Ксенафонт Антонавіч Гаворскі нарадзіўся ў 1821 г. у сям'і ўніяцкага святара ў Кіеве. Скончыўшы Пецярбургскую духоўную акадэмію (1845), працаваў у Полацкай духоўнай семінарыі. У 1857–1858 гг. рэдагаваў неафіцыйную частку "Витебских губернских ведомостей", з 1862 г. выдаваў у Кіеве часопіс "Вестник Юго-Западной России", а ў 1864 г. па запрашэнні генерал-губернатара М. М. Мураўёва пераехаў у Вільню, дзе наладзіў выпуск часопіса "Вестник Западной России".
Ксенафонт Гаворскі прапагандаваў ідэі заходнерусізму, падтрымліваў русіфікацыю, выступаў супраць паланізацыі беларускага насельніцтва. У грамадскай і навуковай дзейнасці ён ухваляў усе мерапрыемствы царызму ў Паўночна-Заходнім краі, рашуча асуджаў народнае паўстанне 1863–1864 гг. у Польшчы, на Беларусі і ў Літве.
Негледзячы на рэакцыйныя погляды Ксенафонта Гаворскага, ён у свой час даволі шмат зрабіў для беларускай археалогіі і гісторыі. У пачатку 1850-х гг. К. А. Гаворскі пачаў раскопкі курганоў каля Полацка. Ён упершыню ахарактарызаваў іх структуру, вызначыў час узнікнення. Даследаваў курганы і ў Лепельскім павеце. Аб выніках гэтай працы станоўча адгукаўся яго сучаснік – краязнавец А.М. Семянтоўскі.
К. А. Гаворскі апісаў старажытную, так званую Альгердаву, дарогу з Полацка на Вільню і помнікі, якія трапляліся паабапал яе. Раскопваючы курганы, даследчык заўважыў незвычайную форму асобных гаршкоў, якія адрозніваліся ад тых, што былі знойдзены ля Полацка. Адно з гарадзішчаў уздоўж Альгердавай дарогі археолаг выявіў у Начы-Шпакоўшчыне, на беразе Начы. З дапамогай мясцовага аматара старажытнасцей А. Абрампальскага ён раскапаў некалькі кругападобных курганоў. У адным з іх быў знойдзены шкілет чалавека і прасліца. Падыход К. Гаворскага да вывучэння курганных пахаванняў у Полацкай зямлі быў высока ацэнены іншымі даследчыкамі-археолагамі.
Ксенафонт Антонавіч апублікаваў важныя для гісторыі Беларусі дакументы, арыгіналы якіх потым загінулі. У адной з публікацый К. Гаворскі паведаміў пра разваліны полацкага Бельчыцкага манастыра, дзе аўтарам быў выкарыстаны манастырскі архіў, які не захаваўся.
Заслугоўваюць увагі паведамленні Ксенафонта Антонавіча пра выяўленыя руіны замка каля Дзісенскай дарогі, які быў абведзены земляным валам няправільнай формы, расцягнутым на вялікую адлегласць, пры гэтым было выкарыстана прыроднае ўзвышша, якое прымыкае да Рудзенскай гары.
Гаворскі пісаў пра гісторыю праваслаўных храмаў і лёс кальвінізму на Беларусі, закранаў пытанні гісторыі права.
Асабліва даследчыка цікавіла Полацкая зямля і ўсё, што з ёю звязана – ад найбольш старажытных рэштак гарадзішчаў да пытанняў увядзення хрысціянства ў Полацкім княстве. Інфармацыю аб Полацкай зямлі К. А. Гаворскі збіраў таксама ў прыватных калекцыях. Вядома, што матэрыялы былога Полацкага ваяводства ён вывучаў у маёнтку Антовіль Лепельскага павета ў Людвіка Корсака.
Памёр Ксенафонт Антонавіч Гаворскі 29 чэрвеня 1871 г. у Вільні ад цяжкай душэўнай хваробы.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.