Дата рождения:
05.05.1921 Бабруйскі раён, Магілёўская вобласць
Дата смерти:
08.02.1999
Краткая справка:
вучоны ў галіне гісторыі журналістыкі, адзін з заснавальнікаў беларускай школы журналістыкі, педагог
Имена на других языках:
Булацкий Григорий Васильевич (русский);
3062 символа
Справка
Навуковая і педагагічная дзейнасць Рыгора Васілевіча Булацкага стала сапраўднай эпохай у гісторыі нацыянальных СМІ. Уклад, унесены ім у развіццё журналістыкі, высока ацэнены вучнямі і паслядоўнікамі прафесара.
Рыгор Васілевіч Булацкі нарадзіўся ў вёсцы Мачулкі Бабруйскага раёна Магілёўскай вобласці ў сялянскай сям’і. Пасля заканчэння сярэдняй школы паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (БДУ) на гістарычны факультэт (1939), але да заняткаў так і не прыступіў, бо прызвалі ў армію. У гады Вялікай Айчыннай вайны ён разам з В. Ульянавым і А. Пятровым набыў уласны самалёт, на якім “экіпаж дружных” здзейсніў больш за 80 ваенных вылетаў, удзельнічаючы ў баявых дзеяннях на тэрыторыі Украіны, Чэхаславакіі, Аўстрыі, Румыніі. Рыгор Булацкі быў паранены на тэрыторыі Венгрыі, калі бамбардзіравалі адну з чыгуначных станцый. Пасля заканчэння вайны аднавіўся ва ўніверсітэце і хутка апынуўся сярод будучых журналістаў. Скончыўшы БДУ (1951), працаваў у ім і ў шматтыражнай універсітэцкай газеце, якую рэдагаваў нядоўга, бо быў залічаны ў аспірантуру. Датэрмінова напісаў дысертацыю, паспяхова абараніў яе і стаў кандыдатам гістарычных навук. З 1 верасня 1954 г. з’яўляўся старшым выкладчыкам кафедры тэорыі і практыкі савецкага друку аддзялення журналістыкі філалагічнага факультэта БДУ, а з 8 сакавіка 1955 г. стаў намеснікам дэкана факультэта. З 1961 г. ён загадчык кафедры, адначасова з 1963 г. – дэкан філалагічнага факультэта.
Рыгор Булацкі марыў пра тое, каб ва ўніверсітэце было не проста аддзяленне журналістыкі, а факультэт. Жаданне вучонага ажыццявілася ў 1967 г. У выніку Р. Булацкі стаў першым дэканам факультэта журналістыкі БДУ (1967–1981). У 1971 г. абараніў доктарскую дысертацыю, праз год атрымаў званне прафесара. Рыхтуючы маладых спецыялістаў, Р. Булацкі плённа займаўся даследчай працай: праблемамі развіцця рабселькораўскага руху ў Беларусі, станаўлення, развіцця беларускага друку. Вывучаў публіцыстычную творчасць П. Труса, В. Харужай, П. Галавача, К. Чорнага і інш. Ён выдаў каля 200 прац, сярод якіх манаграфіі, падручнікі, вучэбна-метадычныя дапаможнікі. Асобныя з іх напісаны сумесна з вучнямі. Асноўныя працы даследчыка – “Печать Белоруссии в период завершения социалистической реконструкции народного хозяйства республики (1933–1937)” (1960), “Первые рабселькоры Белоруссии” (1969), “Кузьма Чорны – публіцыст” (1972, разам з І. Сачанкам), “Платон Галавач – публіцыст” (1973, разам з Э. Карніловічам), “Гісторыя беларускай журналістыкі” (1979, разам з І. Сачанкам, С. Говіным). За апошнюю аўтары ўдастоены звання лаўрэатаў прэміі Саюза журналістаў СССР. Рыгор Булацкі шмат гадоў працаваў навуковым кансультантам 12-томнай “Беларускай савецкай энцыклапедыі”, быў членам рэдкалегіі “Весніка БДУ”.
Рыгор Васілевіч Булацкі заўсёды з вялікай самааддачай адносіўся да працы, быў прафесіяналам сваёй справы. Ён узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны, “Знак Пашаны”, медалямі. У 2006 г. сакратарыят Беларускага саюза журналістаў зацвердзіў прэмію імя Р. В. Булацкага.