Дата рождения: 17.11.1896 Орша, г., Віцебская вобласць
Дата смерти: 11.06.1934
Краткая справка: беларускі і расійскі вучоны-псіхолаг, педагог, стваральнік культурна-гістарычнай школы ў псіхалогіі
Имена на других языках: Выготский Лев Семёнович (русский);
Стваральнік навуковай школы, якая атрымала вялікі рэзананс у сусветнай псіхалагічнай навуцы, заснавальнік дэфекталогіі, педалогіі і навукі аб штучным інтэлекце Леў Сямёнавіч Выгоцкі ў нашы дні ўваходзіць у дзясятку самых вядомых псіхолагаў свету.
Нарадзіўся ён у Оршы ў сям’і банкаўскага служачага. У хуткім часе сям’я пераехала ў Гомель, дзе прайшлі дзіцячыя і юнацкія гады будучага вучонага. З ранняга дзяцінства Леў па сваім развіцці і здольнасцях значна апярэджваў аднагодкаў, таму першапачатковую адукацыю атрымаў дома, потым экстэрнам здаў экзамены і паступіў адразу ў шосты клас прыватнай мужчынскай гімназіі доктара Ратнера. Любімымі прадметамі для адаронага хлопца сталі літаратура і філасофія. З гімназічных гадоў вельмі захапляўся тэатрам: сам наладжваў любіцельскія прадстаўленні і іграў у іх, не прапускаў спектаклі мясцовай трупы і калектываў, якія гастралявалі. Пасля заканчэння гімназіі з залатым медалём Л. С. Выгоцкі паступіў у Імператарскі Маскоўскі ўніверсітэт (1913). Вучыўся спачатку на медыцынскім факультэце, аднак хутка перавёўся на юрыдычны, вучоба на якім у далейшым давала магчымасць паступіць у адвакатуру і атрымаць яўрэйскаму юнаку дазвол на пражыванне па-за мяжой аседласці. Ён таксама захапляўся літаратурай і філасофіяй, таму ў 1914 г. паступіў на гісторыка-філасофскі факультэт Маскоўскага гарадскога народнага ўніверсітэта імя А. Л. Шаняўскага, дзе ў той час працавалі лепшыя прафесары і выкладчыкі Расіі – П. П. Блонскі, У. І. Вярнадскі, К. А. Ціміразеў, Г. Г. Шпет і інш. Менавіта дзякуючы ім Л. С. Выгоцкі зацікавіўся псіхалогіяй і з таго часу не спыняў даследаванні ў гэтай галіне. Вучобу ва ўніверсітэтах сумяшчаў з працай тэхнічнага сакратара ў часопісе «Новый путь», дзе таксама друкаваўся як аўтар літаратурна-крытычных артыкулаў. Яго дыпломная работа ў народным універсітэце «Трагедия о Гамлете, принце Датском, У. Шекспира» была вельмі высока ацэнена спецыялістамі ў галіне лінгвістыкі і не страціла сваёй навуковай каштоўнасці і сёння. Пасля паспяховага заканчэння абодвух універсітэтаў Л. С. Выгоцкі ў 1917 г. вярнуўся ў Гомель. Быў настаўнікам псіхалогіі, рускай мовы і літаратуры, даваў прыватныя ўрокі, чытаў лекцыі па псіхалогіі ў розных навучальных установах і на настаўніцкіх курсах. Адначасова займаўся арганізацыяй тэатральнага жыцця ў горадзе, наладжваў гастролі, публікаваў у перыядычным друку рэцэнзіі на спектаклі (усяго больш за 80), праводзіў заняткі ў тэатральнай студыі. Менавіта дзякуючы яго намаганням у пачатку 1920-х гг. Гомель лічыўся адным з самых тэатральных гарадоў. У 1919 г. разам са сваім стрыечным братам Давідам арганізаваў літаратурнае выдавецтва, дзе друкаваліся найбольш значныя творы сучаснасці, а таксама класіка. З 1922 г. Л. С. Выгоцкі працаваў выкладчыкам логікі і псіхалогіі ў Гомельскім педагагічным тэхнікуме. Па яго ініцыятыве тут быў створаны псіхалагічны кабінет, дзе праводзілася вучэбная, даследчая і метадалагічная работа, быў сабраны матэрыял для першых фундаментальных прац. Вынікі эксперыментальных даследаванняў, праведзеных у псіхалагічным кабінеце тэхнікума, аформлены Л. С. Выгоцкім у выглядзе некалькіх навуковых прац, некаторыя з якіх былі прадстаўлены на ІІ Усерасійскім з’ездзе па псіханеўралогіі (Петраград, студзень 1924 г.). Дзякуючы гэтым дакладам, што выклікалі значнае ўражанне і прыцягнулі ўвагу спецыялістаў, ён атрымаў запрашэнне на працу ў Маскоўскі дзяржаўны інстытут эксперыментальнай псіхалогіі.
