Дата рождения:
03.12.1791 Бялавічы, в., Івацэвіцкі раён, Брэсцкая вобласць
Дата смерти:
02.02.1861
Краткая справка:
урач-фізіёлаг, гісторык, член Віленскай археалагічнай камісіі, літаратар, педагог
Имена на других языках:
Homolicki Michal (не определен); Гомолицкий Михаил Леонтьевич (русский);
2910 символов
Справка
Міхаіл Лявонавіч Гамаліцкі нарадзіўся ў 1791 г. у в. Бялавічы Слонімскага павета Гродзенскай губерні (цяпер Івацэвіцкі раён Брэсцкай вобласці) у сям’і ўніяцкага святара. Першапачатковую адукацыю атрымаў у Жыровіцкай базыльянскай павятовай школе, дзе асабліва зацікавіўся класічнай літаратурай, творамі Вяргілія, Цыцэрона і інш. Пасля заканчэння вучобы бацькі патрабавалі, каб ён працягваў адукацыю ў Жыровіцкай духоўнай семінарыі. Аднак юнак марыў стаць медыкам і ў 1809 г. паступіў на медыцынскі факультэт Віленскага ўніверсітэта. Пасля атрымання дыплома застаўся працаваць ва ўніверсітэце, дзе выкладаў тэарэтычную хірургію і фізіялогію. Як педагог М. Л. Гамаліцкі праводзіў заняткі на высокім прафесійным узроўні, вылучаўся грунтоўнымі ведамі і стараннай распрацоўкай лекцыйнага курса. Малады вучоны даследаваў эксперыментальныя пытанні фізіялогіі чалавека, займаўся праблемай пералівання крыві, праводзіў эксперыменты на жывёлах. У 1815 г. ён абараніў дысертацыю на ступень доктара медыцыны на тэму “De vasorum sanguiferorum vi in morbis nervosis producendis”. У гэтым жа годзе стаў членам Віленскага медыцынскага таварыства, праз год сакратаром медыцынскага факультэта ўніверсітэта, а з 1819 г. узначаліў кафедру фізіялогіі. У 1827 г. па стане здароўя выйшаў на пенсію. Некаторы час займаўся ўрачэбнай практыкай, друкаваў артыкулы на медыцынскія тэмы ў перыядычных выданнях.
З 1830-х гг. М. Л. Гамаліцкі зацікавіўся мінулым свайго краю. Ён вывучаў матэрыялы архіваў, даследаваў гісторыю Вільні і заходніх зямель Беларусі, жыццё і дзейнасць святога Казіміра. Вучоны авалодаў ведамі па археалогіі і палеаграфіі, збіраў старадаўнія рукапісы і кнігі, займаўся беларускай філалогіяй, літаратурнай дзейнасцю. Ён перадаў шмат рэдкіх дакументаў у Віленскі музей старажытнасцей, падрыхтаваў да друку артыкулы “Katedra wilenska, ozdobienie i wyporzadzenie kosciola katedralnego wilenskiego, oraz kilka slow o pozytkach z ozdoby i dostojnosci obrzedow koscielnych” (1838), “Katedra wilenska, odnowa kaplicy swietego Kazimierza, z historycznemi o dawnym jej stanie wiadomosciami” (1840), “Historia Wilna” (1840), “O planach Wilna jakiem bylo w XVI wieku” (1843) і інш. Сабраныя падчас даследаванняў матэрыялы сталі асновай для напісання працы пра жыццё і дзейнасць вялікага князя літоўскага Вітаўта “Fragmenta Witoldowe”, якая засталася неапублікаванай. М. Л. Гамаліцкі апякаваў будучага вядомага этнографа і краязнаўца А. Кіркора, дапамагаў яму ў арганізацыі археалагічных экспедыцый і сам у іх удзельнічаў. У 1857 г. вучоны быў абраны членам Віленскай археаграфічнай камісіі.
Памёр М. Л. Гамаліцкі 21 студзеня 1861 г., пахаваны ў Вільні. Пасля смерці яго багатая бібліятэка паступіла ў Віленскі музей старажытнасцей. У гонар двухсотгоддзя з дня нараджэння М. Л. Гамаліцкага на радзіме даследчыка ў в. Бялавічы быў устаноўлены памятны камень-валун.