Савецкі кінарэжысёр, адзін з заснавальнікаў і тэарэтыкаў дакументальнага кіно Дзіга Вертаў (сапраўднае Каўфман Дзяніс Аркадзевіч) нарадзіўся ў Беластоку Гродзенскай губерні (цяпер Польшча). Вучыўся ў Маскоўскім дзяржаўным універсітэце. Творчы шлях пачаў з працы ў аддзеле кінахронікі Маскоўскага кінакамітэта. Прымаў удзел у мантажы першага савецкага кіначасопіса «Кінатыдзень» (1918–1919). У гады грамадзянскай вайны кіраваў працай франтавых кінааператараў. Першыя яго фільмы зманціраваны з кінахронік: «Гадавіна рэвалюцыі» (1919), «Бой пад Царыцынам», (1920), «Гісторыя грамадзянскай вайны» (1922) і інш.
Далейшы шлях Д. Вертава звязаны з пошукамі новых спосабаў здымак і мантажу, новых метадаў арганізацыі знятага матэрыялу, якія б дазволілі раскрыць рэчаіснасць у сучасным развіцці. Па яго ініцыятыве пачаўся выпуск тэматычнага кіначасопіса пад назвай «Кіна-Праўда» (1922–1925). Адкрыў новыя магчымасці мантажу як сродку інтэрпрэтацыі ўвасобленых на плёнцы падзей, шырока выкарыстоўваў тытры для агітацыйнага ўздзеяння на гледачоў. Гэтыя эксперыменты прынеслі шмат новага ў хранікальна-дакументальны кінематограф і ў тэорыю мантажу. Кожны нумар кіначасопіса меў сваё мастацкае рашэнне ў залежнасці ад характару падзей, пра якія ён расказваў. Гэта быў новы від мастацтва, дзе кінадакументы атрымлівалі мастацка-вобразнае тлумачэнне. Найцікавейшым творчым эксперыментам ў гэты перыяд стаў фільм «Кіна-Вока» (1924), які быў адзначаны прэміяй на Міжнароднай выстаўцы ў Парыжы. Кінарэжысёр стаў пачынальнікам новага віду публіцыстыкі – паэтычнага дакументальнага кіно. Мастацкае рашэнне фільмаў «Шостая частка свету» (1926), «Адзінаццаты» (1928), «Чалавек з кінаапаратам» (1929) вызначалася не столькі ідэйным зместам, колькі імкненнем прадэманстраваць новыя метады здымак і мантажу. Кінарэжысёр займаўся распрацоўкай спосабаў рытмічнай арганізацыі дзеяння, даследаваў значэнне для мантажу інтэрвалаў (паўзаў) паміж рухамі. Са з'яўленнем у кіно гуку Д. Вертаў робіць яшчэ адно адкрыццё. У першым яго гукавым фільме «Сімфонія Данбаса» (1930) адначасова з індустрыяльнымі шумамі запісваюцца некалькі рэплік рабочых, а праз тры гады зняў кінаінтэрв'ю з адной з гераінь Днепрагэсу. Здымачная група не толькі запісала сапраўдныя шумы і гукі, але і ажыццявіла ўпершыню серыю сінхронных здымак – адначасовую здымку выявы з запісам гуку. З гэтага фільма пачаліся здымацца дакументальныя кінастужкі з хранікальным гукам. Кінарэжысёр імкнуўся да таго, каб яго фільмы былі неагучанымі, а гукавымі.
У час Вялікай Айчынай вайны Д. Вертаў зняў фільмы ў Алма-Аце («Кроў за кроў, смерць за смерць» і «На лініі агню – аператары кінахронкі»(1941), «У гарах Ала-Тау» (1944) і інш.). Адно з самых каштоўных дасягненняў яго як тэарэтыка – мантажная тэорыя дакументальнай стужкі, якая з'яўляецца найважнейшым элементам спецыфікі кіно. Кінарэжысёр падкрэсліваў, што матэрыялы манціруюцца на працягу ўсяго часу вытворчасці – з моманту выбару тэмы і да выхаду фільма на экран. У 1944 г. вярнуўся з эвакуацыі і зняў апошні фільм «Клятва маладых». У 1944–1945 гг. займаўся выпускам кіначасопіса «Навіны дня». Новыя прынцыпы кінадакументалізму тэарэтычна абгрунтаваў у артыкулах «Мы. Варыянт маніфеста», «Кінавока» і інш.
Сваёй творчасцю і тэарэтычнымі пошукамі Д. Вертаў паклаў пачатак новаму мастацка-дакументальнага жанру ў кінамастацтве. Ён з'яўляецца прызнаным спецыялістам дакументальнага кіно, якое аказала велізарны ўплыў на развіццё савецкай і прагрэсіўнай замежнай дакументальнай кінематаграфіі. У большасці сваіх фільмаў выступаў і як сцэнарыст. Памёр Д. Вертаў 12 лютага 1954 г. у Маскве.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г.