Дата рождения: 11.06.1936
Краткая справка: расійскі і беларускі мастак тэатра, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1990), Расійскай Нацыянальнай тэатральнай прэміі "Залатая маска" (2009)
Имена на других языках: Гейдебрехт Эрнст Давидович (русский);
Эрнст Давыдавіч Гейдэбрэхт нарадзіўся ў с. Прыкумск Мінералаводскага раёна Стаўрапольскага краю (Расія). У 1966 г. скончыў Алма-Ацінскае мастацкае вучылішча. Працаваў галоўным мастаком Алма-Ацінскага тэатра юнага гледача, Казахскага тэатра оперы і балета імя Абая, Свярдлоўскага тэатра оперы і балета. Быў запрошаны ў Дзяржаўны тэатр оперы і балета Беларусі і з’яўляўся яго галоўным мастаком з 1984 па 1990 г.
Для Э. Гейдэбрэхта музыка і яе жывапіснае гучанне заўсёды першаступенныя пры стварэнні сцэнаграфічных праектаў. Мысленне гэтага творцы ў кожным спектаклі жывапісна-музычнае, дакладна распрацаванае па колеравай гаме і знітаванае са светавой партытурай. Задума мастака заўсёды філасофская па гучанні, пераплеценая з невядомай фантастыкай, што выклікае захапленне і шэраг асацыяцый у гледача. У сваіх работах мастак часта выкарыстоўвае стылізацыю, метафары, прадметы-сімвалы, вядомыя з гісторыі Беларусі, незвычайныя тэатральныя маскі, сугучныя з музычнай партытурай.
Музычны спектакль разгортваецца Э. Гейдэбрэхтам як чароўнае фантастычнае палатно, якое хочацца неадрыўна разглядаць і вывучаць, якое магічна прыцягвае, змяняецца і іграе рознымі фарбамі і адценнямі, як крыштальны шар, зроблены і падараваны таленавітым майстрам. Яго працам уласцівы візуальная прыгажосць, магія тэатральнасці. Фантастычны свет рэалізуецца як цудоўны сон, што адбываецца на вачах у гледача.
Работы Э. Гейдэбрэхта не падобны адна на адну, але ў кожнай з іх – яго почырк і тонкая манера. Гэта датычыць дэкарацый да опер “Вайна і мір” С. Пракоф’ева (1985), “Кавалер руж” Р. Штрауса (1987), “Дзікае паляванне караля Стаха” У. Солтана (1989, Дзяржаўная прэмія Беларусі, 1990), “Іаланта” П. Чайкоўскага (1993), вакальна-харэаграфічнага прадстаўлення “Карміна Бурана” на музыку К. Орфа (1984), да балетаў “Балеро” на музыку М. Равеля (1984), “Лебядзінае возера” П. Чайкоўскага (1986), “Жызэль” А. Адана (1987) і шэрагу іншых.
На эскізе дэкарацый да спектакля “Рамэа і Джульета” С. Пракоф’ева (1988) Э. Гейдэбрэхт малюе фантастычны горад з каменнымі высокімі дамамі, што належаць розным планетам і істотам, якія іх насяляюць. Пабудовы аб'ядноўвае адзінае і бясконцае, таксама фантастычнае бела-блакітнае неба з невялікімі чырвона-чорнымі разводамі. Удалечыні, высока ў нябёсах, выплываюць абрысы яшчэ аднаго таямнічага горада. Белы і чысты, ён патанае ў блакітна-белых аблоках. Блікі святла, гульня чырвона-чорна-белых ценяў, зменлівасць, экспрэсіўнасць фігурак дзіўных танцоўшчыкаў у яркіх касцюмах і, магчыма, проста прахожых у доўгіх шэрых плашчах, якія развявае вецер, велічнасць арак і вежаў горада падкрэсліваюць дынамізм і эмацыянальнасць музыкі С. Пракоф’ева. Эрнст Гейдэбрэхт ператварае вядомую гісторыю кахання юнака і дзяўчыны ў прыцягальны твор аб каханні і нянавісці, аб свеце дабрыні і злосці, якія іграюць на малюнку рознымі светавымі паўтонамі і яркімі насычанымі колерамі. Супярэчлівыя чалавечыя пачуцці ператвараюцца ва ўяўленні мастака ў розныя варожыя планеты, для якіх усё ж знаходзіцца месца ў адзінай таямнічай прасторы спектакля і без якіх нельга ўявіць зямное існаванне. Каханне галоўных герояў не ілюструецца прыгажосцю пейзажа, графічнасцю балетных поз, а прачытваецца, струменіць святлом у варожым і халодным сусвеце, вырываецца ўвышыню, да чыстых нябёсаў праз арачны ўрачысты праход.
