Дата рождения:
23.07.1896 Мяльканавічы, в., Слонімскі раён, Гродзенская вобласць
Дата смерти:
13.11.1985
Краткая справка:
хормайстар, кампазітар, музычны дзеяч, заслужаны дзеяч культуры Беларусі
Имена на других языках:
Волынчик Антон Михайлович (русский);
4160 символов
Справка
Сярод знакамітых людзей Слонімшчыны пачэснае месца належыць Антону Міхайлавічу Валынчыку. Музыкант, хормайстар, кампазітар, педагог, ён унёс значны ўклад у развіццё музычнай культуры Заходняй Беларусі.
Нарадзіўся А. Валынчык у в. Мяльканавічы Слонімскага павета Гродзенскай губерні (цяпер Слонімскі раён Гродзенскай вобласці) у сям’і царкоўнага рэгента. У 1910 г. скончыў Жыровіцкае духоўнае вучылішча. Потым займаўся на двухгадовых настаўніцкіх курсах у Гродне. У гады Першай сусветнай вайны быў прызваны ў армію (служыў да 1918 г.). Пасля дэмабілізацыі паехаў да бацькоў, якія знаходзіліся ў эвакуацыі ў Курскай вобласці. Праз некаторы час, вяртаючыся ў Беларусь, спыніўся ў Ветцы, дзе працаваў на будоўлі. Потым уладкаваўся ва ўпраўленне Чырвонага Крыжа, якое знаходзілася ў Гомелі. Там пазнаёміўся з харавым дырыжорам А. Ягоравым і кампазітарам А. Туранковым, што спрыяла яму як музыканту. У 1919 г. А. Валынчык вырашыў вярнуцца на Слонімшчыну. У раёне Лунінца трапіў у паласу ваенных дзеянняў і застаўся ў гэтым горадзе. Ён атрымаў дыплом настаўніка народных вучылішчаў і пачаў працаваць у прыватным рускім рэальным вучылішчы, адначасова быў рэгентам у мясцовай царкве. У 1924 г. запрошаны ў Клецкую беларускую гімназію, дзе арганізаваў хор і струнны аркестр. З 1929 г. выкладаў спевы ў Навагрудскай беларускай гімназіі. Пасля яе закрыцця ў 1934 г. А. Валынчык перайшоў на працу ў польскую гімназію імя А. Міцкевіча, якая знаходзілася таксама ў Навагрудку. У 1937 г. ён завочна скончыў Вышэйшыя музычныя курсы Варшаўскай кансерваторыі пры Крамянецкім музычным ліцэі.
У пачатку Другой сусветнай вайны А. Валынчык з сям’ёй пераехаў у Слонім, дзе з 1939 па 1947 г. працаваў у сярэдняй школе і беларускай настаўніцкай семінарыі. Потым быў мастацкім кіраўніком Беларускага міжабласнога ансамбля песні і танца ў Ашмянах, супрацоўнічаў з хорамі праваслаўных храмаў у Клецку і Навагрудку, Слоніме, Жыровічах і Мінску. У вольны час ездзіў па вёсках і пасёлках, запісваючы беларускія народныя песні. У 1956–1957 гг. кампазітар узначаліў хор Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках, адначасова настаўнічаў у Пухавіцкай і Талькаўскай сярэдніх школах (Мінская вобласць). У 1957–1961 гг. кіраваў міжабласным Маладзечанскім ансамблем песні і танца. У 1961–1976 гг. А. Валынчык быў загадчыкам кафедры музыкі і спеваў у Гродзенскім педагагічным інстытуце імя Я. Купалы. За час працы там правёў вялікую работу па паляпшэнні выкладання, імкнуўся прывіць студэнтам любоў да беларускай культуры, музычнага мастацтва. Вялікую дапамогу аказваў кампазітар настаўнікам школ Гродна і вобласці ў справе павышэння іх тэарэтычнага і метадычнага ўзроўню ў выкладанні музыкі і спеваў. Шмат увагі ўдзяляў А. Валынчык мастацкай самадзейнасці. Ён узначальваў хор педагагічнага інстытута, з’яўляўся мастацкім кіраўніком Беларускага дзяржаўнага міжабласнога ансамбля песні і танца, хормайстрам народнага ансамбля песні і танца «Нёман», Гродзенскай харавой капэлы настаўнікаў, кансультаваў шматлікія калектывы вобласці. Добры знаўца харавога мастацтва, А. Валынчык стараўся перадаць багацце і прыгажосць беларускай мовы ў аўтарскіх творах. Ён напісаў каля 100 хароў і песень. Сярод іх – «Зайшло ўжо сонейка», «За праўду», «Гэй, наперад», «А зязюлька кукавала» (на словы Я. Купалы), «Ліпы старыя», «Касцы», «На сенажаці», «Не бядуй», «Устаньце, хлопцы» (на вершы Я. Коласа), «Крочым наперад», «Слаўся народ беларускі» (на словы П. Броўкі і А. Русака) і іншыя; зрабіў шмат апрацовак народных песень («Ці свет, ці светае», «Купалінка» і інш.). Многія творы кампазітара ўваходзяць у рэпертуар лепшых харавых калектываў рэспублікі.
Праца А. Валынчыка адзначана высокімі ўзнагародамі. 28 верасня 1963 г. кампазітару было прысвоена ганаровае званне «Заслужаны дзеяч культуры БССР». Ён атрымаў таксама Ганаровыя граматы Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР, Міністэрства культуры БССР і Міністэрства вышэйшай і сярэдняй адукацыі БССР. 1 лістапада 2013 г. на магіле А. Валынчыка ў Гродне ўстаноўлены помнік. У 2016 г. на будынку факультэта мастацтваў і дызайну Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы ў гонар дырыжора ўсталявана мемарыяльная дошка.