Краткая справка:
тэатральны мастак, галоўны мастак Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра
Имена на других языках:
Volakhau Mark Mikalaevitch (не определен); Волохов Марк Ніколаевіч (русский);
3037 символов
Справка
Дзейнасць тэатральнага мастака заўсёды вызначае творчае аблічча тэатра. Больш за 40 гадоў займаўся сцэнаграфіяй у Магілёўскім абласным драматычным тэатры Марк Мікалаевіч Волахаў. Яго работы – гэта не толькі мастацкае афармленне сцэны, але і ўменне зразумець і выявіць у дэкарацыях сэнс спектакля, той момант, які складае зерне п’есы.
Нарадзіўся ён у Маскве. З 1938 па 1940 г. вучыўся на аддзяленні жывапісу ў Маскоўскім мастацкім вучылішчы. У гады Вялікай Айчыннай вайны быў прызваны ў дзеючую армію. Некаторы час працаваў у Таліне, з 1957 г. і да канца жыцця ў Магілёўскім абласным драматычным тэатры. Член Беларускага саюза мастакоў з 1970 г. На працягу васьмі гадоў (1975–1983) узначальваў Магілёўскае абласное аддзяленне БСМ.
Ужо першыя дэкарацыі М. Волахава, створаныя на магілёўскай сцэне да спектакляў “Галоўная стаўка” К. Губарэвіча (1957), “Чаму ўсміхаліся зоркі” А. Карнейчука і “Людзі, якіх я бачыў” С. Смірнова (абодва 1958), “Дзядзька Ваня” А Чэхава (1960), “Гэта было ў Магілёве” Я Тарасава (1964) і іншыя вызначаліся пластычнай выразнасцю, вобразнай завершанасцю. Добрае веданне сялянскага жыцця, звычаяў, побыту прадэманстраваў мастак у дэкарацыях да пастановак “Мурын бор” І. Ісачанкі (1967), “Гады навальнічныя” К. Губарэвіча (1968), “Паўлінка” К. Купалы, “Амністыя” М. Матукоўскага (абедзве 1971), “Сотнікаў” паводле В. Быкава (1972) і інш. Пік папулярнасці М. Волаха, як майстра-дэкаратара, прыйшоўся на канец 1970-ых сярэдзіну 1980-ых гг. Яго работы да спектакляў “Інтэрв’ю ў Буэнас-Айрэсе” Г. Баравіка (1976), “Арфей спускаецца ў пекла” Т. Уільямса (1977) “Марыя Сцюарт” Ф. Шылера (1980), “Тутэйшыя” Я. Купалы (1982), ”Судны дзень” паводле В. Казько (1983), “Сівы бусел” В. Ткачова (1984), “Дон Жуан” Ж.Б. Мальера, “Незвычайнае здарэнне ў Айпінгу” Г. Уэлса і “Паслухайце, я паміраю” Ю. Зубкова (абодва 1985) ў пластычных формах выяўлялі сутнасць драматычнага канфлікту п’есы, акрэслівалі яе канцэпцыю. Работы М. Волахава, створаныя ў другой палавіне 1980-ых і ў 1990-ыя гг. вызначаюцца арыгінальнасцю мыслення, творчым падыходам да афармлення кожнага сцэнічнага твора, кампазіцыйнай навізной і каларыстычнай завершанасцю зрокавых вобразаў, глыбокім разуменнем драматургічнага матэрыялу і рэжысёрскай трактоўкі. Сярод іх вылучаюцца дэкарацыі да спектакляў “Старая мелодыя” Я. Росцікава (1986), “Сабачае сэрца” паводле М. Булгакава (1988), “Трэцяя галава” М. Эмэ і “Смерць Тарэлкіна” А. Сухаво-Кабыліна (абодва 1989), “Генералы ў спадніцах” Ж. Ануя і “Спакусніца Цэзарына” А. Дзюма (абодва 1990), “Жыды горада Піцера” Б. і А. Стругацкіх і “Паляванне на пацукоў” П. Турыні (абодва 1991), “Каварства і каханне” Ф. Шылера (1992), “Рычард III” У. Шэкспіра (1995) і інш. За доўгую працу ў Магілёўскім абласным драматычным тэатры М. Волахаў стварыў каля 300 работ да спектакляў. Апошняй яго працай стала пастаноўка “Свабодная пара” па п’есе лаўрэата Нобелеўскай прэміі Д. Фо. 19 сакавіка 2001 г. мастак памёр.
Матэрыял падрыхтаваны УК "Магілёўская абласная бібліятэка імя У.І. Леніна" ў 2016 г.