Сцэнаграфія Э. Гейдэбрэхта балета “Рамэа і Джульета” строгая і стыльная. Яна нібы свядома не перашкаджае відовішчнай харэаграфіі В. Елізар’ева. Афармленне сцэны падпарадкоўваецца музыцы, вымалёўвае тую ж строгую карціну, што і партытура, і тым самым стварае сапраўднае відовішча для гледача.
Непаўторнасцю і вытанчанасцю вызначаецца і сцэнаграфія балета “Лебядзінае возера” П. Чайкоўскага. Жывапісная прастора сцэны аформлена мастаком у пяшчотных пастэльных тонах, усё на ёй дыхае свежасцю і да краёў напоўнена ранішняй чысцінёй. Але калі прыгледзецца да тонкіх наслаенняў фарбаў, то нельга не заўважыць, што перад намі не звычайнае возера, а зафіксаваны мастаком на палатне фантастычны сон, які немагчыма забыць, таму што ён прыносіць толькі радасныя ўспаміны. Гэты сон так і застаецца неразгаданым і выклікае пытанне, быў ён на самай справе сном ці цудоўнай явай. Абрысы фантастычных дрэў зліваюцца і з люстраной гладдзю, і з нябёсамі, і з нейкімі іншаземнымі істотамі, якія нібы прытаіліся ля берага і таемна зліліся з прыродай. У кожным спляценні пейзажа мастаком нібы зафіксавана спакойная і пяшчотная музыка П. Чайкоўскага, якая павінна загучаць у спектаклі, паплыць па паверхні возера і выклікаць з'яўленне заваражальнага танца.
У многіх сваіх спектаклях Э. Гейдэбрэхт “цытаваў” карціны сусветна вядомых мастакоў-жывапісцаў. Так, напрыклад, дэкарацыі да балета “Балеро” ўзнаўлялі “Герніку” П. Пікасо. Музыка М. Равеля імкнецца ў спектаклі да святла праз трывожныя моцныя акорды. Яна падобна на крык болі чалавечай душы. Таму не дзіўна, што прастора сцэны ўяўляла сабой зламаныя, хаатычныя рухі – карціна кашмару і пакутлівага існавання і адначасова барацьбы за святло, да якога з усіх сіл цягнуцца параненыя стомленыя рукі. Дэкарацыя свядома была пабудавана на кантрасце з прыгожым зладжаным танцам кардэбалета. Сцэнаграфія спрачалася, ажывала побач з дынамічнымі рухамі. Але і палатно “Гернікі”, і пластычная пабудова балета былі адначасова рэальнымі і фантастычнымі, таму імгненна маглі знікнуць, нечакана прыпыніцца, патануць у цемры сцэны. Такім жа крохкім і невядома на якой ноце знікаючым уяўляецца і чалавечае жыццё, такое загадкавае і бясцэннае. Тым самым мастак і харэограф працавалі на адну і тую ж ідэю спектакля.
У пастаноўцы балета “Жызэль” А. Адана Э. Гейдэбрэхт “цытаваў” твор мастака, выкарыстоўваючы матывы карціны П. Брэйгеля “Касьба”. Менавіта на прыродзе, у прыгожых жывапісных мясцінах жыла галоўная гераіня спектакля. На фоне вядомай карціны быў пабудаваны стройны і захапляльны відовішчны рад. Пастэльныя, мяккія фарбы ўдала спалучаліся са светлым аддзеннем танцоўшчыкаў. Музыка А. Адана ўяўляецца сцэнографу такой жа светлай, сонечнай і бязмежнай, як і жывапіс П. Брэйгеля.
Дэкарацыя спектакля “Вясна свяшчэнная” І. Стравінскага таксама была прадстаўлена шэрагам жывапісных палотнаў, якія ілюстравалі кожную карціну і іскрыліся цеплынёй і святлом. У аснове вобразнай сістэмы мастацкага афармлення былі задзейнічаны чатыры язычніцкія стыхіі – Зямля, Вада, Паветра і Агонь. Гэтыя вобразы змяняліся, перакрыжоўваліся, дапамагалі дзеянню і адначасова былі яго сімваламі. Сцэнаграфія балета ў дадзеным выпадку вельмі цесна ўзаемадзейнічала з асвятляльнай устаноўкай. Мастак у шэрагу зменлівых карцін ілюстраваў спрадвечную прыгажосць сусвету, варажбу кахання і абуджэння прыроды, росквіт усяго зямнога, новае нараджэнне і цыклічнасць жыцця.
Да гуманістычнай ідэі “Вясны свяшчэннай” вельмі блізкі спектакль “Карміна Бурана” К. Орфа. Тэма кахання і росквіту прыроды, нараджэння вясны і трапяткага зямнога жыцця таксама з'яўляецца галоўнай лініяй балета, як у музыцы, харэаграфіі, так і ў мастацкім афармленні Э. Гейдэбрэхта. Жывапісны рад пераклікаецца з гравюрамі Хольбейна, карцінамі Брэйгеля і Босха, хаця ў дадзеным выпадку мастак не звяртаецца да прамога цытавання вядомых работ. Сцэнаграфія Э. Гейдэбрэхта актыўна выкарыстоўвае так званы светлапіс, дзякуючы якому зялёныя фарбы пануючай вясны становяцца пяшчотнымі, паступова пераходзячы ў серабрыста-белыя колеры чысціні, якія суправаджаюць і акрэсліваюць павольны танец галоўных герояў.