У 1924 г. пераехаў у Маскву, дзе з гэтага часу пачаўся найбольш плённы перыяд жыцця вучонага. Леў Сямёнавіч Выгоцкі засяродзіў сваю ўвагу на даследаванні праблем педагагічнай псіхалогіі і дэфекталогіі. Кіраваў аддзелам адукацыі псіхічна і фізічна адсталых дзяцей пры Народным камісарыяце асветы РСФСР. У 1925 г. удзельнічаў у Міжнароднай канферэнцыі па адукацыі глуханямых дзяцей у Лондане. За некалькі гадоў працы і даследаванняў у гэтай галіне стварыў новую комплексную навуку – дэфекталогію. Абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Психология искусства» (1925). З 1929 г. стаў навуковым кіраўніком і кансультантам Эксперыментальнага дэфекталагічнага інстытута ў Маскве, дзе займаўся распрацоўкай медыка-псіхолага-педагагічнага падыходу да вывучэння дзяцей з асаблівасцямі развіцця і падрыхтоўкай спецыялістаў у галіне спецыяльнай адукацыі. Ужо будучы прафесарам, у 1931 г. паступіў завочна на медыцынскі факультэт Украінскага навукова-даследчага псіханеўралагічнага інстытута ў Харкаве. Акрамя гэтага, чытаў лекцыі, выступаў з дакладамі, пісаў артыкулы, праводзіў эксперыменты, займаўся даследчыцкай дзейнасцю. Такі напружаны графік работы падкасіў і без таго дрэннае здароўе вучонага, які шмат гадоў пакутаваў на сухоты. Многія з яго планаў засталіся нерэалізаванымі з-за заўчаснай смерці ў 1934 г.
Леў Сямёнавіч Выгоцкі пакінуў пасля сябе багатую спадчыну і стварыў навуковую школу некласічнай культурна-гістарычнай псіхалогіі – аднаго з вядучых кірункаў сусветнай псіхалагічнай навукі. Падрыхтаваў выдатных вучняў, сярод якіх – знакамітыя псіхолагі, філосафы і педагогі ХХ ст. А. М. Лявонцьеў, А. Р. Лурыя, Л. І. Бажовіч, П. Я. Гальперын, Д. Б. Эльконін і інш. Напісаў больш за 270 навуковых прац (пры жыцці вучонага яны ў большасці заставаліся ў рукапісах), сярод якіх найбольш значнымі з’яўляюцца «Педагогическая психология» (1926), «Педология школьного возраста» (1928), «Педология подростка» (1929) «Мышление и речь» (1934), «Умственное развитие детей в процессе обучения» (1935) і інш. На жаль, у 1936 г. усе работы псіхолага на некалькі дзесяцігоддзяў былі забаронены. Толькі з другой паловы 1950-х гг. спадчына вучонага стала даступнай для шырокага кола спецыялістаў. Працы Л. С. Выгоцкага друкаваліся ў больш як 20 краінах свету, праводзіліся шматлікія міжнародныя кангрэсы, сімпозіумы і канферэнцыі, прысвечаныя вынікам яго даследаванняў. У Гомельскім дзяржаўным педагагічным каледжы, дзе ў 1920-я гг. працаваў вучоны, штогод праводзяцца навукова-практычныя канферэнцыі, прысвечаныя даследчыку, а самой установе прысвоена імя знакамітага псіхолага.
Навуковыя распрацоўкі Л. С. Выгоцкага, дзякуючы сваёй значнасці і практычнай каштоўнасці, і сёння працягваюць заставацца актуальнымі і аказваюць вялікае ўздзеянне на сучасную псіхалогію і педагогіку.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г.