Краткая справка:
удзельнік Першай сусветнай і грамадзянскай войнаў, удзельнік вызвалення Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну, Герой Савецкага Саюза (1945), кавалер ордэна Леніна. Імя героя носяць вуліцы ў Ваўкавыску і Гродне
Имена на других языках:
Боричевский Артём Иванович (русский);
1546 символов
Справка
Арцём Іванавіч Барычэўскі нарадзіўся ў сяле Сернікі Зарэчненскага раёна Ровенскай вобласці Украіны ў сям'і селяніна-беларуса. Скончыў 5 класаў агульнаадукацыйнай школы, працаваў цесляром, быў удзельнікам Першай сусветнай і грамадзянскай войнаў. У кастрычніку 1941 г. прызваны ў Чырвоную Армію, з сакавіка 1942 г. – на фронце. Намеснік камандзіра батальёна 190-га стралковага палка (5-я стралковая Арлоўская дывізія, 3-я армія, 2-і Беларускі фронт) Арцём Іванавіч Барычэўскі вызначыўся 24 чэрвеня 1944 г. пры вызваленні Рагачова. 14 ліпеня 1944 г. капітан Барычэўскі ўзначаліў штурмавую групу і адным з першых уварваўся ў горад Ваўкавыск. Група Барычэўскага захапіла цэнтр горада і ўтрымлівала яго да падыходу падмацавання. За гэты час было знішчана 5 агнявых пунктаў, 3 супрацьтанкавыя гарматы, 200 салдат і афіцэраў праціўніка.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 24 сакавіка 1945 г. за ўзорнае выкананне баявых заданняў камандавання на фронце барацьбы з нямецка-фашысцкімі захопнікамі і праяўленыя пры гэтым мужнасць і гераізм, Арцёму Іванавічу Барычэўскаму было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Залатая Зорка». За час вайны Арцём Барычэўскі быў узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны І і ІІ ступеняў, ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі.
Пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны маёр А.І. Барычэўскі выйшаў у адстаўку, жыў і працаваў у Зернаградзе. Імем Героя названа вуліца ў гэтым горадзе.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. на аснове даведкі, размешчанай на сайце інтэрнэт-праекта “Герои страны”.