Дамінантай сцэнаграфіі ў спектаклі “Карміна Бурана” Э. Гейдэбрэхт абраў настойлівае сцвярджэнне прыгажосці, акцэнтуючы то адкрыты рэалізм квітнеючых дрэў, то імпрэсіянісцкі, вытанчаны каларыт заставак. Ён дапамагаў В. Елізар’еву стварыць агульны настрой усяго спектакля.
Пастаноўка оперы “Вайна і мір” С. Пракоф’ева адзначалася адзінствам кампанентаў, мастацкай цэласнасцю. Сцэнаграфія Э. Гейдэбрэхта была надзвычай маляўнічай, эфектнай і маштабнай. Мастак тонка адчуў стыль эпохі, вобразны і эмацыянальны характар кожнай карціны, якая дзякуючы яму атрымала індывідуальнае мастацкае афармленне.
Сцэнаграфія Э. Гейдэбрэхта поўнасцю адпавядала агульнаму драматычнаму каларыту музыкі і арыгінальнаму рэжысёрскаму вырашэнню выдатнага нацыянальнага опернага спектакля “Дзікае паляванне караля Стаха” У. Солтана, які стаў з’явай музычна-тэатральнага мастацтва Беларусі. У сцэнічным афармленні выкарыстаны сродкі, неабходныя для стварэння рамантычнай оперы, у тым ліку і геральдыка, галіна нацыянальнай спадчыны, якая ўдала абыгрывае матыў даўніны і дапамагае ўзнавіць вобраз старадаўняга замка.
Прапанаванае Э. Гейдэбрэхтам маляўнічае архітэктурнае вырашэнне сцэнічнай прасторы, выразныя і вобразныя асобныя дэталі афармлення, уражальнае адлюстраванне беларускай прыроды – усё гэта садзейнічала раскрыццю ідэі спектакля і несла ў сабе вобразна-эмацыянальны зарад, неабходны для рамантычнай оперы.
Мастак працаваў таксама ў драматычных тэатрах. Ён афармляў пастаноўкі ў тэатрах Партугаліі, Германіі, Швейцарыі. У 2009 г. Э. Гейдэбрэхт стаў лаўрэатам Расійскай Нацыянальнай тэатральнай прэміі “Золотая Маска” за сцэнаграфічнае афармленне оперы “Арфей” К. Мантэвердзі ў Пермскім тэатры оперы і балета імя П. Чайкоўскага.
У 1989 і 1990 г. у Мінску адбыліся персанальныя выстаўкі тэатральных твораў Э. Гейдэбрэхта. Крытыка адзначала, што створаныя ім дэкарацыі заўсёды пераўтвараюць прастору сцэны ў асяроддзе, вельмі зразумелае гледачу, але разам з тым крыху таямнічае. Паказваліся эскізы дэкарацый да пастановак Дзяржаўнага тэатра оперы і балета Беларусі, а таксама іншых тэатраў (“Антыгона” В. Лобана, Свярдлоўскі акадэмічны тэатр оперы і балета імя А. Луначарскага, 1980 г. і інш.).
Кампазіцыя, рытм, вобразы персанажаў у сцэнаграфічных вырашэннях Э. Гейдэбрэхта – напружаныя і складаныя. У іх ажывае пластыка, інтанацыйны лад, дынаміка спектакля. Творы мастака патрабуюць уважлівага ўспрымання, у іх прываблівае кожная дэталь, адточаная мастацкая форма, дакладны адбор выяўленчых сродкаў. Увогуле творы Э. Гейдэбрэхта нясуць на сабе адбітак актыўнага колеравага бачання, вызначаюцца своеасаблівай музыкальнасцю, адзначаны сталасцю індывідуальнага стылю.
Мастак быў удзельнікам Міжнароднай канферэнцыі сцэнографаў у Сіднеі (Аўстралія, 1989), дзе выступіў з дакладам аб прасторавым вырашэнні спектакля.
З іменем Э. Гейдэбрэхта звязана адна з непаўторных старонак гісторыі Дзяржаўнага тэатра оперы і балета Беларусі. Яго класічныя пастаноўкі адрозніваліся ад традыцыйных, непадобныя на створаныя іншымі майстрамі. У мастака свой погляд на музычны тэатр і афармленне сцэнічнай прасторы, свая сістэма каштоўнасцей і вобразаў, якія сталі цікавыя і блізкія гледачу.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.