Іван Дарафеевіч Казека нарадзіўся і вырас у в. Кострычы Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці. Яшчэ ў дзяцінстве Івану была прывіта любоў да літаратуры, выдатнае адчуванне мастацкасці і пачуццё прыгожага, якія былі абуджаны гарманічнымі творамі В. Віткі, М. Лобана, Х. Шынклера і іншых пісьменнікаў, што друкаваліся на старонках літаратурнага дадатку да газеты “Камуніст”. Развіццю літаратурных здольнасцяў Я. Казекі спрыяў маладняковец Р. Бахта, які з’яўляўся яго выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры ў Любоніцкай сямігодцы.
У час навучання ў Мінскім педагагічным інстытуце Я. Казека сябраваў з такімі маладымі пісьменнікамі, як У. Грамовіч, М. Лупсякоў, Я. Непачаловіч, В. Івашын, В. Гарбук, а таксама студэнтамі-завочнікамі П. Панчанкам, А. Бачылам, Р. Няхаем. Гэтыя таленавітыя людзі аказалі значны ўплыў на фарміраванне эстэтычных вызнанняў юнака. Моладзь праводзіла свой вольны час за захапляючымі гаворкамі і гарачымі спрэчкамі, прысвечанымі літаратуры. Такая творчая атмасфера жывіла і натхняла будучага пісьменніка. Менавіта ў студэнцкія гады І. Казека пачаў друкавацца. Артыкулы і рэцэнзіі, што пабачылі свет у пачатку яго творчага шляху, напоўнены жаданнем пранікнуць у сутнасць пісьменніцкай задумы, прасачыць яе раскрыццё. Пра творчасць Я. Коласа, З. Бядулі, К. Чорнага малады крытык пісаў страсна, публіцыстычна засяроджваў, падкрэсліваў, што беларуская літаратура працягвае лепшыя традыцыі рускіх класікаў, імкнецца актыўна ўмешвацца ў жыццё.
Пасля заканчэння ў 1938 г. педінстытута Іван Дарафеевіч настаўнічаў, працаваў у прэсе. У 1957–1967 гг. ён з’яўляўся галоўным рэдактарам выдавецтва “Беларусь”. У 1967–1991 гг. працаваў у выдавецтве “Беларуская савецкая энцыклапедыя”, дзе ў 1969–1979 гг. займаў пасаду намесніка галоўнага рэдактара. Іван Казека правёў вялікую арганізацыйную і метадычную работу па выданні Беларускай савецкай энцыклапедыі ў 12 тамах, за што яму была прысуджана Дзяржаўная прэмія Беларусі (1976).
Работу рэдактара Іван Дарафеевіч паспяхова спалучаў з літаратуразнаўчай дзейнасцю, якую прысвяціў даследаванням прозы, а таксама жанрам сатыры, байкі, стылёва-жанравым прыкметам мастацкага твора, праблемам творчай індывідуальнасці такіх вядомых беларускіх пісьменнікаў, як Я. Колас, І. Мележ, І. Шамякін, А. Кулакоўскі, В. Вітка і інш. Іван Дарафеевіч з’яўляецца аўтарам шэрагу прац па пытаннях развіцця беларускай літаратуры. Зборнікі “З невычэрпных крыніц” (1958), “Натхненне і майстэрства” (1963), кнігі “Беларуская байка” (1960), “Кандрат Крапіва” (1965), “Кузьма Чорны” (1980) і іншыя сталі далейшым крокам І. Казекі ў паглыбленні ў літаратурны працэс, у імкненні выявіць сваю творчую індывідуальнасць. Вельмі каштоўнай з’яўляецца яго работа па падрыхтоўцы і выданні аўтабіяграфій беларускіх пісьменнікаў: “Пяцьдзесят чатыры дарогі” (1963), “Пра час і пра сябе” (1966), “Вытокі песні” (1973).
Найбольш прывабнай рысай творчасці Івана Дарафеевіча з’яўляецца ўменне ўвайсці ў мастацкі твор, каб разгляд, аналіз і меркаванне аб ім ішло з сутнасці самога твора. Чытаючы асобныя артыкулы, рэцэнзіі, манаграфічныя даследаванні, бачыш, як блізка сутыкаюцца межы крытычнага артыкула з творам, пра які гаворыць пісьменнік. Як лічыць літаратуразнавец Я. Скрыган, “забыўшыся пра дзелавітасць свайго артыкула раптам ён пусціцца ў такое лірычнае падарожжа, што вы губляецеся: ці то вы чытаеце артыкул, ці то гэта выпіска з разглядванага твора, бо там будуць і кветкі, і ветрык, і пахі травы”*.
Уклад І. Казекі ў беларускае літаратуразнаўства пераацаніць нельга. Менавіта таму стала вельмі сумна і балюча, калі 4 сакавіка 2000 г. выдатнага крытыка не стала…
* Скрыган, Я. Выбраныя творы: у 2-х т. – Мінск, 1985. – Т. 2. – С. 255.
Матэрыял падрыхтаваны ў 1995 г., актуалізаваны ў 2011 г.