яго вершаў змяніўся: сталі гучаць трагічныя ноты, ноты адчаю, спустошанасці і безвыходнасці. Калі адбылася аварыя, М. Башлакоў, не раздумваючы, кінуўся ў гушчыню тых падзей. Шмат ездзіў, сустракаўся з людзьмі, правёў больш за 2000 літаратурных выступленняў толькі ў раёнах, якія найбольш падвергліся радыеактыўнаму забруджванню. Ён аўтар кніг паэзіі “Начны паром” (1987), “Дні мае залатыя” (1993), “Як слёзы горкія Айчыны...” (1999), “Матчыны грыбы перабіраю” (2000), “Пяро зязюлі падніму” (2001), “Світальныя коні” (2001), “Нетры” (2004), “Палын. Чарнобыль” (2005). Паэма “Лілея на цёмнай вадзе” – гэта рэквіем, які павінны пачуць усе народы:
Нашы вёскі пагостамі сталі...
Не вайна...
Вінаваты прагрэс.
Сінім полымем смутку і жалю
Дацвітае за вокнамі бэз.
Пазней гэта шматпланавая ліра-эпічная паэма разам з пранікнёна-лірычнымі вершамі, што складаюць кнігу “Світальныя коні”, увайшла ў зборнік “Пяро зязюлі падніму”, які сам аўтар лічыць самым значным, знакавым. Кніга “Як слёзы горкія Айчыны...” ад іншых адрозніваецца задумлівай інтанацыяй, пошукам паэтам сваіх берагоў, асэнсаваннем перажытага. Арганічным успрымаецца з’яўленне ў яго творчасці жанру малітвы (“У саборы”, “Ты памаліся, маці, за мяне” і інш.). Два апошнія выданні паэта “Нетры” і “Палын. Чарнобыль” – сумесная творчая праца М. Башлакова з беларускім мастаком М. Барздыкам – адразу выклікалі вялікі інтарэс у чытачоў сваёй адметнасцю, непадобнасцю да іншых. Яны вабяць незвычайнымі, унікальнымі ілюстрацыямі, заварожваюць сваімі вершамі. Зборнік “Палын. Чарнобыль” – своеасаблівы паэтычна-графічны дыялог двух аўтараў. Ён быў прымеркаваны да 20-й гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС і стаў споведдзю паэта роднаму краю. Лейтматывам праходзяць праз кнігу прарочыя словы святога Іаана Багаслова пра зорку Палын, знітоўваючы яе структуру і змест. Кніга “Нетры” раскрывае непаўторны вобраз Беларусі – хараство яе прыроды, шляхоў і абсягаў, багаты свет міфалагічных уяўленняў і персанажаў, – тоіць у сабе шматвяковую народную мудрасць і памяць беларусаў. “Нетры” і “Палын. Чарнобыль” атрымалі прызнанне далёка за межамі нашай радзімы. На Міжнародным кніжным кірмашы ў Франкфурце-на-Майне ў 2005 г. “Нетры” ўвайшлі ў лік ста лепшых кніг свету, а на Міжнародным конкурсе выяўленчых мастацтваў у Бельгіі ў 2006 г. “Нетры” і “Палын. Чарнобыль” узнагароджаны элітным залатым медалём.
Міхась Башлакоў з’яўляецца лаўрэатам Літаратурнай прэміі Баяна (Расія, 2004); лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь у галіне літаратуры 2008 г. На яго прыгожыя, меладычныя вершы напісана нямала музычных твораў рознымі кампазітарамі. Міхась Башлакоў жыве паэзіяй і марыць “стварыць вельмі вытанчаную, дзівосную кнігу лірыкі, на самай высокай ноце”.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2010 г.